Стэфанія Ўланоўская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Стэфáнія Ўланóўская (па-польску: Stefania Ulanowska, 1839, Беларусь ― памерла пасьля 1912) ― польская і беларуская пісьменьніца, фальклярыстка, адна зь першых польскіх этналягіняў, дасьледніца латгальскай мовы і народнай сымболікі, супрацоўніца Акадэміі ведаў (Кракаў).

Стэфанія Ўланоўская
Stefania Ulanowska
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы E.S.
Нарадзілася 1839(1839)
Беларусь
Памерла пасьля 1912
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці Фальклярыстка, этнографка, пісьменьніца, дасьледніца латгальскай мовы
Мова Польская
Дэбют 1883
Значныя творы Łotysze Inflant polskich, a w szczególności z gminy wielońskiej pow. Rzeżyckiego. Obraz etnograficzny przez Stefaniję Ulanowską, cz I–III (1891, 1892, 1895)

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дакладнае месца і дата нараджэньня Стэфаніі Ўланоўскай не вядомыя. Зь ейнай аповесьці «Dziewięć i pół dusz. Z pamiętnika starej obywatelki» (1912) (Дзевяць з паловай душаў. Зь дзёньніка старой грамадзянкі) вынікае, што яна нарадзілася ў 1839 г. у «любімай Беларусі», якая магла быць усходняй, беларускай часткай Віцебскай губэрні або паўночна-ўсходняй ускраінай Магілёўскай губэрні[1]. Ейны бацька — Эдмунд Балеўскі, маці — Юзэфа Гацацкая. Бацька рана памёр, таму Стэфанію выхоўвала маці. Яна таксама была ейнай першай настаўніцай. У наступныя гады Стэфанія атрымала «сыстэматычную адукацыю», але падрабязнасьці невядомыя[2].

2 чэрвеня 1860 году выйшла замуж за Ўладзіслава Ўланоўскага (герб Суліма) у Віляцы. Уладзіслаў скончыў права і мэдыцыну. Праз два гады ў Балтынаве нарадзіўся іх адзіны сын Адам. У той жа год сям'я пераехала ў Вільню. Аднак у сувязі з Студзеньскім паўстаньнем і высылкай Уладзіслава ўглыб Расеі яны пражылі ў Вільні нядоўга. У 1871 годзе пасьля вяртаньня з высылкі сям'я Ўланоўскіх пераехала ў Кракаў, дзе Ўладзіслаў меў намер атрымаць ступень доктара мэдыцыны, але праз два гады памёр ад халеры. Уланоўская з сынам вярнулася ў Латвію[3].

У наступныя гады Ўланоўская шмат падарожнічала, што было зьвязана з адукацыяй ейнага сына, а таксама з палявымі дасьледаваньнямі, якія яна праводзіла. Шмат фактаў зь ейнага жыцьця вядома зь ейнага ліставаньня з Я. Карловічам[4].

Напрыканцы жыцьця яна, верагодна, вярнулася ў родную Беларусь, пра што можна меркаваць па адным з апошніх ейных твораў «Дзевяць з паловай душаў...»[5].

Дата і месца сьмерці Стэфаніі Ўланоўскай невядомыя[6].

Навуковая і літаратурная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Навуковая дзейнасьць Стэфаніі Ўланоўскай пачалася ў 1883 годзе зь ейнай першай публікацыі «Godne święta w górach». У канцы 1880-х жыла ў Вілянах, дзе зьбірала матэрыялы і пісала дасьледчую працу пра мясцовых латышоў. У 90-х яна пераехала ў Маскву, адкуль дасылала допісы ў «Kurier Warszawski»[7].

У гэты час яна таксама працавала хатняй настаўніцай. Дасьледніца валодала расейскай, ангельскай, францускай, нямецкай і латгальскай мовамі[8].

Уланоўская была адной з васьмі жанчынаў, якія ў другой палове ХІХ ст. зьбіралі народныя матэрыялы і адпраўлялі іх у Акадэмію ведаў (навукі) ў Кракаве. Больш за 60 ейных тэкстаў выйшлі ў выдавецтве Акадэміі. Гэта былі творы ў галіне мастацкай літаратуры (апавяданьні, п’есы), а таксама нарысы аб народнай сымболіцы, а таксама некалькі этнаграфічных манаграфіяў[9].

