Лёгкія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Лёгкія чалавека

Лё́гкія (па-лацінску: pulmo, па-грэцку: πνεύμων) — органы паветранага дыханьня ў чалавека, усіх сысуноў, птушак, паўзуноў, большасьці земнаводных. Таксама маюцца ў некаторых рыбаў — двудыхаль (па-лацінску: Dipnoi), гронкапёрых (па-лацінску: Sarcopterygii) і род шматпёраў (па-лацінску: Polypterus). Лёгкімі называюць таксама органы дыханьня ў некаторых беспазваночных жывёлаў (у малюскаў, галятурый).

У лёгкіх ажыцьцяўляецца газаабмен паміж паветрам, якое знаходзіцца ў парэнхіме лёгкіх і крывёю, якая працякае па лёгачных капілярах.

Параўнальная анатомія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У рыб, якія маюць лёгкія, апошнія зьяўляюцца дадатковым органам дыханьня і функцыянуюць нароўні з органамі воднага дыханьня — жэбрамі (ці шчэлепамі).

У паўзуноў і птушак лёгкія зьмяшчаюцца ў грудным аддзеле агульнай поласьці цела, а ў сысуноў і чалавека — у адмысловай грудной поласьці, якая аддзеленая ад брушной поласьці грудабрушнай перапонай.

Лёгкія зьяўляюцца парнымі органамі: звонку пакрытыя сярознай абалонкай — плеўрай, якая ў сысуноў і ў чалавека высьцілае таксама грудную поласьць і пярэднюю (у чалавека — верхнюю) паверхні грудабрушнай перапоны.

У будове лёгкіх наземных хрыбетных жывёлаў можна назіраць усе пераходы ад мешкавідных гладкасьценных лёгкіх (у пастаяннажэбравых земнаводных) да лёгкіх, сьценкі якіх маюць складаны сітаватую і губчатую будову дзякуючы наяўнасьці ў лёгкіх шматлікіх вырастаў і ўтвораных імі бурбалак — альвеолаў, якія павялічваюць дыхальную паверхню лёгкіх (у большасьці сысуноў).

Лёгкія сысуноў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лёгкія ў большасьці сысуноў складаюцца з доляў, колькасьць якіх у правым лёгкім (да 6 доляў) заўсёды больш, чым у левым (да 3 доляў). Шкілет (аснову) лёгкіх складаюць бронхі. У лёгкіх сысуноў галоўны бронх (які адыходзіць ад дыхальнага горла) дзеліцца на другасныя бронхі, якія, у сваю чаргу, распадаюцца на ўсё мяльчэйшыя бронхі 3-а і 4-а парадку, пераходзячыя ў дыхальныя бранхіолы; сканчаюцца гэтыя бранхіолы г. зв. альвэалярнымі бранхіоламі зь іх канчатковымі пашырэньнямі — альвэоламі. Бранхіолы зь іх разгалінаваньнямі ўтвараюць долькі лёгкіх, аддзеленыя адзін ад аднаго праслойкамі злучальнай тканіны; дзякуючы гэтаму лёгкія сысуноў падобныя на шышак вінаграду.

Лёгкія чалавека[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Схема лёгкіх чалавека. 1) Трахея; 2) Лёгачная артэрыя; 3) Лёгачная вена; 4) Альвэалярны ход; 5) Альвэолы; 6) Сэрцавы выраз левага лёгкага; 7) Бранхіолы; 8)Троесныя бронхі; 9) Другасныя бронхі; 10) Галоўныя бронхі; 11) Дыхніца

Лёгкія ў чалавека — парны орган дыханьня. Лёгкія закладзены ў грудной поласьці, прылягаючы справа і зьлева да сэрца. Яны маюць форму паўконуса, аснаваньне якога разьмешчана на дыяфрагме, а верхавіна выступае на 1-3 см вышэй за раменьніцу. Правае лёгкае складаецца з 3, а левае з 2 доляў. Шкілет лёгкага ўтвараюць бронхі, якія разгаліноўваюцца дрэвападобным чынам. Кожнае лёгкае пакрыта сярознай абалонкай — лёгачнай плеўрай і ляжыць у плеўральным мяшку. Нутраная паверхня грудной поласьці пакрытая прысьценкавай плеўрай. Звонку кожная з плеўраў мае пласт злозавых вузаў, якія вылучаюць плеўральную вадкасьць у плеўральную шчыліну (прастора паміж сьценкай грудной поласьці і лёгкім). З унутранай (сэрцавай) паверхні ў лёгкіх маецца паглыбленьне — вароты лёгкіх. У іх уваходзяць бронхі, лёгачная артэрыя, і выходзяць дзьве лёгачных вены. Лёгачная артэрыя разгаліноўваецца паралельны галінаваньню бронхаў.

