Антон Чэхаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Антон Чэхаў
рас. Антон Павлович Чехов
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Антоша Чехонте, Антоша Ч., Брат моего брата, Рувер, Человек без селезёнки[1].
Нарадзіўся 17 (29) студзеня 1860
Таганрог, Кацярынаслаўская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр 2 (15) ліпеня 1904
Бадэнвайлер, Нямецкая імпэрыя (пахаваны ў Маскве)
Пахаваны
Бацькі Pavel Chekhov[d]
Evgenia Chekhova[d]
Сужэнец Вольга Кніпэр-Чэхава[d][2]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, драматург
Гады творчасьці 1878—1904 гг.
Кірунак проза
Жанр гумарыстычны, лірычны аповед, драма
Мова расейская мова[4]
Дэбют «Безотцовщина»; у друку — «Письмо к учёному соседу» і «Что чаще всего встречается в романах, повестях и т. п.»
Прэміі Пушкінская прэмія Акадэміі навук, 1888 год
Узнагароды
Подпіс
[[::ru:s:Антон Павлович Чехов|Творы]] ў Вікікрыніцах

Анто́н Па́ўлавіч Чэ́хаў (па-расейску: Анто́н Па́влович Че́хов; 17 (29) студзеня 1860, Таганрог, Кацярынаслаўская губэрня, цяпер — Растоўская вобласьць — 2 (15) ліпеня 1904, Бадэнвайлер, Нямеччына) — расейскі пісьменьнік, драматург, лекар. Аўтар апавяданьняў, аповесьцяў і п’есаў, прызнаны аднім з найвялікшых пісьменьнікаў у сусьветнай літаратуры. Чэхаў стварыў чатыры творы, якія сталі клясыкай сусьветнае драматургіі, а яго лепшыя аповеды высока ацэньваюцца пісьменьнікамі й крытыкамі. Амаль усё дарослае жыцьцё Чэхаў быў практыкуючым лекарам. «Мэдыцына — мая законная жонка, а літаратура — любоўніца», — казаў ён.

У Таганроскай гімназіі настаўнікам фізыкі й матэматыкі працаваў Эдмунд-Руфін Дзяржынскі (бацька «жалезнага» Фэлікса), які на адной са школьных прац Антона Чэхава па матэматыцы за 1874—1875 навучальны год пакінуў наступны запіс: «Весь ход совершенно верен, и рассуждение самое правильное… Отлично. Э. Дзержинский»[5]. У 1890 годзе падарожнічаў на Сахалін, у выніку чаго напісаў аповесьць «Востраў Сахалін» (1895)[6]. У 1896 годзе, пасьля правала «Чайкі», Чэхаў, які дагэтуль ужо напісаў колькі п’есаў, адрокся ад тэатра. Аднак, у 1898 годзе, пастанова «Чайкі» Маскоўскага мастацкага тэатру, заснаванага Станіслаўскім й Неміровічам-Данчанкам, мела вялізарны посьпех у публікі й крытыкі, што спрычыніла Антона Чэхава на стварэньне яшчэ трох шэдэўраў — п’есаў «Дзядзька Ваня», «Тры сястры» й «Вішнёвы сад».

Напачатку Чэхаў пісаў аповеды, арыентаваная на заробак грошай, але па меры яго творчых амбіцыяў, ён стварыў новыя хады ў літаратуры, моцна паўплываўшы на разьвіцьцё сучаснага кароткага апавяданьня. Арыгінальнасьць ягонага творчага мэтада абумоўліваецца выкарыстаньнем прыёма пад назвай «плынь сьвядомасьці», які пазьней выкарыстоўваўся Джэймзам Джойсам ды іншымі мадэрністамі й адсутнасьці фінальнае маралі, гэтак неабходнай структуры клясычнага тагачаснага аповеда. Чэхаў не імкнуўся даць адказы чытаючай публіцы, а лічыў, што роля аўтара заключаецца ў тым, каб задаваць пытаньні, а не адказваць на іх.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяцінства й юнацтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месца нараджэньня пісьменьніка

