Працягласьць жыцьця

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Працягласьць жыцьця — працягласьць існаваньня асобіны, абумоўленая паходжаньнем і вонкавымі чыньнікамі. Сярод расьлінаў найбольшая ў: асьцістай хвоі і баабаба — 4—5 тыс. гадоў; сэквоядэндрана, ціса і кіпарыса — да 3 тыс. гадоў; дуба, каштана і грэцкага арэха — звыш 2 тыс. гадоў. Сярод жывёлаў — у чарапахі (звыш 150 гадоў) і двухстворкавых малюскаў (да 100 гадоў); асятровых рыбаў (да 100 гадоў) і шчупакоў (звыш 80 гадоў); сланоў (60-70 гадоў); пугачоў (да 70 гадоў) і кондараў (да 40 гадоў) сярод птахаў. У некаторых амёбаў пры спрыяльных умовах адсутнічае абмежаваньне працягласьці жыцьця. Клёны парамэцыяў (інфузорыяў туфэлькі) жывуць да 10 гадоў. У чалавека вызначаецца побытам, працай, адпачынкам, харчаваньнем, станам навакольнага асяродзьдзя і спадчыннымі асаблівасьцямі[1].

Сінім колерам пазначаныя краіны на поўдні Афрыкі, дзе мужчыны жывуць даўжэй за жанчынаў (2015 г.)

Віды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У жывёлаў і расьлінаў

  • сярэдняя: узрост, якога ў сярэднім дасягаюць асобіны пэўнай выбаркі аднаго віду;
  • фізыялягічная: найбольшая магчымая для асобінаў дадзенага віду пры найлепшых умовах, абумоўленая паходжаньнем;
  • экалягічная: мяжа ўзросту асобінаў у прыродных умовах, якая залежыць ад зьнешніх чыньнікаў[1].

У чалавека

  • статыстычная: сярэдні паказьнік табліцаў сьмяротнасьці;
  • чаканая: сярэдні ўзрост, якога могуць дасягнуць людзі з пакаленьня народжаных або дасягнуўшых пэўнага ўзросту, калі цягам далейшага жыцьця гэтага пакаленьня ў кожным узросьце захаваецца інтэнсіўнасьць сьмяротнасьці дадзенага пэрыяду[1].
Працягласьць жыцьця людзей у гадах на 2012 г. па краінах:

     >80

     77.5-80

     75-77.5

     72.5-75

     70-72.5

     67.5-70

     65-67.5

     60-65

     55-60

     50-55

     45-50

     40-45

     <40

Чалавек[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Працягласьць жыцьця чалавека залежыць на: 51% ад спосабу жыцьця (побыту, працы, адпачынку і харчаваньня), 20% ад спадчыннасьці, 20% ад стану навакольнага асяродзьдзя і на 9% ад узроўню разьвіцьця аховы здароўя. На 1999 г. найбольшую чаканую працягласьць жыцьця мелі жыхары наступных краінаў Паўночнага паўшар’я: Японія — 80 гадоў; Канада, Швайцарыя і Швэцыя — па 79 гадоў. Найменшы паказьнік чаканай працягласьці жыцьця мелі жыхары наступных краінаў Афрыкі: Малаві — 36 гадоў, Замбія — 37 гадоў, Этыёпія і Ўганда — па 41 годзе. У меншасьці краінаў чаканая працягласьць жыцьця мужчынаў перавышала адпаведны паказьнік у жанчынаў[1]: Аўганістан, Батсвана, Бутан, Зымбабвэ, Лесота, Мазамбік, Малі, Намібія, Нігер, Нэпал, Паўднёвая Афрыка, Сўазілэнд, Трынідад і Табага.

Няроўнасьць працягласьці жыцьця па краінах між мужчынамі і жанчынамі (2011 г.)

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1958—1959 гг. чаканая працягласьць жыцьця ў Беларусі склала 70 гадоў. У 1964—1969 гг. вырасла да 72 гадоў. У 1999 г. узровень чаканай працягласьці жыцьця ўпаў да 68 гадоў. Адзначалася 10-гадовая няроўнасьць працягласьці жыцьця паводле плоці: у мужчынаў 64 гады, у жанчынаў 74. Паводле перапісу насельніцтва Беларусі 1999 г., у краіне налічвалася 104 мужчыны-доўгажыхары (11%) ва ўзросьце звыш 100 гадоў і 877 жанчынаў[1]. У 2012 г. няроўнасьць працягласьці жыцьця паводле плоці павялічылася да 12 гадоў: 64 гады ў мужчынаў і 76 — у жанчынаў[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д Дз.М. Кудзелька. Працягласьць жыцьця // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 13. — С. 34-35. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0216-4
  2. ^ Сьвятлана Бусько. Якія мы // Зьвязда : газэта. — 19 красавіка 2012. — № 76-77 (27191-27192). — С. 1, 4. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Працягласьць жыцьцясховішча мультымэдыйных матэрыялаў