Міжнародны нумар банкаўскага рахунку

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Міжнародны нумар банкаўскага рахунку (па-ангельску: International Bank Account Number (IBAN)) — міжнародны стандарт ідэнтыфікацыі банкаўскіх рахункаў па-за нацыянальнымі межамі. Спачатку быў прыняты Эўрапейскім камітэтам па банкаўскім стандартам, а пасьля і як міжнародны стандарт ISO 13616:1997, пазьней як ISO 13616:2007. Афіцыйна рэгістрацыяй нумароў IBAN у адпаведнасьці са стандартам, пачынаючы з ISO 13616:2003, займаецца асацыяцыя SWIFT.

Першапачаткова IBAN быў распрацаваны для правядзеньня плацяжоў у межах Эўрапейскага зьвязу, але яго гібкі фармат здаўся прыдатным і для сусьветных мэтаў. Кліентаў, асабліва фізычныя асобы й дробныя прадпрыемствы, бянтэжыць разнастайнасьць розных нацыянальных стандартаў па банкаўскіх рахунках. IBAN выкарыстоўвае гібкі і пры гэтым сыстэматычны фармат ідэнтыфікацыі рахунку і разам з тым утрымлівае праверачную інфармацыю для пазьбяганьня памылковай транскрыпцыі.

IBAN складаецца з alpha-2 кода краіны па ISO 3166-1, за якімі ідуць 2 праверачныя лічбы, а за імі — да 30 літара-лічбавых сымбаляў нумару банкаўскага рахунку ў нацыянальных межах, гэтак называемы Базавы нумар банкаўскага рахунку (па-ангельску: Basic Bank Account Number (BBAN)). Нацыянальныя банкаўскія асацыяцыі самі вызначаюць даўжыню апошняга, але гэта даўжыня павінна быць аднолькавай для ўсіх банкаў пэўнай краіны.

Нягледзячы на тое, што пры пазначэньні IBAN у электронных ці папяровых крыніцах паміж кожнымі 4 сымбалямі нумару ўстаўляецца прагал для яго лепшага візуальнага чытаньня, непасрэдна пры пераводзе грошай нумар не павінен утрымліваць прагалы.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]