Зыгмунт Фялінскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Зыгмунт Фялінскі
Zygmunt Szczęsny Feliński 04.jpg
Сьвяты
Імя Zygmunt Szczęsny Feliński
Сьвецкае імя Зыгмунт Фялінскі
Нарадзіўся 1 лістапада 1822
Ваютын
Памёр 17 верасьня 1895
Кракаў
Шануецца каталіцкай царквой
Бэатыфікаваны 18 жніўня 2002
Ян Павал II, Кракаў
Кананізаваны 11 кастрычніка 2009
Бэнэдыкт XVI, Ватыкан
Дзень памяці 17 верасьня

Зы́гмунт Шчэ́нсны Фялі́нскі гербу «Фарэнсбах» (па-польску: Zygmunt Szczęsny Feliński; 1 лістапада 1822, Ваютын — 17 верасьня 1895, Кракаў) — польскі рыма-каталіцкі біскуп, прафэсар Санкт-Пецярбурскай Духоўнай акадэміі, арцыбіскуп-мітрапаліт варшаўскі (1862—1883), сталы сябар Дзяржаўнай рады Царства Польскага (ад 1862[1]), каталіцкі сьвяты.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Быў сёмым з адзінаццаці дзяцей Герарда Фялінскага і Евы зь Вендарфаў. Бацька памёр у 1833 року, пакінуўшы жонку з шасьцёма дзецьмі. Выхоўваўся маці з дапамогай бабулі.

На пяты год па сьмерці мужа Ева Фялінская за ўдзел у змове Канарскага была высланая ў Бярозаў на рацэ Об. 16-гадовы Зыгмунт застаўся з двума братамі і трыма сёстрамі бяз даху над галавой і якіх-кольвек сродкаў да існаваньня, паколькі іхняя маёмасьць у Крэменцы і маёнткі ў Ваютыне і Збарышаве былі абкладзеныя сэквэстрам. Асірацелых дзяцей узялі пад апеку знаёмыя, паколькі жывых сваякоў не засталося.

Дзякуючы фінансавай дапамозе заможнага абываталя з Падольля Зянона Бяліны-Бжазоўскага Зыгмунт Фялінскі здолеў скончыць матэматычныя студыі ў Маскве, а пасьля гуманітарныя ў Парыжы — Сарбоне і Калежы дэ Франс. У Парыжы Фялінскі пазнаёміўся зь Юльюшам Славацкім, быў адзіным палякам, што прысутнічаў пры ягонай сьмерці. Навязаў таксама кантакты зь іншымі вядомымі палякамі, сярод якіх Багдан Залескі, палкоўнік Уладыслаў Замойскі і князь Адам Чартарыскі.

Атрымаўшы зьвестку пра пачатак Познаньскага паўстаньня, разам з прыяцелямі выехаў у Познань. Пасьпеў узяць удзел у бітве пад Мілославам, дзе быў паранены. Па заняпадзе паўстаньня прыйшоў да высновы, што найлепшаю службай народу будзе праца над ягоным унутраным адраджэньнем, і найбольш плённа гэта можа зрабіць каплан. Таму вырашыў паступаць у духоўную сэмінарыю.

У 1851 распачаў навучаньне ў духоўнай сэмінарыі ў Жытоміры. Праз два месяцы быў пераведзены на другі курс, а ў канцы 1852 накіраваны ў Духоўную акадэмію ў Пецярбург. 8 верасьня 1855 року рэктар акадэміі Ігнацы Галавінскі высьвеціў яго на духоўніка. Працаваў вікарыем парафіі сьвятой Кацярыны і выкладаў ў прыкляштарнай школе айцоў-дамініканаў. Праз два рокі атрымаў званьне прафэсара і духоўнага айца Пецярбурскай духоўнай акадэміі.

У 1862 року атрымаў прызначаны арцыбіскупам варшаўскім і выехаў зь Пецярбургу. У першую чаргу рэканцыляваў і адкрыў зачыненыя касьцёлы. Заняўся душпастырскай працай, унутраным адраджэньнем духавенства, фармаваньнем навучэнцаў, кансысторскаю рэформай.

Ідэалягічна быў блізкі да «белых», але палітычна не далучаўся ні да воднага з бакоў. Не падтрымліваў імкненьня да ўзброенага паўстаньня. Па выбуху Студзеньскага паўстаньня тэрор акупантаў пасіліўся, да чаго не застаўся абыякавы Зыгмунт Фялінскі. На знак пратэсту напісаў 15 сакавіка 1863 ліст да цара, у якім заступаўся за людзей і заклікаў: «…учыні з Польшчы незалежную нацыю…» Вялікі князь Канстанцін Мікалаевіч, намесьнік Царства Польскага, якому Фялінскі перадаў гэты ліст, адмовіўся перасылаць яго цару. У выніку гэтага арцыбіскуп выйшаў з Рады дзяржавы.

