Гатычная архітэктура

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Гатычная архітэктура — плынь у эўрапейскай архітэктуры высокага й позьняга сярэднявечча. Зьявілася ў 12 стагодзьдзі ў Францыі, разьвіўшыся з раманскай архітэктуры. Характэрнымі рысамі каменных гатычных будынкаў зьяўляюцца сьпічастыя аркі і рабрыстыя скляпеньні, а таксама аркбутаны і абломы складанага профілю.

У Беларусі захавалася параўнальна мала гатычных будынкаў, прычым некаторыя зь іх перанесьлі значную пазьнейшую перабудову, напрыклад Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля ва Ўселюбе і асабліва Петрапаўлаўскі касьцёл у Іўі.

Тэрмін «Готыка»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасьнікі называлі гатычную архітэктуру «францускім стылям» (Opus Francigenum). Тэрмін «готыка» зьявіўся ў часы Рэнэсансу, і першапачаткова насіў адмоўнае, зьняважлівае адценьне. Упершыню яго ўжыў у 1530-х Джорджа Вазары, жадаючы абазначыць гэты архітэктурны стыль як прымітыўны і барбарскі (па асацыяцыі з готамі).

Узьнікненьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Готыка зьявілася вынікам эвалюцыі раманскай архітэктуры. Сьпічастыя аркі маглі быць запазычаныя з усходу, але цалкам верагодна, што яны разьвіліся самастойна, магчыма як адказ на патрэбу перакрываць скляпеньнямі памяшканьні складанай формы (што ў раманскай архітэктуры было немагчыма). Першым значным гатычным будынкам лічыцца Базыліка Сэнт-Дэні ў прыгарадзе Парыжу, будаўніцтва нартэксу якой пачалося ў 1136 пад кіраўніцтвам абата Сугерыя.

Рэгіянальныя варыянты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Францыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Француская гатычная архітэктура

Гатычныя катэдры Францыі (а таксама Бэльгіі, готыка якой знаходзілася па моцным фрацускім уплывам) адметныя найперш лёгка пазнавальным заходнім фасадам: тры ўваходы, вакно-ружа і дзьве вялікія вежы. Яшчэ адна распаўсюджаная рыса — гэтак званы «вянок капліцаў», паўкола невялікіх каплічак на ўсходнім канцы будынку.

У францускай готыцы вылучаюць чатыры стылі: раньняя готыка (12 стагодзьдзе), высокая готыка (13 стагодзьдзе), прамністая готыка і палымяная готыка. Апроч гэтага асобны гатычны стыль, гэтак званая паўднёвая готыка (Gothique Méridional), існаваў на поўдні Францыі. Паколькі многія будынкі ўзводзіліся цягам дзесяцігодзьдзяў, нярэдкія выпадкі, калі розныя часкі адной катэдры збудаваныя ў розных гатычных стылях. У прыватнасьці, Шартрская катэдра адносіцца да высокай готыкі, але мае раньнегатычны заходні фасад, а паўночная вежа завершаная ў стылі палымянай готыкі.

Англія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гатычная архітэктура Англіі

Сярод асноўных тыпаў гатычных будынкаў у Англіі — ня толькі катэдры, парафіяльныя цэрквы і аббацтвы, але і калегіюмы. У прыватнасьці, у гатычным стылі ўзьведзеныя многія будынкі ў Оксфардзе і Кембрыджы. Адметная рыса ангельскіх гатычных катэдраў — іх асабліва вялікая даўжыня. Вельмі часта сустракаецца вежа на скрыжаваньні наваў. Вокны-ружы звычайна робяцца ў канцах трансэпту, але ніколі — на заходнім фасадзе.

У ангельскай готыцы выдзяляюць тры пэрыяды: раньні ангельскі пэрыяд (Early English Period) (1213 стагодзьдзе), пэрыяд аздобленай готыкі (Decorated Gothic) (14 стагодзьдзе) і пэрыяд перпендыкулярнай готыкі (Perpendicular Gothic) (да сярэдзіны 16 стагодзьдзя).

Нямеччына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адметнасьць нямецкіх гатычных катэдраў — асабліва высокія вежы заходняга фасаду з вялізарнымі вострымі шпілямі. У агульным, нямецкая готыка дастаткова блізкая да францускай. У пэрыяд позьняй готыкі ў нямецкім рэгіёне разьвіўся адмысловы стыль, які пазьней атрымаў назву зондэрготыка. На поўначы Нямеччына нарадзілася і атрымала шырокі распаўсюд цагляная готыка.

Італія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Базыліка Сьвятога Крыжа ў Флярэнцыі
Асноўны артыкул: Гатычная архітэктура Італіі

У Італію гатычную архітэктуру прынесьлі манахі-цыстэрцыяны. Характэрнаю рысаю італійскай готыкі зьяўляецца шматкаляровая дэкарацыя будынкаў, у прыватнасьці ўпрыгожаньне сьценаў рознакаляровым мармурам і багаты роспіс фрэскамі унутры. Часам рабіліся таксама мазаікі над уваходамі. Храмы часта вянчаліся вялікімі купаламі, а званіца і баптыстэрый нярэдка рабіліся як асобныя будынкі.

Трэба адзначыць, што адзін з найвядомейшых гатычных будынкаў Італіі, Міланская катэдра, зьяўляецца хутчэй нямецкім па стылі і для Італіі ў агульным нетыповы.

Вядомымі прыкладамі італьянскай готыкі зьяўляюцца Палац дожаў у Вэнецыі, базыліка сьвятога Францішка ў Асізі, базыліка сьвятога Петронія ў Балоньі. Гатычныя элементы мае таксама базыліка сьвятога Антонія ў Падуі.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гатычная архітэктура ВКЛ

У ВКЛ гатычная архітэктура разьвівалася ў рэчышчы цаглянай готыкі. Для гатычных храмаў ВКЛ характэрныя выразныя абарончыя рысы. Тыповым зьяўляецца таксама спалучэньне гатычных і бізантыйскіх рысаў у адным будынку.

Позьнегатычныя стылі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У рамках позьняй готыкі разьвілася некалькі па сутнасьці асобных стыляў. Апроч згаданых вышэй зондэрготыкі, пэрпэндыкулярнай готыкі і палымянай готыккі, да позьнегатычных стыляў адносяцца мануэлінскіПартугаліі) і ізабэлінскіГішпаніі). Трэба адзначыць, што позьнегатычнымі зьяўляюцца і ўсе гатычныя будынкі ВКЛ.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Гатычная архітэктурасховішча мультымэдыйных матэрыялаў