Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар дамініканаў (Дзярэчын)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар дамініканаў
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар дамініканаў. Н. Орда, 21 траўня 1877 г.
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар дамініканаў. Н. Орда, 21 траўня 1877 г.
Краіна Беларусь
Вёска Дзярэчын
Архітэктурны стыль барокавая архітэктура[d]
Заснавальнік Канстантын Палубінскі

Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар дамініканаў — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Дзярэчыне. Знаходзіўся ў цэнтры мястэчка, каля Рынку. Твор архітэктуры барока.

Комплекс складаўся з мураваных касьцёла, кляштарнага корпусу, званіцы і брамы. У другой палове XIX ст. расейскія ўлады зруйнавалі касьцёл, браму і часткова званіцу, а па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зьнішчылі кляштарны корпус і рэшту званіцы.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палац Сапегаў і кляштар. Н. Орда, 21 траўня 1877 г.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1618 пісар слонімскі земскі Канстантын Палубінскі заснаваў у Дзярэчыне касьцёл і кляштар дамініканаў, пры якім адкрыліся школа, бібліятэка і шпіталь. Мураваны касьцёл збудавалі ў 1690 годзе.

У 1741 годзе праводзілася рэканструкцыя касьцёла. У сярэдзіне XVIII ст. замест драўлянага збудавалі мураваны кляштарны корпус.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Дзярэчын апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. Аднак па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 годе расейскія ўлады гвалтоўна ліквідавалі кляштар дамініканаў, а па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў зачынілі касьцёл, які згарэў у 1866 годзе. Неўзабаве касьцёл, браму і верхні ярус званіцы разабралі на цэглу.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зьнішчылі кляштарны корпус і рэшту званіцы.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл — помнік архітэктуры барока. Гэта была 3-нэфавая бязьвежавая базыліка. Галоўны фасад падзяляўся пілястрамі на тры часткі і завяршаўся трыкутным франтонам, над якім узвышалася 4-гранная купальная званіца. Роўнічныя бакавыя фасады рытмічна падзяляліся аркавымі аконнымі праёмамі.

Усярэдзіне бакавыя нэфы падзяляліся на пяць капліцаў, дзьве зь якіх завяршаліся купаламі. Інтэр’ер аздабляўся фрэскавым росьпісам на біблійныя сюжэты, вылучаўся стукавымі алтарамі сьвятых Антонія, Тамаша Аквінскага, Вінцэнта і Анёлаў-Ахоўнікаў. Існавалі хоры, амбон, надмагільлі з скульптурнымі выявамі М. Сапегі і А. Палубінскага.

Кляштар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З правага боку да касьцёла далучаўся 2-павярховы кляштарны корпус складанай плянавальнай арганізацыі з рытмам прастакутных аконных праёмаў.

Званіца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перад касьцёлам асобна стаяла высокая 2-ярусная чацьверыковая вежа-званіца пад фігурным купалам зь сьпічастым шпілем і курантамі[1].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 414.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]