Ужгарадзкая унія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

У́жгарадзкая у́нія — царкоўная унія, прынятая 24 красавіка 1646 року ў Ужгарадзе. Сутнасьцю уніі было далучэньне 63 русінскіх праваслаўных сьвятароў Мукачаўскай япархіі да Рымска-каталіцкай царквы на ўмовах Берасьцейскай уніі 1596 року.

Перадгісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая спроба заключыць унію ў Вугорскім каралеўстве адбылася ў 1614 року ў манастыры Чырвоны Брод(sk) непадалёк ад Медзілаборцаў у Славаччыне[1].

Галоўным ініцыятарам Ужгарадзкай уніі быў ераманах Пётар Парфені. Магчыма, ён дзейнічаў зь ведама Мукачаўскага япіскапа, галічаніна Васіля Тарасовіча, які даволі адкрыта сымпатызаваў ідэі уніі і вёў перамовы пра яе з эгерскім япіскапам[2]. Спроба заключыць унію была прадпрынятая яшчэ ў 1640, аднак і яна скончылася беспасьпяхова[2].

Неўзабаве япіскап Тарасовіч быў арыштаваны князем Ракаці. Гэтаксама, як і ўплывовае сямейства каталікоў Батараў, княскі род пратэстантаў Ракаці быў найбольш уплывовым у краі. Амаль усё XVII стагодзьдзе Ракаці праяўлялі схільнасьць да абароны праваслаўных ад каталіцкага ціску. Аднак пазьней, прыслухаўшыся да просьбы з Рыму, Ракаці адпусьціў япіскапа Тарасовіча, які ў 1642 року прыняў у Рыме каталіцтва[2].

Заключэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цэнтрам каталіцкай экспансіі, актыўна накіроўванай і падтрымліванай магнатамі Другетамі, паступова рабіўся Ужгарад, у якім Ракаці ня мелі ўплыву. Яшчэ ў 1640 тут абаснаваліся езуіты. Але зацьвярджэньне ўніяцтва ішло доўга і складана. У адрозьненьне ад Берасьцейскай уніі, Ужгарадзкая стала справаю рук праваслаўных прыходзкіх сьвятароў. У цэлым іх штурхала на такі крок цяжкае сацыяльнае, матэрыяльнае і прававое становішча праваслаўнага духавенства. Галоўнай іхняй мэтаю пры гэтым было ўраўнаваньне ў правах з каталіцкімі сьвятарамі. Аднак гэта так і не адбылося[2].

Празь некалькі год Тарасовіч вярнуўся ў Закарпацьце, і ягоная пазыцыя аказала значны ўплыў на заключэньне уніі. Ініцыятарамі яе заключэньня былі базыляне пад кіраўніцтвам Пятра Парфенія.

У 1646 63 сьвятары Мукачаўскай япархіі (агулам жа япархія налічвала, паводле розных ацэнак, ад 600 да 800 сьвятароў) у каталіцкай капліцы Ужгарадзкага замку пад кіраўніцтвам эгерскага каталіцкага біскупа Георгія Якушыча прынялі унію з Рымам, названую паводле месца заключэньня Ужгарадзкай[2].

Унія была заключаная на ўмовах захаваньня бізантыйскага абраду набажэнстваў, права выбару ўніятамі япіскапа, і распаўсюджаньня на далучыўшыхся праваслаўных сьвятароў прывілеяў рымска-каталіцкага кліру.

Аднак пры гэтым акт уніі не складаўся. Адсутнічаў (або не захаваўся) таксама пратакол паседжаньня ад 24 красавіка. Умовы уніі былі выкладзеныя пазьней падчас ліставаньня з Рымам. Вострыгамскі архіяпіскап Георгі Ліпай, у непасрэднае падначаленьне якога ўваходзілі цяпер закарпацкія ўніяцкія сьвятары, даваў ім дадатковыя абяцаньні па паляпшэньні прававога статусу сьвятароў, што таксама сьведчыць пра тое, што ўмовы уніі пры яе заключэньні зафіксаваныя не былі[2].

Разьвіцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Відавочна, у 1648 року Тарасовіч вярнуўся ў Мукачава, дзе й сканаў празь некалькі месяцаў. Паміраючы, япіскап Васіль прызначыў сваім пераемнікам акурат Пятра Парфенія. Аднак зацьвярджэньне новага, цяпер ужо ўніяцкага япіскапа зацягнулася надоўга. Нягледзячы на тое, што унія была зацьверджаная сынодам у Тырнаве ў 1648 року, Сьвяты Сталец ня стаў зацьвярджаць умовы, бо ў той час Парфені быў праваслаўным япіскапам. У 1651 быў абраны новы праваслаўны япіскап Янікі Зейкан. Толькі напрыканцы 1653 Пётар Парфені здолеў заняць уніяцкую япіскапскую катэдру ў Мукачаве, а аўдавелая да таго часу Соф’я Батары, якая вярнулася ў каталіцтва, выгнала праваслаўнага яп. Янікія з Мукачава. Толькі ў 1655 року Парфені быў прызначаны Рымом грэко-каталіцкім япіскапам мукачаўскім[2].

У 1664 року была заключаная унія ў Мукачаве(pl), якая далучыла да грэка-каталіцкай царквы праваслаўнае насельніцтва Закарпацьця і вугорскай япархіі Хайдудараг.

Праваслаўны япіскап Янікі (пам. каля 1686) зьехаў у вёску Імстычаў, дзе здолеў пабудаваць манастыр. Паступова цэнтрам праваслаўнага жыцьця Закарпацьця стаў рэгіён Марамораш (Марамураш) на паўднёвым усходзе Закарпацьця. Унія там была заключаная толькі ў 1721 року. Аднак і пасьля гэтага праваслаўе яшчэ доўга захоўвалася ў мясцовых манастырох. Малдаўскія і сэрбскія япіскапы аказвалі значную падтрымку праваслаўю, аднак супрацьстаяць ціску сьвецкіх і каталіцкіх уладаў было надта складана. Асабліва актыўна стала распаўсюджвацца унія за грэка-каталіцкім біскупе Язэпе дэ Камэлісе (1690—1706).

Сур’ёзным ударам для праваслаўя стала параза паўстаньня на чале з князем Фэрэнцам II Ракаці (1703—1711). У выніку ў 1713 року была заключаная унія ў Марамурашы (цяпер у Румыніі). Да 1721 унію прызналі амаль усе праваслаўныя сьвятары Закарпацьця. Аднак з праваслаўнай герархіяй у краі было скончана толькі пасьля таго, як у 1735 у Хусцкім замку был замардаваны апошні праваслаўны япіскап Дасіфей Феадаровіч.

Узнаўленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1949 року пад ціскам савецкай улады унія была скасаваная і захоўвалася толькі ў падпольлі. Была ўтвораная праваслаўная Мукачаўская і Ужгарадзкая япархія Маскоўскага патрыярхату. Напрыканцы 1980-х унія ў Закарпацьці была адноўленая.

Мукачаўская грэка-каталіцкая япархія як аўтаномная існуе да гэтага часу. Значная колькасьць украінскіх грэка-каталікоў эмігравала ў ЗША, дзе цяпер дзейнічае Русінская грэка-каталіцкая царква.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Magocsi Paul R., Pop Ivan. Encyclopedia of Rusyn History and Culture. — Toronto: University of Toronto Press, 2005.
  • Warzeski Walter C. Byzantine Rite Rusins in Carpatho-Ruthenia and America. — Pittsburgh: Byzantine Seminary Press, 1971.
  • Nemec Ludvik. The Ruthenian Uniate Church in Its Historical Perspective // Church History. — Dec., 1968. — Т. 37. — № 4. — С. 365—388.
  • Пекар А. Василіяни — носії унійних ідей на Закарпатті // Записки ЧСВВ, VII. — Рим, 1971