Палацава-паркавы комплекс Грабоўскіх (Падароск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Палацава-паркавы комплекс Грабоўскіх
Палац Грабоўскіх
Палац Грабоўскіх
Краіна Беларусь
Вёска Падароск
Каардынаты 52°58′39.2″ пн. ш. 24°37′13.78″ у. д. / 52.977556° пн. ш. 24.6204944° у. д. / 52.977556; 24.6204944Каардынаты: 52°58′39.2″ пн. ш. 24°37′13.78″ у. д. / 52.977556° пн. ш. 24.6204944° у. д. / 52.977556; 24.6204944
Архітэктурны стыль клясыцызм
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Палацава-паркавы комплекс Грабоўскіх на мапе Беларусі
Палацава-паркавы комплекс Грабоўскіх
Палацава-паркавы комплекс Грабоўскіх
Палацава-паркавы комплекс Грабоўскіх
Палацава-паркавы комплекс Грабоўскіх на Вікісховішчы

Палацава-паркавы комплекс Грабоўскіх — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва канца XVIII ст. у Падароску. Знаходзіцца на паўднёвай ускраіне колішняга мястэчка, на беразе ракі Зальвянкі. Твор архітэктуры клясыцызму. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс падзяляецца на дзьве часткі дарогай з Ваўкавыску на Ружаны. На захад ад дарогі знаходзіцца аточаны агароджай з брамай палацава-паркавы комплекс, які складаецца з палаца, парку, аранжэрэі, саварні і кузьні, на ўсход ад дарогі — былы гаспадарчы двор. Ад уласна Падароску комплекс аддзяляецца ракой. Асобна на ўзвышшы разьмяшчалася капліца-пахавальня (захаваліся руіны).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першымі вядомымі ўладальнікамі маёнтку Падароску былі Клочкі. У сярэдзіне XVIII ст. ён перайшоў да Грабоўскіх, якія збудавалі мураваны палац.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сядзіба, 1905 г.

25 кастрычніка 1843 года маёнтак Падароск набылі Яўстах і Альжбета Пухальскія. У 1861 годзе Альжбета Пухальская адпісала маёнтак пляменьніку Альбіну Чачоту, ад яго Падароск перайшоў да дачкі Альжбеты. У 1875 годзе Альжбета ўзяла шлюб з Раманам Бохвіцам.

У 1860-я гады пачала фармавацца забудова гаспадарчага двара, якая складалася зь вінакурні і некаторых іншых мураваных пабудоваў. На 1900 год вінакураня належала Альжбеце Бохвіц і выпрацоўвала бульбяны і збожжавы сьпірт. На заводзе працавала 8 чалавек. Паводле інвэнтара 1911 году, у маёнтку было дзьве вінакурні, цагельня, шкіпідарны завод, вадзяны млын, некалькі дамоў для работнікаў, кароўнік на 130 кароваў, аўчарня з 2000 авечак, хлявы. У гаспадарцы былі паравая малацілка, паравая машына для здабычы торфу, іншыя сельскагаспадарчыя прылады.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апошнім уладальнікам маёнтку быў сын Альжбеты і Рамана Атон Бохвіц (1880—1939), арыштаваны савецкімі ўладамі, памёр у турме ў Ваўкавыску. За савецкім часам у палацы сьпярша разьмяшчалася сярэдняя школа, пазьней будынак падзялілі паміж калгаснай управай і музычнай школай, у аранжарэі разьмяшчалася малачарня, а крыпта капліцы-пахавальні выкарыстоўвалі як скотамагільнік.

У пачатку 2000-х гадоў закрыўся сьпіртавы завод, які месьціўся ў будынках вінакурні. З пачатку 2004 году будынкі сядзібы пуставалі і паступова занепадалі.

У 2013 годзе праз аўкцыён палацава-паркавы комплекс набыў прадпрымальнік Павал Падкарытаў. Ён стварыў прыватнае прадпрыемства «Маёнтак Падароск», якое ставіць за мэту аднаўленьне ўсяго комплекса. У сядзібе прайшлі археалягічныя і архітэктурныя дасьледаваньні, праводзіўся аналіз паркавых насаджэньняў. Новы ўласьнік аднавіў галоўную браму, прыстасаваў да выкарыстаньня ў турыстычных мэтах былыя саварню і кузьня. Вядзецца падрыхтоўка да пачатку аднаўленьня палаца і адкрыцьця ў ім музэя гісторыі беларускай шляхты.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Брама

Палац — помнік архітэктуры клясыцызму. 1-павярховы прастакутны ў пляне выцягнуты будынак мае сымэтрычную кампазыцыю з 2-павярховай мураванай цэнтральнай часткай, вылучанай на галоўным фасадзе глыбокім портыкам з трыкутным франтонам. Атынкаваныя драўляныя бакавыя крылы маюць высокія вальмавыя дахі. У портыку спалучаюцца слупы, калёны, аркада (на першым паверсе), якая падтрымлівае шырокую тэрасу. Уваход праз паўратонду з бальконам над ёй. Прастакутныя вокны аздабляюцца прафіляванымі ліштвамі[1]. З тыльнага боку будынка была тэраса зь невысокай балюстрадай, якая не захавалася.

Пачатковы анфілядна-калідорны плян зьямнілі ў паваенныя часы. Цэнтральнай восьсю галоўнага ўвахода ў дом разьмяшчаўся вэстыбюль, адкуль вялі сходы на мэзанін. Вэстыбюль аздабляўся вялікімі, ад падлогі да столі, люстрамі. На першым паверсе было дзесяць вялікіх пакояў. Цэнтральнае месца ў доме займаў вялікі хол зь дзьвюмя чырвонымі канапамі і сакратэрам. У гасьцёўні камін аздабляла конная скульптура Яна Сабескага, а таксама партрэты Бохвіцаў і Чачотаў. Салён мэбляваўся ў стылі ампір, а ў ядальні, якая часам выкарыстоўвася як капліца, быў вялікі авальны стол[2].

Парк[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пэйзажны парк, які атачае палац, ад пачатку складаўся з партэрнай і пэйзажнай частак, аб’яднаных дзьвюмя пэйзажнымі алеямі. Газон з параднага боку палаца меў форму прастакутніка, акружанага дорогай. Пасярод яго была гульнявая пляцоўка. Пэрымэтрам газона ў цёплы час выстаўляліся расьліны, якія расьлі ў аранжарэі (альяс, агава, кактус ды іншыя). Найбольшыя экзэмпляры субтрапічных расьлінаў выстаўляліся перад аранжарэяй. У парку пераважаюць мясцовыя пароды дрэваў: бяроза, клён, ліпа ды іншыя. На 1987 год у парку было 23 віды дрэўных расьлінаў, у тым ліку елка, валоскі арэх, лістоўніца, рабінія.

Парадная частка двара і парк атачаюцца з двух бакоў капітальнай цаглянай агароджай, слупы якой маюць арыгінальнае завяршэньне[3].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 378.
  2. ^ Aftanazi R. Dzieje rezydencji n dawnych kresach Rzeczypospolitej. Tom 2. — Wrocław, 1992. S. 314—316.
  3. ^ Федорук А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Мн., 1997. С. 145.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  412Г000113