Настасься Слуцкая

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Настасься Слуцкая
Дата нараджэньня XV стагодзьдзе або 1471
Месца нараджэньня
Дата сьмерці каля 1526
Месца сьмерці
Занятак рэгент, князь, ваенны камандзір
Бацька Іван Мсьціслаўскі[d]
Дзеці Юры Сямёнавіч Алелькавіч[d] і Аляксандра Астроская

Наста́сься Слу́цкая (канец XV ст. — к. 1526) — літоўская княгіня з роду Мсьціслаўскіх, дачка Івана Юр’евіча Мсьціслаўскага і княгіны Юліяны, жонка князя слуцкага Сямёна Міхайлавіча.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1496 року выйшла замуж за князя Сямёна Міхайлавіча з роду Алелькавічаў. Аднак у 1503 муж памер, княгіня засталася з малым сынам Юрыем і была вымушаная ўзяць кіраваньне княствам у свае рукі. Анастасія ўвяла для насельніцтва падатковыя льготы, умацавала верхні і ніжні замкі Слуцка.

У сярэдзіне жніўня 1505 року некалькі дзясяткаў тысячаў крымскіх татараў на чале з ханам Баты-Гірэем узялі Слуцак у аблогу. Княгіня Настасься загадзя атрымала паведамленьні пра набліжэньне ворага і здолела падрыхтаваць места да абароны, якую ачоліла асабіста. Абаронцы адбілі некалькі татарскіх штурмаў. Татары рабілі падкопы, намагаліся падпаліць места, але месьцічы мужна абараняліся. У рэшце рэшта татары зь вялікімі стратамі былі вымушаныя адступіць.

У 1506 року татары зноўку наехалі на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага і спустошылі ваколіцы Слуцку, аднак 6 жніўня былі разьбітыя пад Клецкам вялікалітоўскім войскам Міхала Глінскага.

Тым часам маладая ўдава стала зайздроснаю нявесткай і неаднарозава прыцягвала ўвагу жаніхоў. Найбольш вядомым зь ейных шанавальнікаў быў князь Міхал Львовіч Глінскі, аднак калі ў 1508 року той пасватаўся да княгіні, Настасься адмовіла яму. Паводле Мацея Стрыйкоўскага, каб заваяваць руку княгіні, Міхаіл двойчы намагаўся ўзяць Слуцак, аднак зазнаў няўдачы. Неўзабаве Міхаіл Глінскі з братамі перайшоў на службу да вялікага князя маскоўскага Васіля III. Аднак з пасланьня Міхаіла Глінскага Васілю III вядома, што Слуцак пад час закалоту аблягаў ня сам Міхаіл, а ягоны сваяк Андрэй Дрождж, так што зьвесткі Стрыйкоўскага пра аблогу Слуцка і раман з княгіняй, імаверна, носяць легендарны характар.

Пасьля таго, як сын Юры падрос і прыняў на сябе кіраўніцтва княствам, ягоная маці адышла ад кіраваньня. У 1523 року выдала дачку Аляксандру за ўжо немаладога князя-ўдаўца Канстанціна Астроскага, які займаў уплывовую пасаду гетмана вялікага літоўскага. Пра апошнія гады жыцьця Настасьсі нічога невядома. Памерла княгіня ў 55-гадовым веку каля 1526 року.

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Муж: Сямён Міхайлавіч Слуцкі (? — 14 лістапада 1503) — князь слуцкі і капыльскі (1481—1503).

Дзеці:

У культуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2003 року на студыі «Беларусьфільм» быў зьняты фільм «Настасься Слуцкая», прысьвячены княгіні. Галоўную ролю выканала Настасься Зелянкоўская.

У верасьні 2016 року ў Слуцку ўсталяваны помнік княгіні Настасьсі.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Стрийковський Мацей. Літопис польський, литовський, жмудський і всієї Руси / Відп. ред. О. Купчинський. Наукове товариство ім. Шевченка. — Львів, 2011. — 1075 с — (Історичні джерела. Т. 10) — ISBN 966-8868-26-9

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]