Інфарматыка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Інфарма́тыка (параўн. па-нямецку: Informatik, па-француску: Informatique, па-ангельску: computer science - кампутарныя навукі — у ЗША, па-ангельску: computing science - вылічальная навука — у Вялікабрытаніі) — гэта навука пра мэтады атрыманьня, назапашваньня, захоўваньня, пераўтварэньня, перадачы і выкарыстаньня інфармацыі. Яна ўлучае дысцыпліны, якія нейкім чынам датычаць апрацоўкі інфармацыі ў вылічальных машынах і вылічальных сетках: як абстрактныя, накшталт аналізу альгарытмаў, гэтак і даволі пэўныя, напрыклад, распрацоўка моваў праграмаваньня.

Паводле тэзы Чэрча-Т’юрынга, усе вядомыя тыпы вылічальных машынаў якасна эквівалентныя ў сваіх магчымасьцях: любое дзеяньне, выканальнае на адной вылічальнай машыне, таксама выканальна і на іншай. Тэзу часам падаюць як падмуркавы прынцып інфарматыкі, зьвяртаючы адмысловую ўвагу на машыну Т’юрынга і машыну фон-нэйманаўскай архітэктуры, бо яны маюць відавочнае падабенства з большасьцю сучасных кампутараў. У межах сучаснай інфарматыкі навукоўцы вывучаюць таксама і іншыя тыпы машынаў, ня толькі практычна дзейныя, як то паралельныя і квантавыя кампутары, але і адмыслова абстрактныя матэматычныя мадэлі, да прыкладу, РАМ-машына, якая мае бясконцы лік рэгістараў.

Тэрмін інфарматыка зьявіўся у 1960-х гадох у Францыі як назоў галіны, якая займаецца аўтаматызаванай перапрацоўкай інфармацыі, як зьліцьцё францускіх слоў information і automatique.

Тэмамі дасьледаваньняў у інфарматыцы зьяўляюцца пытаньні: што можна, а што нельга рэалізаваць у праграмах і базах зьвестак (тэорыя вылічальнасьці і штучны інтэлект), якім чынам можна вырашаць спэцыфічныя вылічальныя і інфармацыйныя задачы з максымальнай эфэктыўнасцю (альгарытмы і базы зьвестак), у якім выглядзе варта захоўваць і аднаўляць інфармацыю адмысловага тыпу (структуры і базы зьвестак), як праграмы і людзі павінны ўзаемадзейнічаць адзін з адным (карыстальніцкі інтэрфейс, мовы праграмаваньня і паданьне ведаў).

Гісторыя інфарматыкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрмін інфарматыка быў упершыню ўведзены ў Нямеччыне Карлам Штайбухам у 1957 годзе. У 1962 гэты тэрмін быў уведзены ў францускую мову Філіпам Дрэйфусам, які таксама прапанаваў пераклады на некаторыя іншыя эўрапейскія мовы.

Асобнай навукай інфарматыка была прызнана толькі ў 1970-х гады, а да гэтага яна развівалася ў складзе матэматыкі, электронікі і іншых тэхнічных навук. Некаторыя пачаткі інфарматыкі можна выявіць нават у лінгвістыцы. З моманту свайго прызнаньня асобнай навукай інфарматыка распрацавала ўласныя мэтады і тэрміналёгію.

Першы факультэт інфарматыкі быў заснаваны ў 1962 годзе ва ўнівэрсытэце Пэрд’ю. Сёньня факультэты і катэдры інфарматыкі ёсьць у большасьці унівэрсытэтаў сьвету.

Найвышэйшай узнагародай за заслугі ў галіне інфарматыкі зьяўляецца прэмія Т’юрынга.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфарматыкасховішча мультымэдыйных матэрыялаў