Нэаліт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рэшткі нэалітычнага посуду (Музэй старажытнабеларускай культуры, Менск).

Нэалі́т ці «Новы» Каменны век (з стар.-грэц. νέος — новы + λίθος — камень) — пэрыяд разьвіцьця чалавецтва, які завяршае Каменны век. У розных частках Зямлі нэаліт пачаўся ў розны час. На Блізкім Усходзе нэаліт пачаўся каля 9500 году да н. э. Асаблівай рысай наэліту стала зьяўленьне каменных прылад, апрацаваных шліфоўкай ды паліраваньнем. Пэрыяд характарызуецца пераходам да расьлінаводзтва, пераважна вырошчваньнем злакаў (гэтак званая «Нэалітычная рэвалюцыя», якая ў шэрагу рэгіёнаў сьвету не адбылася або нават наступала бяз стадыі мэзаліту). Такі пераход спрыяў пераходу ад качавога да аседлага жыцьця і зьяўленьня вёсак. У 5-3 тысячагодзьдзях да н. э. на Зямлі ўсталяваўся цёплы і вільготны клімат[1] (эпоха галяцэну). Археалягічныя знаходкі сьведчаць пра тое, што пераход ад зьбіральніцтва да вырошчваньня прадуктаў харчаваньня пачаўся на тэрыторыі Урадлівага паўмесяца[2] і адбываўся пасьлядоўна ў рэгіёнах Паўднёва-Усходняй Эўропы, астатняй Эўропы. У Азіі нэалітычныя культуры разьвіваліся самастойна — земляробства тут было заснавана на рысе[3]. Колькасьць насельніцтва Зямлі ў эпоху нэаліту ацэньваецца ў 30-50 млн чалавек[4]. Асноўным інстумантам для вытворчасьці вырабаў застаецца крэмень. У нэаліце для яго здабычы пачынаюць выкарыстоўваць шахтны мэтад[5]. Падчас нэаліту зарадзілася ганчарства, узьнікла ткацтва, чалавецтва вынайшла хлеб, гаршчок, човен, пачалася здабыча золата, карова стала хатняй жывёлай. У канцы нэаліту чалавек пачаў займацца жывёлагадоўляй, што дазволіла паменшыць залежнасьць ад паляваньня. Таксама паменшыліся ролі рыбалоўства і зьбіральніцтва. Такім чынам, адбыўся адыход ад эканомікі, заснаванай на паляваньні і зьбіральніцтве, і зьявілася больш часу на спэцыяльныя рамёствы.

Нэаліт закончыўся з шырокім распаўсюджаньнем мэталічных інструмэнтаў у медным веку ці бронзавым веку ці адразу ў жалезным веку ў залежнасьці ад геаграфічнага рэгіёну (энэаліт).

Тэрмін «нэаліт» упершыню ўведзены ва ўжваньне Джонам Лебакам у 1865 годзе[6].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Зуева [Вайтовіч] А. У. Вучэбна-метадычны комплекс па дысцыпліне «Археалогія». Канспект лекцый. — С. 39.
  2. ^ Neolithic (анг.) Encyclopedia Britannica Праверана 9 ліпеня 2023 г.
  3. ^ Неолит (рас.) Энциклопедия Кругосвет Праверана 9 ліпеня 2023 г.
  4. ^ Козлов В. И. Динамика численности народов. Методология исследования и основные факторы. — М.: Наука, 1969. — 407 с.
  5. ^ Егорейченко А. А., Загорульский Э. М. Учебно-методический комплекс по дисциплине «Археология». Конспект лекций. — С. 11.
  6. ^ Балабина В. И., Деопик Д. В. и др. Неолит Большая российская энциклопедия. Электронная версия (2017) Праверана 9 ліпеня 2023 г.