Антон Чэхаў нарадзіўся 29 студзеня 1860 году ў невялікім доміку[7] ў сям’і Паўла Ягоравіча Чэхава на Паліцэйскай вуліцы, якая зараз носіць ягонае імя. Раньняе дзяцінства Антона працякала ў бясконцых царкоўных сьвятах. У будныя дні пасьля школы браты вартавалі краму бацькі, а а 5 раніцы кожны дзень уставалі сьпяваць у царкоўным хоры. Як казаў сам Чэхаў: «У дзяцінстве ў мяне не было дзяцінства».

Спачатку Чэхаў вучыўся ў грэцкай школе ў Таганрозе. Грэк, які трымаў школку, прымушаў зазубрываць урокі, біў вучняў лінейкай, ставіў у кут на калені на буйную соль. У 8 гадоў, пасьля двух гадоў вучобы, Чэхаў паступіў у Таганроскую гімназію, якая зараз ёсьць Гімназія №2 імя А. П. Чэхава. Мужчынская клясычная гімназія была найстарэйшай навучальнай установай на поўдні Расеі, якая была заснавана ў 1806 годзе, і давала самавітую па тых часах адукацыю й выхаваньне. Скончыўшы восем клясаў гімназіі маладыя людзі маглі без экзамэнаў паступіць у любы расейскі ўнівэрсытэт альбо паехаць вучыцца за мяжу. Гімназія сфармавала ў Чэхава агіду да крывадушнасьці й фальшы. Тут фармавалася ягонае бачаньне сьвету, любоў да кніг, ведаў і тэатру. Тут ён атрымаў свой першы літаратурны псэўданім «Чэхантэ», якім яго ўзнагародзіў настаўнік Закона Божага Фёдар Пакроўскі. Тут пачыналіся ягоныя першыя літаратурныя й сцэнічныя вопыты.

Музыка й кнігі абуджалі ў юным Антоне Чэхаве імкненьне да творчасьці. Вялікую ролю ў гэтым згуляў Таганроскі тэатар, заснаваны ў 1827 годзе. Упершыню ў тэатры Антон пабываў у 13 гадоў, паглядзеў апэрэту Жака Афэнбаха «Выдатная Алена» й неўзабаве стаў гарачым прыхільнікам тэатра. Пазьней у адным са сваіх лістоў Чэхаў пісаў: «Тэатар мне даваў калі-то шмат добрага… Перш для мяне не было большай асалоды як сядзець у тэатры…». Не выпадкова героі ягоных першых твораў, як то «Трагік», «Комік», «Бэнэфіс», «Нездарма курыца сьпявала», былі акторамі й акторкамі.

Чэхаў-гімназіст выдаваў гумарыстычныя часопісы, прыдумляў подпісы да малюнкаў, пісаў гумарыстычныя апавяданьні, сцэнкі. Першая драма «Безбацькоўшчына» была напісана 18-гадовым Чэхавым у пэрыяд вучобы ў гімназіі. Гімназічны пэрыяд Чэхава быў важным пэрыядам пасьпяваньня й фармаваньня ягоной асобы, разьвіцьця ягоных духоўных асноваў. Гімназічныя гады далі Чэхаву велізарны матэрыял для пісьменьніцкай працы. Самыя тыповыя й калярытныя постаці зьявіліся пазьней на старонках ягоных твораў. Магчыма, адной з такіх постацяў быў і ягоны настаўнік матэматыкі Эдмунд Дзяржынскі — бацька будучага першага старшыні ВЧК.

