Джэксанвіль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Джэксанвіль
анг. Jacksonville
Джэксанвіль
Першыя згадкі: 1791
Краіна: ЗША
Штат: Флорыда
Мэр: Альвін Броўн
Плошча: 2264,5 км²
Насельніцтва
колькасьць: 794 555 чал.
шчыльнасьць: 350,87 чал./км²
Часавы пас: UTC-5
летні час: UTC-4
Тэлефонны код: +1 904
Паштовы індэкс: 32099, 32201–32212, 32214–32241, 32244–32247, 32250, 32254–32260, 32266, 32267, 32277, 32290
Геаграфічныя каардынаты: 30°19′0″ пн. ш. 81°39′0″ з. д. / 30.31667° пн. ш. 81.65° з. д. / 30.31667; -81.65Каардынаты: 30°19′0″ пн. ш. 81°39′0″ з. д. / 30.31667° пн. ш. 81.65° з. д. / 30.31667; -81.65
Джэксанвіль на мапе ЗША ±
Джэксанвіль
Джэксанвіль
Джэксанвіль
Джэксанвіль
Джэксанвіль
Джэксанвіль
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.coj.net

Джэксанвіль (па-ангельску: Jacksonville, мянушка: «Там, дзе пачынаецца Флорыда») — самы густанаселены горад у амэрыканскім штаце Флорыда і трынаццаты па колькасьці насельніцтва горад у ЗША. Тэрытарыяльна належыць да акругі Дзювал. З 1968 году горад і акруга маюць адзінае кіраваньне, у выніку чаго Джэксанвіль стаў самым буйным па тэрыторыі горадам у ЗША. Паводле зьвестак 2005 году, у самім горадзе пражывае каля 783 тысячаў жыхароў, а разам з навакольлямі больш за 1,3 млн чалавек[1][2].

Джэксанвіль разьмешчаны на паўночным усходзе штату Флорыда на берагах ракі Сэнт-Джонс, якая ўпадае ў Атлянтычны акіян за 30 кілямэтраў ад цэнтральнай часткі гораду ніжэй па плыні. Селішча Коўфард (Cowford), будучы Джэксанвіль, паўстала ў 1791 годзе і сваю першапачатковаю назву атрымала дзякуючы броду ў вузкім месцы ракі, які выкарыстоўваўся для пераправы хатняга быдла (cow — карова, ford — брод). У 1822 годзе горад атрымаў сваё сучаснае імя ў гонар Эндру Джэксана, першага губэрнатара Флорыды і пасьля сёмага прэзыдэнта ЗША.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першае селішча, празванае Осачыт (Ossachite), зьявілася на гэтым месцы каля 6 тысячаў гадоў назад, у ім жылі індзейцы племені Тымукуа (Timucua).

Эўрапейцы ўпершыню зьявіліся на месцы гораду ў 1562 годзе, калі францускі дасьледчык гугенот Жан Рыбо ўпершыню высадзіўся і нанёс на мапе раку Сэнт-Джонс. А праз два гады пад пачаткам іншага француза Рэнэ дэ Ладаніру тут было заснаванае першае эўрапейскае селішча — форт Кэралайн (Fort Caroline).

Тэрыторыя Флорыды ўвайшла пад юрысдыкцыю ЗША ў 1821 годзе, і ўсьлед за гэтым горад атрымаў сваё сучаснаснае імя ў гонар Эндру Джэксана, першага губэрнатара Флорыды і сёмага прэзыдэнта ЗША. 9 лютага 1832 году Заканадаўчая рада Флорыды ўхваліла стварэньне гарадзкой управы.

Падчас грамадзянскай вайны ў ЗША ў 1861—1865 гадах Джэксанвіль стаў асноўным пастаўшчыком ялавічыны і сьвініны для войскаў Канфэдэрацыі. Горад быў блякаваны паўночнікамі і пераходзіў з рук у рукі некалькі разоў. Хоць значных баявых дзеяньняў на тэрыторыі гораду не праводзілася, да канца вайны ён прыйшоў у стан значнай дэзарганізацыі.

У часы рэканструкцыі (1867—1877) і «пазалочанага стагодзьдзя» (1870—1898) Джэксанвіль і разьмешчаны па суседзтве горад Сэнт-Огасьцін сталі папулярнымі зімовымі курортамі для багатых і знакамітых пэрсон. Наведвальнікі прыбывалі сюды на параходах, а пазьней па чыгунцы. Да канца стагодзьдзя, аднак, струмень турыстаў крыху паменшыўся з-за ўспышак амарыльнай (жоўтай) ліхаманкі, а таксама з-за таго, што чыгунка была пракладзеная далей на поўдзень паўвострава і частка турыстычных струменяў перамясьцілася туды.