Тканіна лёгкага складаецца зь пірамідальнай формы долек (даўжынёй 25 мм, шырынёй 15 мм), аснова якіх зьвернутая да паверхні. У вяршыню долькі ўваходзіць бронх, які пасьлядоўным дзяленьнем утварае ў ёй 18-20 канцавых бранхіолаў. Кожная з апошніх сканчаецца структурна-функцыянальным элемэнтам лёгкіх — ацынусам. Ацынус складаецца з 20-50 альвэалярных бранхіолаў, якія дзеляцца на альвэалярныя хады; сьценкі тых і іншых густа ўсеяныя альвэоламі. Кожны альвэалярны ход пераходзіць у канцавыя аддзелы — 2 альвэалярных мяшочкі.

Альвэолы (дыямэтар — 0,15 мм) уяўляюць сабой паўшаравідныя выпукленьні і складаюцца з злучальнай тканіны і элястычных валокнаў, высланыя тонкім празрыстым эпітэліем і аплеценыя сеткай крывяносных капіляраў. У альвэолах адбываецца газаабмен паміж крывёй і атмасфэрным паветрам. Пры гэтым кісларод і Дыяксід вугляроду (вуглякіслы газ) праходзяць падчас дыфузіяў шлях ад эрытрацыту крыві да альвэолы, пераадольваючы сумарны дыфузійны бар’ер з эпітэлія альвэолаў, базальнай мэмбраны і сьценкі крывяноснага капіляра, агульнай таўшчынёй да 0.5 мкм, за 0.3с[1].

Вэнтыляцыя лёгкіх[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры ўдыху ціск у лёгкім ніжэй за атмасфэрны, а пры выдыху — вышэй, што дае магчымасьць паветру паступаць унутр лёгкага. Існуе некалькі выглядаў дыханьня:

  • рэбравае або грудное дыханьне
  • брушное або дыяфрагмальнае дыханьне

Рэбравае дыханьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У месцах далучэньня рэбраў да хрыбетніцы ёсьць пары цягліцаў, якія мацуюцца адным канцом да рабра, а іншым — да хрыбеткі. Тыя цягліцы, якія мацуюцца з дарсальнага боку цела, завуцца вонкавыя міжрэбравыя цягліцы. Яны разьмешчаныя напрасткі пад скурай. Пры іх скарачэньні рэбры рассоўваюцца, рассоўваючы і прыўздымаючы сьценкі грудной поласьці. Тыя цягліцы, якія разьмешчаны з вэнтральнага боку завуцца нутранымі міжрэбравымі цягліцамі. Пры іх скарачэньні сьценкігрудной поласьці зрушваюцца, памяншаючы аб’ём лёгкіх. Яны выкарыстоўваюцца пры аварыйным выдыху, бо выдых — зьява пасіўная. Спад лёгкага адбываецца пасіўна з прычыны элястычнай цягі лёгачнай тканіны.

Брушное дыханьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Брушное або дыяфрагмальнае дыханьне выконваецца ў прыватнасьці з дапамогай дыяфрагмы. Дыяфрагма мае ў расслабленым стане форму купалу. Пры скарачэньні цягліцаў дыяфрагмы купал становіцца плоскім, у выніку чаго аб’ём грудной поласьці павялічваецца, а аб’ём брушной поласьці памяншаецца. Пры расслабленьні цягліцаў дыяфрагма прымае зыходнае становішча за кошт яе пругкасьці, перападу ціску і ціску органаў, зьмешчаных у брушной поласьці.

Актыўны выдых/удых[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры актыўным выдыху (напрыклад кашаль, чых) выкарыстоўваецца мускулатура брушнога прэса, дыяфрагмы і межрэбравыя цягліцы. Пры глыбокім удыху выкарыстоўваецца мускулатура плечавага поясу.

Ёмістасьць лёгкіх[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Поўная ёмістасьць лёгкіх роўная 5000 см³, жыцьцёвая (пры максымальным удыху і выдыху) — 3500—5000 см³; звычайны ўдых складае 500 см³. Лёгкія багата забясьпечаны адчувальнымі, вэгетатыўнымі нэрвамі і лімфатычнымі судзінамі.

Рэгуляцыя дыханьня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дыханьне рэгулюецца ў цэнтрах удыху і выдыху. Адны рэцэптыўныя палі знаходзяцца ў раёне дыхальнага цэнтру на мяжы паміж падоўжаным мозгам і заднім. Рэцэптары, з дапамогай якіх адбываецца рэгуляцыя дыханьня, разьмяшчаюцца на крывяносных судзінах (хэмарэцэптар, які рэагуе на канцэнтрацыю дыяксіду вуглярода і, у меншай ступені, кіслароду), на сьценках бронхаў (барарэцэптары, што рэагуюць на ціск у бронхах). Некаторыя рэцэптыўныя палі знаходзяцца ў каратыдным сынусе (месца разыходжаньня вонкавых і нутраных сонных артэрыяў). Таксама сымпатычная і парасымпатычная сыстэмы могуць зьмяняць прасьвет бронхаў.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]