У 1879 годзе ён скончыў гімназію ў Таганрозе. У гэтым жа годзе ён пераехаў у Маскву й паступіў на мэдычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэта, дзе вучыўся ў вядомых прафэсараў: Мікалая Скліфасоўскага, Рыгора Захар’іна й іншых. У гэтым жа годзе брат Антона Іван атрымаў месца настаўніка ў падмаскоўным горадзе Васкрасенск. Яму была выдзелена вялікая кватэра, у якой магла б разьмясьціцца цэлая сям’я. Чэхавы, якія жылі ў Маскве цесна, прыязджалі на лета да Івана ў Васкрасенск. Там ў 1881 годзе Антон Чэхаў пазнаёміўся з доктарам Архангельскім, загадчыкам Васкрасенскай лячэбніцы. З 1882 году, зьяўляючыся студэнтам, ён ужо дапамагаў лекарам шпіталя пры прыёме пацыентаў. У 1884 годзе Чэхаў скончыў курс унівэрсытэту й пачаў працаваць павятовым лекарам у Чыкінскім шпіталі. Затым ён працаваў у Зьвянігарадзе, дзе некаторы час загадваў шпіталем.

Станаўленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чэхаў у Меліхава з таксай Хінай. 1897 год.

У 1880 годзе, зьяўляючыся студэнтам першага курсу, Чэхаў зьмясьціў у часопісе «Стрекоза» аповяд «Ліст да вучонага суседа» й гумарэску «Што часьцей за ўсё сустракаецца ў раманах, аповесьцях і да т. п.». Гэта быў ягоны дэбют у друку. У наступныя гады Чэхаў пісаў апавяданьні, фэльетоны, гумарэскі пад псэўданімамі «Антоша Чэхантэ» й «Чалавек без касы» альбо іхнымі варыянтамі, альбо зусім бяз подпісу, у выданьнях «малой прэсы», пераважна гумарыстычных: маскоўскіх часопісах «Будильник», «Зритель» і іншых, а таксама ў пецярбурскіх гумарыстычных штотыднёвіках «Осколки», «Стрекоза». Чэхаў супрацоўнічаў зь «Пецярбурскай газэтай» з 1884 году, але зь перапынкамі, а таксама з газэтай «Новое время» з 1886 па 1893 гады й з «Русские ведомости» з 1893 па 1899 гады.

У 1882 годзе Чэхаў падрыхтаваў першы зборнік апавяданьняў «Свавольства», але ён ня выйшаў, магчыма, з-за цэнзурных цяжкасьцяў. У 1884 годзе выйшаў зборнік ягоных апавяданьняў — «Казкі Мельпамены» за подпісам «А. Чэхантэ». 1885—1886 гады ёсьць пэрыяд росквіту Чэхава як «белетрыста-мініяцюрыста». Ён быў у гэты час аўтарам кароткіх, у асноўным гумарыстычных апавяданьняў. У той час, па ягоным ўласным прызнаньні, ён пісаў па аповядзе ў дзень. Сучасьнікі лічылі, што ён і застанецца ў гэтым жанры, але вясной 1886 году ён атрымаў ліст ад вядомага расейскага літаратара Дзьмітрыя Грыгаровіча, дзе той крытыкаваў Чэхава за тое, што ён марнуе свой талент на «творы-дробязі». Пасьля да парадаў Грыгаровіча далучыліся Аляксей Суворын, Віктар Білібін і Аляксей Плешчэеў.

Чэхаў прыслухаўся да гэтых парадаў. З 1887 году ён усё менш супрацоўнічаў з гумарыстычнымі часопісамі; было перапынена супрацоўніцтва з часопісам «Будильник». Ягоныя апавяданьні станавіліся ўсё даўжэй і сур’ёзьней. Аб важных зьменах, якія адбываліся тады з Чэхавым, кажа яшчэ й жаданьне падарожнічаць. У тым жа 1887 годзе ён адправіўся ў падарожжа на поўдзень, у родныя мясьціны; пазьней ён езьдзіў па «гогалеўскіх месцах», у Крым, на Каўказ. Падарожжа на поўдзень ажывіла ўспаміны Чэхава аб праведзенай там маладосьці й дала яму матэрыял для «Стэпу», першага ягонага твору ў тоўстым часопісе — «Северный вестник». Дэбют у такім часопісе прыцягнуў вялікую ўвагу крытыкі, значна большую, чым да якога-небудзь папярэдняга твору Чэхава.

