Вялікі кулён

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вялікі кулён
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
ТыпХордавыя
КлясаПтушкі
АтрадСеўцападобныя
СямействаБакасавыя
РодКулёны
ВідВялікі кулён
Бінамінальная намэнклятура
Numenius arquata

Вялікі кулён (па-лацінску: Numenius arquata) — від птушак зь сямейства бакасавых. За апошнія дзесяцігодзьдзі колькасьць птушкі ў Эўропе ўстойліва памяншаецца. У 2008 годзе вялікі кулён атрымаў ахоўны статус Міжнароднага саюзу аховы прыроды і прыродных багацьцяў.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікі кулён у палёце

Вялікі кулён дасягае памераў ад 50 да 60 см і важыць ад 600 да 1000 г. Размах крылаў складае ад 80 да 100 см. Характэрнай рысай віду зьяўляецца доўгая і выгнутая ўніз дзюба. Саміца зазвычай крыху буйнейшая за самца, а ейная дзюба яшчэ больш доўгая і выгнутая. Ногі доўгія з шырока расстаўленымі пальцамі, што дазваляе птушцы спакойна вандраваць па вільготных мясьцінах. Афарбоўка вялікага кулёна хутчэй сьціплая, апярэньне вар’юецца ад бэжава-карычневага да шэра-карычневага з разнастайнымі палоскамі і крапінкамі.

Распаўсюджаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гняздуюць у багністых і іншых вільготных мясцовасьцях. Узімку яны пражываюць ля ўзьбярэжжаў, у глыбіні матэрыка — на лугох і поймах.

Асноўны арэал — Паўночная і Цэнтральная Эўропа, а таксама Брытанскія выспы. У зімовы час гэтыя птушкі зьдзяйсьняюць пералёты на ўзьбярэжжы Заходняй і Паўднёвай Эўропы. Сустракаюцца таксама ў вялікай частцы Азіі, іхні арэал даходзіць да Байкалу і Маньчжурыі на ўсходзе і Кыргыстану на поўдні.

Харчаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Харчуюцца казуркамі, чарвякамі і малюскамі, якіх яны падбіраюць з зямлі сваёй доўгай дзюбай. Пры гэтым яны ўжываюць дзюбу таксама ў якасьці пінцэту, каб дастаць сьлімакоў ці ракушкі зь іхніх цьвёрдых абалонак.

Размнажэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кладка кулёна

Гнёзды будуюць адкрыта на зямлі, на купіне травы або асакі, якая выступае з вады. У пляскатых заглыбленьнях робяць высьцілку з сухое травы або асакі і пер’я. Гнёзды лёгка даступныя для драпежнікаў з-за свайго наземнага разьмяшчэньня.

У кладцы зазвычай чатыры яйкі. Вельмі рэдка сустракаюцца кладкі з трох або пяці яек. Першыя кладкі зьяўляюцца ў апошняй дэкадзе красавіка. На працягу 28—30 дзён бацькі па чарзе грэюць яйкі. Пры зьяўленьні небясьпекі (заўважвае набліжэньне чалавека за некалькі сотняў мэтраў) птушка пакідае гняздо, адходзіць на бясьпечную адлегласьць і ўзьлятае. Актыўна атакуе ў паветры варонаў, крумкачоў і драпежных птушак, якія залятаюць на тэрыторыю калёніі.

Птушаняты па вылупленьні адразу пачынаюць бегаць і шукаць казурак і чарвякоў.

На Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Занесены ў Чырвоную кнігу. Колькасьць вялікага кулёна складае каля 950—1200 параў на гнездаваньні. У ліпені-жніўні адлятае ў вырай: у больш цёплыя мясьціны Заходняе Эўропы, басэйн Міжземнага і Касьпійскага мораў.

Грамадзкая арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» абрала вялікага кулёна птушкай 2011 году.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сяргей Куркач. Даўгадзюбы вялікі кулён стаў беларускай птушкай году-2011 // «Звязда» №4 (26868) 11 студзеня 2011
  • Птицы Белоруссии: Справочник-определитель гнёзд и яиц / М. Е. Никифоров, Б. В. Яминский, Л. П. Шкляров. — Мн.: Выш. шк., 1989. — 479 с. — 15 000 ас. — ISBN 5-339-00209-8

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікі кулёнсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Numenius arquataтаксанамічная інфармацыя