Кубак Гордана Бэнэта (паветраплаваньне)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Спаборніцтвы 2022 року ў Санкт-Галене (Швайцарыя)

Ку́бак Го́рдана Бэ́нэта (па-ангельску: Gordon Bennett Cup, па-француску: Coupe Aéronautique Gordon Bennett) — найбуйнейшае міжнароднае спаборніцтва паветраных шароў(d), называнае нават «сіняй стужкай(d)» аэранаўтыкі. Заснаванае ў 1906 року. Фундатарам узнагароды, як і двух падобных у аўтамабільных гонках ды яхтынгу, стаў спартовы мільянэр з ЗША Джэймз Гордан Бэнэт, уласьнік газэты New York Herald.

Да 1938 спаборніцтвы ладзіліся штороку зь перапынкамі ў часе I сусьветнай вайны і ў 1931 року. Месцам правядзеньня наступнага кубку станавілася краіна-пераможца мінулага году. Пасьля II сусьветнай вайны спаборніцтвы не ўзнавіліся, і толькі ў 1979 року амэрыканец Том Гайнсгаймэр, атмасфэрны фізык, атрымаў дазвол ад праваўладальнікаў на ўзнаўленьне кубку.

Задача ўдзельнікаў спаборніцтва — праляцець як найдалей ад месца старту. Рэкорд паводле даўжыні палёту ўсталяваны ў 1995 року і належыць немцам Вільгельму Аймэрсу і Бэрнду Ляндсману, якія пратрымаліся ў паветры 92 гадзіны, даляцеўшы за гэты час ад Швайцарыі да Латвіі. Рэкорд паводле дальнасьці палёту належыць бэльгійцам Рабэру Бэрбэну і Бэнуа Сымэонсу, якія ў 2005 праляцелі сваім паветраным балёнам 3400 км ад Альбукерке (Нью-Мэксыка, ЗША) да Сэн-Мішэль-дзю-Скватэку (Квэбэк, Канада). Найбольш пасьпяховыя пілёты — францус Вэнсан Лейс зь 9-цю заваяванымі трафэямі з 1997 па 2017 і аўстрыец Ёзэф Штаркбаўм (7-разовы пераможца).

Правілы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У спаборніцтве могуць удзельнічаць любыя нацыянальныя аэраклюбы (НАК), якія выканалі абавязнасьці перад Міжнароднай авіяцыйнай фэдэрацыяй. Кожная фэдэрацыя мае права выставіць да трох камандаў з грамадзянаў сваёй краіны. Пілёты мусяць мець ня меней за 50 гадзінаў досьведу кіраваньня і мець дазвол на начныя палёты. Прынамсі адзін удзельнік каманды мусіць валодаць ангельскай мовай для сувязі з авіяцыйна-дыспэтчарскай службай.

Каманда-пераможца атрымлівае Кубак Гордана Бэнэта ў паветраплаваньні, а фэдэрацыя атрымлівае права правядзеньня спаборніцтва праз два гады (першапачаткова — на наступны год). Калі каманды аднае фэдэрацыі перамагаюць тры гады запар, кубак застаецца ёй назаўсёды. Упершыню трохразовымі пераможцамі сталі каманды з Бэльгіі (1922—1924). Каманды ЗША заваёўвалі кубкі такім чынам двойчы запар (1926—1932). Паўтарыць гэтае дасягненьне змаглі аўстрыйцы ўжо ва ўзноўленым кубку ў 1985—1990 роках.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У першым турніры 1906 року ўзялі ўдзел 16 камандаў. Пераможцамі сталі пілёты ЗША Фрэнк Пэрдзі Лам і Генры Герсі, якія пераляцелі з Францыі больш як на 640 км да паўночна-ўсходняга ўзьбярэжжа Ангельшчыны.

У бэрлінскай гонцы 1908 року адразу пасьля ўзьлёту паветраны шар Conqueror паветраплаўцаў ЗША зачапіўся за плот, пазбавіўся двух баляставых мяхоў, хутка ўзьляцеў і праз тры хвіліны разарваўся. Экіпаж хутка пазбавіўся балясту, але падзеньне запаволілася дзякуючы трапляньню ў паветраную плыню і расьцягненьню разарванай тканіны накшталт парашуту. Пры ўдары каша аб дах дома пілёты Голанд Форбс і Агастас Пост здолелі падскочыць і засталіся цэлымі. Conqueror быў найбольшым паветраным шарам у гісторыі спаборніцтва вышынёй 24 м і аб’ёмам газа 2300 м². У гэтай жа гонцы быў усталяваны сусьветны рэкорд паводле даўжыні бесьперасадкавых палётаў — 73 гадзіны — пераадолены толькі ў 1995 року.