Увосень 1887 году ў лістах Чэхава зьявіліся згадкі пра працу над раманам «у 1500 радкоў». Яна працягвалася да 1889 году, калі Чэхаў, прыгнечаны працай такога вялікага памеру, нарэшце адмовіўся ад сваёй задумы. «Я рады, — пісаў ён у студзені Суворыну, — што 2-3 гады таму я не слухаўся Грыгаровіча й не пісаў рамана! Уяўляю, колькі бы дабра я пашкозіў, калі бы паслухаўся (…). Акрамя багацьця матэрыялу й таленту, трэба яшчэ сёе-тое ня менш важнае. Патрэбна памужнець — гэта першае; па-другое, неабходна пачуцьцё асабістай свабоды, а гэтае пачуцьцё стала разгарацца ўва мне толькі нядаўна».

Відавочна, менавіта недахопам гэтых уласьцівасьцяў быў незадаволены Чэхаў у канцы 1880-х гадох, што й заахвоціла яго падарожнічаць. Але ён застаўся незадаволены й пасьля гэтых паездак, і яму было трэба новае, вялікае падарожжа. Варыянтамі былі кругасьветнае падарожжа, паездка ў Сярэднюю Азію, у Пэрсію, на Сахалін. У рэшце рэшт ён спыніўся на апошнім варыянце.

Але нягледзячы на ​​ўласную незадаволенасьць сабой, ягоная слава расла. Пасьля выхаду «Стэпу» й «Сумнай гісторыі» ўвага крытыкі й чытачоў было прыкавана да кожнага ягонага новага твора. 7 (19) кастрычніка 1888 году ён атрымаў палову Пушкінскай прэміі Акадэміі навук за трэці зборнік 1887 году — «У зьмярканьні». У адпаведнай пастанове акадэмічнай камісіі было напісана, што «апавяданьні Чэхава, хоць і ня цалкам задавальняюць патрабаваньням вышэйшай мастацкай крытыкі, уяўляюць аднак жа выбітную зьяву ў нашай сучаснай белетрыстычнай літаратуры». У канцы 1880-х гадоў у манеры Чэхава зьявілася асаблівасьць, якую адны сучасьнікі лічылі перавагай, іншыя недахопам, — знарочыстая абыякавасьць апісаньня, падкрэсьленая адсутнасьць аўтарскай ацэнкі. Асабліва гэтай рысай выдзяляюцца «Спаць хочацца», «Бабы» й «Княгіня».

Сахалін[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рашэньне паехаць менавіта ў Сахалін было канчаткова прынята, відавочна, улетку 1889 году, пасьля абмеркаваньня гэтага намеру з артысткай Каратыгінай, якая падарожнічала па Сыбіры ў Сахалін у канцы 1870-х гадоў. Але Чэхаў доўга хаваў гэты намер нават ад самых блізкіх; паведаміўшы пра яго толькі Каратыгінай, ён папрасіў трымаць гэта ў таемнасьці. Раскрыў ён гэтую таямніцу толькі ў студзені 1890 году, і натуральна, гэта зрабіла вялікае ўражаньне на грамадзтва. Узмацьнялася гэтае ўражаньне яшчэ й «раптоўнасьць» прынятага рашэньня, бо ўжо вясной 1890 году Чэхаў адправіўся ў падарожжа.

Шлях праз Сыбір заняў некалькі месяцаў, за якія Чэхаў напісаў 9 нарысаў, аб’яднаных пад агульнай назвай «З Сыбіры». На Сахалін Чэхаў прыбыў 23 ліпеня. За некалькі месяцаў знаходжаньня на ім Чэхаў меў зносіны зь людзьмі, пазнаваў гісторыі іхняга жыцьцяў, прычыны спасылкі й набіраў багаты матэрыял для сваіх нататак. Ён правёў сапраўдны перапіс насельніцтва Сахаліна, сабраўшы некалькі тысячаў картак пра жыхароў вострава. Адміністрацыя вострава строга забараніла мець зносіны з палітычнымі зьняволенымі, але ён парушаў гэтую забарону. Вяртаўся Чэхаў восеньню й зімой 1890 году, па Індыйскаму акіяну праз Суэцкі канал, наведаўшы па дарозе востраў Цэйлон. 19 сьнежня родныя сустракалі яго ў Туле.