2 траўня 1901 году ў цэнтральнай частцы гораду здарыўся буйны пажар, які распачаўся на валаконнай фабрыцы. Гэты пажар стаў адным з самых буйных здарэньняў з катастрафічнымі наступствамі ў гісторыі штату, у выніку быў зьнішчаны дзелавы цэнтар і каля 10 000 чалавек засталіся без прытулку. У рэканструкцыі гораду, якая доўжылася з 1901 па 1912 гады, было адноўлена больш за 13 000 будынкаў, большай часткай пад кіраўніцтвам вядомага нью-ёрскага архітэктара Генры Клута.

У 1910-я гады горад стаў папулярным сярод кінэматаграфістаў, якіх прыцягвалі цёплы клімат, экзатычныя краявіды, блізкасьць чыгункі і танная працоўная сіла. За дзесяцігодзьдзе ў горадзе разьмесьціліся больш за 30 кінастудыяў нямога кіно, за што ён быў празваны «зімовай сталіцай сусьветнага кінэматографу». Аднак са зьяўленьнем Галівуду цэнтар кінавытворчасьці ў выніку перамясьціўся туды.

У гэтыя ж гады Джэксанвіль стаў буйным банкаўскім і страхавым цэнтрам, тут сталі квітнець такія кампаніі, як Barnett National, Atlantic National, Florida National, Prudential, Gulf Life, Afro-American Insurance, Independent Life і American Heritage Life. Падчас Другой сусьветнай вайны ў раёне гораду былі разьмешчаныя тры ваенна-марскія базы, і ВМС ЗША сталі адной з эканамічных рухаючых сілаў гораду і буйным працадаўцам. Пасьля заканчэньня вайны горад стаў пакутаваць ад нэгатыўных наступстваў хуткай урбанізацыі гарадоў за кошт сельскай мясцовасьці. У выніку галасаваньня ў 1968 годзе муніцыпалітэты гораду і акругі былі аб’яднаныя, у выніку чаго па занятай тэрыторыі горад стаў найбуйнейшым горадам у кантынэнтальнай частцы ЗША.

У цяперашні час горад пакутуе ад вялікай колькасьці цяжкіх злачынстваў — за апошнія 17 гадоў горад 12 разоў станавіўся лідэрам па колькасьці забойстваў[3].

Геаграфія і клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цэнтральная частка гораду

Горад Джэксанвіль разьмешчаны ў паўночна-ўсходняй частцы штату Флорыда, ЗША. Паводле зьвестак Бюро перапісу ЗША, плошча гораду складае 2264,5 км², зь якіх 1962,4 км² належаць да сушы і 302,1 км² (13,34 %) да воднай паверхні.

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Клімат у Джэксанвілі вільготны субтрапічны, мяккі ўзімку і сьпякотны ўлетку. Сярэднегадавыя высокія тэмпэратуры вагаюцца ў межах 18—33 °C[4]. Самая высокая вядомая тэмпэратура +43 °C была зафіксаваная 21 ліпеня 1942 году, самая нізкая -14 °C 21 студзеня 1985 году. Улетку ў вячэрнія гадзіны часта здараюцца навальніцы — гэта адбываецца з-за моцнага нагрэву зямлі і вады ў камбінацыі з высокай вільготнасьцю. Узімку здараюцца маразы, але як правіла такія пэрыяды недоўгачасовыя. Рэдка выпадае сьнег, але звычайна ён растае яшчэ ў паветры.

Джэксанвіль у меншай ступені ў параўнаньні зь іншымі гарадамі Флорыды пакутуе ад ураганаў. Прамы ўдар стыхіі быў зафіксаваны толькі аднойчы ў 1871 годзе, аднак за ўвесь час больш за 12 разоў было абвешчана штармавое папярэджаньне ў сувязі з рухам праз тэрыторыю штату ўраганаў з боку Мэксыканскага заліву[5]. Самая вялікая шкода была зафіксаваная ў 1964 годзе, калі эпіцэнтар урагану Дора прайшоў крыху паўднёвей праз горад Сэнт-Огасьцін. Сіла ветравея складала 177 км/гадзіна, што дало падставу прысвоіць урагану другую катэгорыю па пяцібальнай шкале Сафіра—Сымпсана.

Колькасьць ападкаў у сярэднім складае 1320 мм за год, найбольшае іх колькасьць выпадае з чэрвеня па верасень.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]