Біясфэра

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Глябальная біясфэра

Біясфэра (ад па-старажытнагрэцку: βιος — жыцьцё й σφαῖρα — сфэра, шар) — абалонка Зямлі, заселеная жывымі арганізмамі, якая знаходзіцца пад іхных узьдзеяньнем і занятая прадуктамі іхнай жыцьцядзейнасьці; «плёнка жыцьця»; глябальная экасыстэма Зямлі. Першыя ўяўленьні пра біясфэру сфармуляваў францускі навуковец Жан-Батыст Лямарк (1802). Тэрмін «біясфэра» ўвёў аўстрыйскі геоляг Эдуард Зюс у 1875 годзе. Стварэньне цэласнага вучэньня пра біясфэру належыць расейскаму навукоўцу Уладзімеру Вярнадскаму (1926).

Біясфэра ўключае арганізмы, іхныя рэшткі, прыземную частку атмасфэры да вышыні азонавага экрану (20—30 км), усю гідрасфэру і верхнюю частку літасфэры; усе яны ўзаемазвязаны працэсамі міграцыі рэчыва й энэргіі. Ніжняя мяжа біясфэры складае на сушы на глыбіні да 3—4 км ад паверхні зямной кары, у сусьветным акіяне на 1—2 км ніжэй за дно.

У біясфэры, паводле Вярнадзкага, адрозьніваюць 7 розных, але ўзаемазвязаных тыпаў рэчываў: жывое рэчыва (расьліннае, жывёльнае й мікраарганізмы), біягеннае рэчыва (прадукты жыцьцядзейнасьці жывых арганізмаў — гаручыя выкапнёвыя, вапнякі і іншыя рэчывы), косныя рэчывы (горныя пароды магматычнага, неарганічнага паходжаньня, вада і іншае), біякосныя рэчывы (прадукты распаду й перапрацоўкі горных і асадкавых пародаў жывымі арганізмамі), радыёактыўнае рэчыва, расьсеяныя атамы й рэчыва касьмічнага паходжаньня (мэтэарыты, касьмічны пыл). Асноўнай функцыяй біясфэры зьяўляецца выкарыстаньне сонечнай энэргіі (фотасынтэз) і біялягічны кругаварот рэчываў і энэргіі, які забясьпечвае разьвіцьцё ўсіх жыцьцёвых працэсаў.

Жывыя арганізмы (жывое рэчыва) і іхнае жыцьцёвае асяродзьдзе арганічна зьвязаны паміж сабой і ўтвараюць сыстэмы глябальнага, рэгіянальнага й лякальнага ўзроўняў. У рэгіянальных і лякальных сыстэмах вылучаюць структурныя адзінкі біясфэры: біёмы, біягеацэнозы (экасыстэмы), прыродныя зоны на раўнінах і вышынныя (вэртыкальныя) прыродныя паясы ў гарах.

Біясфэра мазаічная паводле структуры й саставу адлюстроўвае геахімічную й геафізычную неаднароднасьць аблічча Зямлі (мацярыкі й акіяны, прыродныя зоны й паясы, раўніны й горы і іншыя) і нераўнамернасьць у разьмеркаваньні жывога рэчыва. Больш за 90% усяго жывога рэчыва біясфэры прыпадае на наземную расьліннасьць. Агульная маса жывога рэчыва ў біясфэры ацэньваецца ў 1,8—2,5×1012 т (у пераліку на сухое рэчыва) і складае нязначную частку масы біясфэры (3×1018 т).

На стан біясфэры моцна ўплывае гаспадарчая дзейнасьць чалавека. Антрапагеннае ўзьдзеяньне стымулюе пераход біясфэры ў якасна новы стан — наасфэру. Ахова біясфэры прадугледжвае сыстэму мерапрыемстваў, як то вядзеньне біясфэрнага маніторынгу, арганізацыю біясфэрных запаведнікаў і іншыя дзеяньні, накіраваныя на захаваньне арганізмаў і біягеацэнозаў. Праводзіцца комплексная міжнародная праграма «Чалавек і біясфэра»

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Семянюк Г. Біясфера // БЭ ў 18 т. Т. 3. Мн., 1996.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]