У наступныя 5 гадоў Чэхаў пісаў кнігу «Востраў Сахалін». Што тычыцца мастацкай творчасьці, падарожжа на Сахалін, паводле ўласнага прызнаньня Чэхава, аказала велізарны ўплыў на ўсе ягоныя наступныя творы. У 2005 годзе на Сахаліне ўпершыню ў Расеі апублікаваны ў адным выданьні «Быць можа, спатрэбяцца й мае лічбы …» матэрыялы Сахалінскага перапісу Чэхава. У выданьні апублікаваныя ўсе 10 тысячаў апытальных карт, запоўненых рэспандэнтамі Чэхава ў час ягонага падарожжа на востраў Сахалін у 1890 годзе.

Позьнія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хатка Чэхава ў Маскве

З 1890 па 1892 гады, па вяртаньні ў Маскву з паездкі па Сахаліну, Чэхаў пасяліўся ў невялікім двухпавярховым флігелі на вуліцы Малая Дмітрўка. Тут ён працаваў над кнігай «Востраў Сахалін», апавяданьнямі «Паскакунчык», «Дуэль» і «Палата № 6», а таксама сустракаўся зь пісьменьнікамі Ўладзімерам Караленкам, Дзьмітрыем Грыгаровічам, Уладзімерам Гіляроўскім, Пятром Бабарыкіным, Дзьмітрыем Меражкоўскім, Уладзімерам Неміровічам-Данчанкам, а таксама зь вядомымі акторамі тэарту Аляксандрам Ленскім і Аляксандрам Южыным і мастаком Ісаакам Левітанам. Флігель захаваўся да нашага часу й адзначаны памятнай дошкай з барэльефам Антона Чэхава.

З 1892 па 1899 гады Чэхаў пражываў у падмаскоўным маёнтку Меліхава, дзе зараз працуе адзін з галоўных чэхаўскіх музэяў. За гады «меліхаўскага сядзеньня» было напісана 42 творы. Пазьней Чэхаў шмат падарожнічаў па Эўропе. Апошнія гады Чэхаў, у якога абвастрыліся сухоты, для папраўленьне здароўя, стала пражываў ў сваім доме пад Ялтай, толькі зрэдку прыязджаючы ў Маскву, дзе ягоная жонка (з 1901 году), артыстка Вольга Кніпер, займала адно з выбітных месцаў у трупе створанага ў 1898 годзе МХТ Канстанціна Станіслаўскага. У 1900 годзе пры першых жа выбарах у Пушкінскае аддзяленьне акадэміі навук, Чэхаў быў абраны ў лік ягоных ганаровых акадэмікаў. У 1902 годзе Чэхаў разам з Караленка адмовіўся ад званьня акадэміка пасьля распараджэньня Мікалая II на ануляваньне абраньня Максіма Горкага у ганаровыя акадэмікі.

Сьмерць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гісторыі хваробы Чэхава, якую вёў у клініцы лекар пісьменьніка Максім Маслаў, запісана, што ў гімназічныя й студэнцкія гады Чэхаў хварэў на сухотнае запаленьне брушыны, але «цясьненьне ў грудзіне» адчуваў яшчэ ў 10-гадовым узросьце. З 1884 году Чэхаў пакутаваў крывацёкам з правага лёгкага[8].

