Хавіер Санэцьці

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Хавіер Санэцьці
Хавіер Санэцьці
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся 10 жніўня 1973 (50 гадоў)
Буэнас-Айрэс, Аргентына
Рост 178 см
Вага 75 кг
Пазыцыя абаронца
Клюбы
Гады Клюб Гульні (галы)¹
1991—1992
1992—1995
1995—2014
Тальерэс
Банфільд
Інтэрнацыянале
33 (1)
66 (4)
615 (12)
Зборныя
1994—2011 Аргентына 143 (5)

Хавіер Адэльмар Санэцьці (па-гішпанску: Javier Adelmar Zanetti; нарадзіўся 10 жніўня 1973 году, Буэнас-Айрэс, Аргентына) — былы аргентынскі футбаліст. Шырока вядомы дзякуючы выступам за італьянскі клюб «Інтэрнацыянале», капітанам якога зьяўляўся. На сёньня працуе віцэ-прэзыдэнтам клюбу «Інтэрнацыянале». Хавіер правёў за нацыянальную зборную Аргентыны амаль паўтары сотні матчаў, што зьяўляецца рэкордам для аргентынскага футболу. У складзе зборнай Хавіер прыняў удзел у двух чэмпіянатах сьвету (1998, 2002), пяці Кубках Амэрыкі (1995, 1999, 2004, 2007, 2011), двух Кубках канфэдэрацыяў (1995, 2005), а ў 1996 годзе ў складзе алімпійскай каманды стаў срэбраным прызэрам футбольнага турніру ў Атланце. Выступае на пазыцыі абаронцы.

Санэцьці зьяўляецца легендай і сымбалем мілянскага «Інтэру». Хавіер ёсьць рэкардсмэнам паводле колькасьці праведзеных матчаў за «нэрадзуры», адначасова Санэцьці зьяўляецца рэкардсмэнам італьянскай Сэрыі A сярод замежных гульцоў паводле колькасьці праведзеных матчаў. Быў уключаны Пэле ў сьпіс ФІФА 100.

Кар’ера[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньнія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хавіер Санэцьці нарадзіўся ў паўднёва-ўсходнім прадмесьці Буэнас-Айрэсу й вырас у прамысловым раёне Авэльянэды. Вучобу ў школе ён сумяшчаў з заробкамі, дапамагаючы свайму бацьку, муляру. Акрамя таго, Хавіер дапамагаў свайму стрыечнаму брату ў прадуктовай краме й працаваў разносчыкам малака. Аднак у вольны час хлопец заўсёды імкнуўся гуляць у футбол на мясцовых пляцоўках.

«Тальлерэс»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля таго, як Санэцьці не ўдалося ўладкавацца ў моладзевую акадэмію «Індэпэнд’ентэ», аднаго з двух грандаў гораду Авэльянэды, малады футбаліст падпісаў кантракт са сьціплым клюбам «Тальерэс» з Рэмэдыёс-дэ-Эскаляда, які ў 1992 годзе выступаў у Другім дывізіёне чэмпіянату Аргентыны. У гэтай жа камандзе пачаў прафэсійную кар’еру ў 1985 годзе й выступаў да 1988 году старэйшы брат Хавіера, Сэрхіё. Свой першы сэзон у прафэсійным футболе Санэцьці правёў вельмі пасьпяхова, то бок нягледзячы на тое, што «Тальерэс» фінішаваў на 14 месцы, абаронца згуляў у 33 матчы першынства з 42.

«Банфільд»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па заканчэньні сэзону Санэцьці перайшоў у «Банфільд», які як раз стаў чэмпіёнам другога дывізіёна сэзону 1992—1993 гадоў і рыхтаваўся да старту ў эліце аргентынскага футболу[1]. Дэбют 20-гадовага Санэцьці за клюб адбыўся 12 верасьня 1993 году ў хатнім матчы супраць «Рывэр Плэйт» (0:0). Праз 17 дзён Санэцьці забіў свой першы гол за «Банфільд» у браму «Ньюэлз Олд Бойз» (1:1). За сваю ўпэўненую гульню Хавіер даволі хутка заваяваў папулярнасьць у заўзятараў клюбу.

«Інтэрнацыянале»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1995 годзе Санэцьці разам са сваім суайчыньнікам Сэбастыянам Рамбэртам перайшоў у італьянскі «Інтэрнацыянале». Гэта была першая купля гульца для новага прэзыдэнта «Інтэра» Масыма Марацьці. І калі Рамбэрт, пасьля сэзону, у якім ён гэтак і не дэбютаваў за італьянскую каманду, быў вымушаны пакінуць клюб, то Санэцьці наканавана было стаць адным з самых паважаных і заслужаных гульцоў у гісторыі гэтай каманды.

Дэбют Хавіера за новую каманду адбыўся 27 жніўня 1995 году ў хатняй гульні супраць клюбу «Вічэнца». У першым жа сэзоне Санэцьці стаў гульцом асновы свайго новага клюбу. У другім сэзоне за «Інтэр» гулец дзейнічаў, у асноўным, у паўабароне[2]. Аднак перад пачаткам наступнага сэзону «Інтэр» сур’ёзна ўмацаваў свой ​​склад — прыйшлі такія гульцы, як то Раналда, Альвара Рэкоба, Тарыба Ўэст, Дыега Сымэонэ. Узмацьненьне канкурэнцыі ў лініі паўабароны й нападу прывяло да таго, што Хавіер ў выніку апынуўся на левым флянзе абароны.

Міжнародная кар’ера[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Санэцьці дэбютаваў у складзе зборнай Аргентыны 24 лістапада 1994 году ў матчы супраць зборнай Чылі ва ўзросьце 21 году. 17 лістапада 2007 году ў матчы супраць зборнай Балівіі выйшаў на поле ў складзе зборнай Аргентыны ў 116-ы раз, пабіўшы рэкорд шматгадовага партнэра па зборнай Рабэрта Аялы.

Дасягненьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Інтэрнацыянале»

Асабістае жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хавіер жанаты, жонку завуць Паўла Санэцьці[3]. У пары трое дзяцей. 9 траўня 2012 году нарадзіўся малодшы сын Хавіера — Томас[4]. Санэцьці, пабожны каталік, зьяўляецца блізкім сябрам галяндзкага футбаліста Вэсьлі Снэйдэра, якога ён натхніў перайсьці ў каталіцтва[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хавіер Санэцьцісховішча мультымэдыйных матэрыялаў