Адной з найбольш важных і аб'ёмных працаў дасьледніцы зьяўляецца трохтомнік «Łotysze Inflant polskich, a w szczególności z gminy wielońskiej pow. Rzeżyckiego. Obraz etnograficzny przez Stefaniję Ulanowską». Фальклярыстка апісала спэцыфіку латгальскай мовы, а таксама сабрала ў працы латгальскія песьні, прыказкі, казкі і загадкі ў перакладзе на польскую мову. У 2011 г. выйшла перавыданьне працаў Уланоўскай, ініцыяванае латыскімі дасьледнікамі[10].

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

• Godne święta w górach (1883)

• Co to jest rękawka? (1884)

• Róża w poezyi i obyczaju naszym i obcym (1886, Tygodnik Ilustrowany)

• Na ojcowiźnie. Dramat w 5 aktach. Ulanowska Stefania i Szczepański Alfred (1889, Biblioteka Dwutygodnika Illustrowanego „Świat”)

• Łotysze Inflant polskich, a w szczególności z gminy wielońskiej pow. Rzeżyckiego. Obraz etnograficzny przez Stefaniję Ulanowską, cz I–III (1891, 1892, 1895)

• Wystawa środkowo-azjatycka w Moskwie (1891)

• Na odmiennych nutach, [w:] Upominek. Książka zbiorowa na cześć Elizy Orzeszkowej (1866–1891) (1893)

• Dziewięć i pół dusz. Z pamiętnika starej obywatelki (1912).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Andrzej Rataj, Etnografowie i ludoznawcy polscy. Sylwetki, szkice biograficzne, Anna Spiss, Jan Święch (red.), t. IV, Wrocław: Polskie Towarzystwo Ludoznawcze, 2014, s. 267.
  2. ^ Andrzej Rataj, Etnografowie i ludoznawcy polscy. Sylwetki, szkice biograficzne, Anna Spiss, Jan Święch (red.), t. IV, Wrocław: Polskie Towarzystwo Ludoznawcze, 2014, s. 267.
  3. ^ Andrzej Rataj, Etnografowie i ludoznawcy polscy. Sylwetki, szkice biograficzne, Anna Spiss, Jan Święch (red.), t. IV, Wrocław: Polskie Towarzystwo Ludoznawcze, 2017, s. 271.
  4. ^ Andrzej Rataj, Stefania Ulanowska. Tajemniczy życiorys, niepublikowane fragmenty twórczości, Katedra badań filologicznych „wschód – zachód” uniwersytet w Białymstoku, Białystok 2016, https://repozytorium.uwb.edu.pl/jspui/bitstream/11320/5291/1/Ulanowska%20Book.pdf
  5. ^ Andrzej Rataj, Stefania Ulanowska. Tajemniczy życiorys, niepublikowane fragmenty twórczości, Katedra badań filologicznych „wschód – zachód” uniwersytet w Białymstoku, Białystok 2016, s.35, https://repozytorium.uwb.edu.pl/jspui/bitstream/11320/5291/1/Ulanowska%20Book.pdf
  6. ^ Andrzej Rataj, Stefania Ulanowska. Tajemniczy życiorys, niepublikowane fragmenty twórczości, Katedra badań filologicznych „wschód – zachód” uniwersytet w Białymstoku, Białystok 2016, s. 35-36, https://repozytorium.uwb.edu.pl/jspui/bitstream/11320/5291/1/Ulanowska%20Book.pdf
  7. ^ Andrzej Rataj, Etnografowie i ludoznawcy polscy. Sylwetki, szkice biograficzne, Anna Spiss, Jan Święch (red.), t. IV, Wrocław: Polskie Towarzystwo Ludoznawcze, 2014, s. 272.
  8. ^ Andrzej Rataj, Etnografowie i ludoznawcy polscy. Sylwetki, szkice biograficzne, Anna Spiss, Jan Święch (red.), t. IV, Wrocław: Polskie Towarzystwo Ludoznawcze, 2014, s. 272.
  9. ^ Andrzej Rataj, Etnografowie i ludoznawcy polscy. Sylwetki, szkice biograficzne, Anna Spiss, Jan Święch (red.), t. IV, Wrocław: Polskie Towarzystwo Ludoznawcze, 2014, s. 268.
  10. ^ Andrzej Rataj, Etnografowie i ludoznawcy polscy. Sylwetki, szkice biograficzne, Anna Spiss, Jan Święch (red.), t. IV, Wrocław: Polskie Towarzystwo Ludoznawcze, 2014, s. 268.