Адны дасьледчыкі лічаць, што фатальную ролю ў жыцьці пісьменьніка адыграла падарожжа на Сахалін, калі ехаць прыйшлося тысячы кілямэтраў на конях, у сырой вопратцы й наскрозь змоклых валенках, то бок сам Чэхаў і ягоныя блізкія зьвязвалі захворваньне менавіта з паездкай. Іншыя прычынай абвастрэньня сухотнага працэсу называлі частыя пераезды зь Ялты ў Маскву ў самы неспрыяльны для здароўя час. Трэція біёграфы адзначалі тое, што Чэхаў запусьціў хваробу й зьвярнуўся да лекара толькі ў 37-гадовым узросьце.

Улетку 1904 году Чэхаў выехаў на курорт у Нямеччыну. З-за рэзкага абвастрэньня хваробы, зь якой яму не ўдалося справіцца, пісьменьнік памёр 2 (15) ліпеня 1904 году ў нямецкім горадзе Бадэнвайлер. Пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асаблівасьці драматургіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чэхаў працы Ісаака Левітана

Своеасаблівасьць п’есаў Чэхава заўважалася ягонымі сучасьнікамі пры першых пастаноўках. Спачатку яно ўспрымалася як няўменьне Чэхава справіцца з задачай пасьлядоўнага драматычнага руху. Рэцэнзэнты казалі аб адсутнасьці «сцэнічнасьці», пра «расьцягнутасьці», пра «недахоп дзеяньня», пра «бязладзьдзе дыялёгу», пра «раскіданасьць кампазіцыі» і слабасьці фабулы[9]. Тэатральная крытыка ўсё больш папракала Чэхава ў тым, што ён уводзіць у свае п’есы залішнія падрабязнасьці побыту й тым самым парушае ўсе законы сцэнічнага дзеяньня. Аднак для самога Антона Чэхава прайграваньне сфэры побыту было абавязковай умовай, бо інакш для яго губляўся сэнс усёй задумы.

У драматургіі Чэхава, насуперак усім традыцыям, падзеі адводзяцца на другі плян як кароткачасовую прыватнасьць, а звычайнае, роўнае, штодня паўтаральнае, для ўсіх звыклае складае галоўны масіў ўсяго зьместу п’есы. Практычна ўсе п’есы Чэхава пабудаваныя на падрабязным апісаньні побыту, з дапамогай якога да чытачоў даносяцца асаблівасьці пачуцьцяў, настрояў, характараў і ўзаемаадносінаў герояў. Падбор бытавых ліній ажыцьцяўляецца па прынцыпе іхняй значнасьці ў агульным эмацыйным зьмесьце жыцьця.

Нярэдка Чэхаў выкарыстоўвае так званыя «выпадковыя» рэплікі пэрсанажаў. Пры гэтым дыялёг бесьперапынна рвецца, ламаецца і блытаецца ў нейкіх зусім староньніх і непатрэбных дробязях. Аднак падобныя дыялёгі й рэплікі ў агульным сцэнічным кантэксьце ў Чэхава ажыцьцяўляюць сваё прызначэньне не прамым прадметным сэнсам свайго ўтрыманьня, а тым жыцьцёвым самаадчуваньнем, якое ў іх праяўляецца[9].

Канстанцін Станіслаўскі й Уладзімер Неміровіч-Данчанка заўважылі найбольш істотны прынцып у драматычным руху чэхаўскіх п’ес, гэтак званая «падводная плынь». Менавіта яны ўпершыню раскрылі за вонкава бытавымі эпізодамі й дэталямі прысутнасьць бесьперапыннага ўнутранага інтымна-лірычнага струменя й прыклалі ўсе намаганьні, каб данесьці новую інтэрпрэтацыю чэхаўскай драмы да гледача. Дзякуючы Станіслаўскаму й Неміровічу-Данчанкі заражаючая сіла п’есаў Чэхава стала відавочнай[10].

Значэньне творчасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чэхаў і Максім Горкі

Чэхаў стварыў новыя хады ў літаратуры, моцна паўплываўшы на разьвіцьцё сучаснага аповяду. Арыгінальнасьць ягонага творчага мэтаду складаецца ў выкарыстаньні прыёму пад назвай «паток сьвядомасьці», пазьней пераняты Джэймзам Джойсам і іншымі мадэрністамі й адсутнасьці фінальнай маралі, так неабходнай структуры клясычнага апавяданьня таго часу. Чэхаў не імкнуўся даць адказы чытачам, а лічыў, што роля аўтара заключаецца ў тым, каб задаваць пытаньні, а не адказваць на іх.

