Аранжавая Свабодная дзяржава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Сьцяг Аранжавай Свабоднай дзяржавы

Аранжавая Свабодная дзяржава, або Аранжавая Рэспубліка (па-афрыкаанс: Oranje Vrystaat) — незалежная дзяржава, пазьней правінцыя ў складзе Паўднёва-Афрыканскага Зьвязу і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, непасрэдны папярэднік цяперашняй правінцыі Свабодная дзяржава.

Разьмешчаная паміж рэкамі Вааль і Аранжавая. Засяленьне гэтай вобласьці эўрапейцамі пачалося ў 1830-я гады, калі галяндзкія каляністы-буры зьбеглі ўглыб краіны ад ангельскага валадарства, які ўсталяваўся ў Капскай калёніі, падчас так званага Вялікага трэка. Да гэтага тут насялялі ў асноўным плямёны сота (басота, басута).

У 1846 годзе Генры Дуглас Ўардэн, брытанскі рэзыдэнт сярод плямёнаў, прабывалых за Аранжавай, набыў фэрму Блюмфантэйн, вакол якой хутка вырас горад, які стаў сталіцай гэтага рэгіёну. У 1848 годзе Брытанія далучыла гэтую тэрыторыю пад назвай «Калёнія Аранжавай ракі» (па-ангельску: Orange River Sovereignty). 17 лютага 1854 году Брытанія прызнала незалежнасьць рэспублікі, а 23 лютага таго ж году была падпісаная Канвэнцыя Аранжавай ракі, або Блюмфантэйнская, паводле якой новая дзяржава стала звацца Аранжавай Свабоднай дзяржавай (Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, або Трансвааль, стала незалежная двума гадамі раней).

З адкрыцьцём пакладаў золата і дыямэнтаў у Аранжавую Свабодную дзяржаву, як і ў Трансвааль, узмацніўся прыток замежнікаў-ойтландэраў, чые правы былі сур’ёзна абмежаваныя законам. У 1899 годзе ў Блюмфантэйне прайшла канфэрэнцыя з удзелам прэзыдэнта Аранжавай Рэспублікі Мартынуса Стэйна, лідэра Трансваалю Паўля Кругера і губэрнатара Капскай калёніі сэра Альфрэда Мілнэра, аднак яна не змагла разрадзіць напругу, якая ўсё больш узрастала, і ў тым жа годзе Аранжавая Рэспубліка ўслед за Трансваалем абвясьціла вайну Ангельшчыне. 13 сакавіка 1900 году ангельцы ўвайшлі ў Блюмфантэйн. У 1902 годзе ў Фэрэнігінгу была падпісаная дамова, паводле якой Аранжавая Свабодная дзяржава ўвайшла ў Брытанскую імпэрыю як Калёнія Аранжавай ракі, аднак Брытанія абяцала ў будучыні падаць ёй самакіраваньне, захоўвала магчымасьць выкладаньня ў школах нідэрляндзкай мовы і падавала іншыя некаторыя прывілеі.

Аранжавая Свабодная дзяржава на мапе ПАР да 1994 году (бантустаны не паказаныя)

У 1910 годзе Аранжавая Свабодная дзяржава ўвайшла ў склад Паўднёва-Афрыканскага Зьвязу, судовай сталіцай якога стаў Блюмфантэйн. У сьцяг ПАЗ быў уключаны сьцяг Аранжавай Свабоднай дзяржавы (белыя і памяранцавыя палосы зь сьцягам Нідэрляндаў у кантоне). У эпоху апартэіда на тэрыторыі правінцыі быў створаны невялікі бантустан Кваква. З 1994 году правінцыя носіць назву Свабодная дзяржава.