Насеньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Насеньне дзьмухаўца

Насе́ньне — асаблівая мнагаклетачная структура складанай будовы, якая служыць для размнажэньня й расьсяленьня насенных расьлінаў, звычайна разьвіваецца пасьля апладненьня зь семязачатку (перайначаны жаночы спарангій) і якая зьмяшчае зародак.

Памеры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мінімальныя памеры маюць насеньне архідных і заразіхавых; іх маса складае 0,001—0,003 мг. Максымальнага памеру дасягае насеньне сэйшэльскай пальмы Lodoicea maldivica (маса каля 20 кг).

Роля[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Многія арганізмы (ад грыбоў і бактэрыяў да птушак і сысуноў) сілкуюцца ў значнай ступені, а часам і выключна насеньнем. Насеньне складае аснову ежы такіх жывёлаў, як некаторыя насякомыя й іхныя лічынкі (напрыклад, мурашы-жняцы), зернеедныя птушкі, грызуны (бурундукі, вавёркі, хамякі й інш.).

Аснову рацыёну чалавека з часоў узьнікненьня земляробства ў большасьці рэгіёнаў сьвету таксама складае насеньне, у першую чаргу, культурных злакаў (пшаніцы, рысу, кукурузы й інш.). Галоўнае пажыўнае рэчыва, зь якім чалавецтва атрымлівае найбольшую колькасьць калорыяў, — крухмал, які зьмяшчаецца ў насеньні злакаў. Важнай крыніцай бялкоў для чалавецтва служыць таксама насеньне бабовых расьлінаў — соі, фасолі й інш. Насеньне зьяўляецца асноўнай крыніцай расьлінных алеяў, якія здабываюць з насеньня сланечніку, рапсу, кукурузы, ільну, бавоўны й многіх іншых алейных культур.

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Улетку 2013 году 76% пасяўных плошчаў у краіне займалі 316 гатункаў насеньня збожжа і зернебабовых беларускай сэлекцыі, вартасьць якіх перавышала $700 млн. У 2013 годзе УП «Навукова-практычны цэнтар земляробства» (Жодзін, Менская вобласьць), якое належала Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, паставіла ў 35 вобласьцяў Расеі звыш 70 гатункаў насеньня збожжа ўласнай сэлекцыі, а таксама насеньне алейных і зернебабовых культураў. Агулам насеньнем з жодзінскага «НПЦ земляробства» за мяжой засеялі звыш 2 млн гектараў, у тым ліку ў Латвіі, Летуве і Ўкраіне, Ангельшчыне і Нямеччыне[1].

У 2022 годзе беларускае насеньне скарысталі на 67 % пасяўных плошчаў. На больш як 80 % плошчаў беларускія гатункі выкарысталі пры пасеве пшаніцы і трыцікале, рапсу і грэчкі, а таксама проса. За 2007—2022 гады доля айчыннага насеньня кукурузы ў насенным фондзе дасягнула 70 %, хоць 15-ю гадамі раней такое насеньне адсутнічала[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Мікалай Шлома. «Генафонд» хлебнай ніве // Зьвязда : газэта. — 27 жніўня 2013. — № 159 (27524). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Брыло пра беларускае насеньняводзтва: гадоў 15 таму пра такое можна было толькі марыць // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 5 верасьня 2022 г. Архіўная копія ад 5 верасьня 2022 г. Праверана 5 верасьня 2022 г.