Сутыкненьне двух паветраных балёнаў ў 1923 року ў Брусэлі (Бэльгія)

Пераможцы спаборніцтва 1910 року Алан Гоўлі і Агастас Пост ўсталявалі тагачасны рэкорд і паводле даўжыні палёту (1888 км), і паводле працягласьці (44 гадзіны 25 хвілінаў), аднак селі пасярод квэбэцкіх нэтраў. Цэлы тыдзень пра іх не было ніякіх зьвестак, нягледзячы на арганізаваныя пошукі. Празь дзесяць дзён іх вывелі мясцовыя паляўнічыя, якія натрапілі на паветраплаўцаў выпадкова. Гоўлі меў траўму калена, але ў астатнім усё скончылася добра.

23 верасьня 1923 року пяць удзельнікаў загінулі, яшчэ шэсьць былі параненыя ўдарамі маланкі.

У 1931 року спаборніцтвы не адбыліся з прычыны недастатковай колькасьці ўдзельнікаў. У міжваенны пэрыяд кубак назаўсёды пакінулі ў сябе фэдэрацыі Бэльгіі (1924), ЗША (1928, 1932) і Польшча (1935).

Спаборніцтвы ў 1939 року былі заплянаваныя на 3 верасьня ў Львове (Польшча), аднак з прычыны нямецкага нападу кубак ня ладзіўся да канца Другой сусьветнай вайны.

Пасьля ўзнаўленьня спаборніцтва ў 1979 року амэрыканцам Томам Гайнсгаймэрам яно чатыры гады ладзілася без афіцыйнай санкцыі МАФ. З 1983 року эксклюзіўныя правы на правядзеньне кубку перайшлі да МАФ. Гайнсгаймэр спрабаваў і далей ладзіць падобныя спаборніцтвы з падобнымі назвамі.

У 1983 року пілёты ЗША Максі Андэрсан і Дон Іда загінулі пры спробе ўнікнуць перасячэньня мяжы Нямецкай дэмакратычнай рэспублікі. Яны ўдзельнічалі ў паралельным кубку Гордана Бэнэта спаборніцтве — «Кубку Шарля і Рабэра» — названага ў гонар вынаходнікаў газавага балёну. Пасьля іхняй сьмерці гэты кубак больш не праводзіўся.

12 верасьня 1995 року тры газавыя балёны з турніру заляцелі ў беларускую паветраную прастору. Нягледзячы на тое, што арганізатары загадзя праінфармавалі беларускі ўрад пра правядзеньне гонкі, аднак верталёт беларускі вайсковы верталёт Мі-24 зьбіў адзін з шароў, у якім загінулі грамадзяне ЗША Алан Фрэнкель і Джон Сьцюарт-Джэрвіс. Адзін з балёнаў быў прымусова прыземлены, трэці пасьпяхова прызямліўся празь дзьве гадзіны. Іхніх удзельнікаў экіпажаў аштрафавалі за перасячэньне беларускай мяжы бязь візы; за забойства Беларусь так і ня выбачылася. У гэтым жа годзе быў пабіты рэкорд паводле даўжыні пералёту: нямецкі экіпаж Вільгельма Аймэрса і Бэрнда Ляндсмана за 92 гадзіны 11 хвілінаў праляцелі ад Швайцарыі да Латвіі.

У 2005 року бэльгійскі экіпаж Рабэра Бэрбэна і Бэнуа Сымэонса пабіў рэкорд паводле дальнасьці пералёту, праляцеўшы 3400 км ад Альбукерке (Нью-Мэксыка, ЗША) да Сэн-Мішэль-дзю-Скватэку(d) (Квэбэк, Канада).

29 верасьня 2010 року экіпаж амэрыканцаў з Рычарда Абруца і Карала Раймэра Дэйвіса зьнік у шторме над Адрыятычным морам. Іхнія пошукі былі спыненыя 4 кастрычніка. Рэшткі каша зь целамі выявілі італьянскія рыбакі 6 сьнежня.

Пасьля ўзнаўленьня кубак пакідалі ва ўласнасьць фэдэрацыі Аўстрыі (1987, 1990) і Францыі (2003, 2013).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Castellani, Antonio; I cavalieri del cielo. Storia della Gordon Bennett Balloon Cup, Firenze, LoGisma, 2013 ISBN 88-97530-12-5.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]