Неўзабаве ліст быў апублікаваны ў францускім часопісе «Journal», што стала нагодаю для 20-рочнай высылкі Зыгмунта ў Яраслаўль на Волзе. Меў магчымасьць вярнуцца ў сталіцу пры ўмове разрыву стасункаў з Апостальскай сталіцай і поўнага падпарадкаваньня царскаму ўраду, але адмовіўся. У архідыяцэзіі па высылцы арцыбіскупа была ўведзеная касьцёльная жалоба: змоўклі арганы, званы і сьпевы.

У Яраслаўлі, дзе застаў некалькі соцень каталікоў, праводзіў шырокую апостальскую і дабрачынную дзейнасьць сярод польскіх выгнанцаў. Адчыніў капліцу і адпраўляў для вернікаў набажэнствы.

Пасьля цяжкіх і працяглых перамоваў між Ватыканам і расейскім урадам быў памілаваны і атрымаў дазвол выехаць зь Яраслаўлю. Атрымаў прызначэньне на арцыбіскупа Тарсусу, аднак ня меў права вяртацца і нават мінаць варшаўскую архідыяцэзію. Паехаў праз Львоў, Кракаў, Рым, паўсюль сустрэты як народны герой. У Рыме спаткаўся з Папам Лявонам XIII.

Вярнуўшыся на радзіму, замешкаў у Дзьвінячцы як капэлян капліцы пры дворыку Гелены Казябродзкай. Заняўся душпастырствам, казанямі, набажэнствамі. У верасьні 1885 року заснаваў тут першую школу, дзе навучалі сёстры Сям’і Марыі. У апошнія гады жыцьця распачаў будаўніцтва касьцёлу.

Памёр 17 верасьня 1895 у палацы біскупа Яна Пузыны ў Кракаве. Пахаваны 20 верасьня на Ракавіцкіх могілках. Праз колькі дзён труна перавезеная ў Дзьвінячку, дзе перапахаваная ў грабніцы графаў Кемшыцкіх і Казябродзкіх. 5 чэрвеня труна перавезеная ў Варшаву і часова захоўвалася ў касьцёле Сьвятога Крыжа, а 14 красавіка 1921 урачыста перанесеная ў архікатэдру і зьмешчаная ў падзямельлях.

Бэатыфікацыя і кананізацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Абраз сьвятога Зыгмунта

Бэатыфікацыйны працэс пачаўся 31 траўня 1965 і скончыўся 30 студзеня 1984. 18 жніўня 2002 Папа рымскі Ян Павал II на Кракаўскіх лугох абвясьціў яго бэатыфікаваным.

6 сьнежня 2008 року Кангрэгацыя кананізацыйных справаў абнародавала дэкрэт з прызнаньнем цуду, дасягнутага дзякуючы заступніцтву бл. Зыгмунта Шчэнснага Фялінскага. Ён датычыў ацаленьня сястры Бажэны Зэлек з Таварыства сёстраў Сям’і Марыі, заснаванага Фялінскім, якая пакутавала на страту шпіку. Кананізацыйны працэс быў завершаны падчас канстысторыі 21 лютага 2009 року. Рашэньне пра кананізацыю біскупа прыняў Бэнэдыкт XVI, а сьвятым абвясьціў 11 кастрычніка 2009 у Ватыкане[2].

Літургічныя ўспаміны Зыгмунта Шчэнснага Фялінскага адзначаюцца 17 верасьня.

Рэліквіі Фялінскага знаходзяцца ў касьцёле сьвятога Язэпа ў Кракаве[3].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Zygmunt Szczęsny Feliński, Pamiętniki, Warszawa 1986, s. 526.
  2. ^ Katarzyna Wiśniewska. (11 кастрычніка 2009) Papież ogłosił pięciu nowych świętych, w tym Polaka(пол.) Z życia Kościoła. Gazeta WyborczaПраверана 12 сакавіка 2013 г.
  3. ^ Marzena Gertz. Kanonizacja Błogosławionego Zygmunta Szczęsnego Felińskiego(пол.). Stowarzyszenie PODGORZE.PL. Праверана 12 сакавіка 2013 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ziejka F. W służbie Ojczyźnie i Pani z Jasnej Góry. O życiu i pracach o. Wacława, kapucyna. — Alma Mater, 2007. — С. 94.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Зыгмунт Фялінскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Шаблён:Біскупы варшаўскія