У 1896 годзе пасьля правалу п’есы «Чайкі», Чэхаў, які напісаў ўжо да таго моманту некалькі п’есаў, адрокся ад тэатра. Аднак, у 1898 годзе, пастаноўка «Чайкі» Маскоўскага Мастацкага Тэатра, заснаванага Станіслаўскім і Неміровічам-Данчанка, мела велізарны посьпех у публікі й крытыцы, што падштурхнула Антона Чэхава на стварэньне яшчэ трох шэдэўраў — п’ес «Дзядзька Ваня», «Тры сястры» й «Вішнёвы сад».

Менавіта Чэхаў у сваіх апавяданьнях ўпершыню ў расейскай літаратуры ярка прадэманстраваў вобраз правінцыйнага абывацеля, пазбаўленага ўсякага далягляду, смагі дзейнасьці, добрых памкненьняў, патрэбнасьці дзеяньня. Чэхаў, як ніхто іншы, паказаў, наколькі небясьпечным для асобы й для грамадзтва зьяўляецца такая сацыяльная зьява, як абывацельшчына («Іёныч», «Настаўнік славеснасьці»).

Беларускія пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пераклад Чэхава на беларускую мову — вадэвіль «Сватаньне» ў перакладзе Напалеона Чарноцкага — выпусьціла ў 1910 годзе выдавецтва «Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ». Пазьней Чэхава перакладалі Кандрат Крапіва, Янка Маўр, Янка Брыль, Іван Шамякін і іншыя. П’есы Чэхава доўгія гады былі ў рэпэртуары трупы заснавальніка беларускага тэатру Ігната Буйніцкага[11].

  • Выбраныя творы: Аповесці, апавяданні, камедыя / Антон Чэхаў. — Мн.: Маст.літ., 1994. — 645 с — (Скарбы сусветнай літаратуры).
  • Каштанка: Для малод.шк.узросту / Пер. А.Якімовіча. — Мн.: Мастац.літ., 1973.
  • Выбраныя творы / Рэд.пер. Я.Брыль. — Мн.: Дзяржвыд БССР. Рэд.мастац.літ., 1954.
  • Выбраныя творы / А. П. Чэхаў. — Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1946. — 254 с.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гебель В., Гольберг М., Каган Л., Цукерман Л. Чехов Антон Павлович // Большая советская энциклопедия / Гл. ред. Шмидт О. Ю. — М.: Сов. энцикл., 1934. — Т. 61. — С. 460.
  2. ^ а б Паперный З. С., Паперный З. С. Чехов Антон // Краткая литературная энциклопедия (рас.)Москва: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 8.
  3. ^ http://web.archive.org/web/20181018063925/https://www.mos-ritual.ru/novodeviche-kladbische
  4. ^ CONOR.SI
  5. ^ Хацкевич А. Ф. Солдат великих боев. Минск. 1982. С. 11—12.
  6. ^ Czechow Anton P. // Internetowa encyklopedia PWN  (пол.)
  7. ^ Дом-музэй Чэхава, месца нараджэньня пісьменьніка
  8. ^ Падрабязнае апісаньне хваробы й сьмерці Чэхава.
  9. ^ а б Скафтымов А. П. К вопросу о принципах построения пьес А. П. Чехова // Три сестры. — СПб: Азбука-классика, 2008. — С. 229—268. — 288 с — ISBN 978-5-91181-876-0
  10. ^ Немирович-Данченко В. И. Предисловие «От редактора» // Н. Е. Эфрос «Три сестры» в постановке Московского художественного театра. — 1919. — С. 10.
  11. ^ Чэхаў і Беларусь // Радыё Свабода, 29 студзеня 2010

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Антон Чэхаўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў