Чэслаў Немэн

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Чэслаў Немэн
Чэслаў Юліюш Выдрыцкі
Popiersie Czesław Niemen ssj 20060914.jpg
Помнік Чэславу Немэну ў Кельцах
Дата нараджэньня 16 лютага 1939
Месца нараджэньня Старыя Васілішкі, Наваградзкае ваяводзтва, Польская Рэспубліка
Дата сьмерці 17 студзеня 2004
Месца сьмерці Варшава, Польшча
Краіна Польшча
Гурты Niebiesko-Czarni, Akwarele, Aerolit

Чэслаў Немэн (сапраўднае імя: Чэслаў Юліюш Выдрыцкі, па-польску: Czesław Niemen, Czesław Juliusz Wydrzycki; 16 лютага 1939, Старыя Васілішкі — 17 студзеня 2004, Варшава) — выбітны польскі музыка, кампазытар і сьпявак.

Раньнія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 16 лютага 1939 году ў Старых Васілішках на Гарадзеншчыне (цяпер Шчучынскі раён).

Навучаўся ў музыкальнай пэдагагічнай вучэльні ў Горадні, па клясе домры. Як узгадваў аднакурснік і сябра Немэна Мікалай Шышыгін, Чэслаў быў выключна адукаваным чалавекам, але вельмі сумаваў па сваіх Старых Васілішках, адкуль быў родам, і часта зьяжджаў туды, прапускаючы заняткі. Пасьля году навучаньня Немэн быў выключаны з вучэльні[1].

У 1958 годзе сям’я Выдрыцкіх пераехала ў Гданьск, дзе Чэслаў паступіў у вышэйшую музычную школу. У пачатку 1960-х ён ужо пачаў выступаць на польскай эстрадзе, а ў 1962 стаў удзельнікам ансамбля Niebiesko-Czarni, дзе быў ня толькі вакалістам, але і складаў песьні. Група карысталася посьпехам як у Польшчы, так і за яе межамі і нават выступала ў парыскай «Алімпіі». Менавіта ў гэты пэрыяд Выдрыцкі ўзяў сабе псэўданім Немэн (у гонар ракі Нёман, на якой ён вырас).

Творчая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першае прызнаньне прыйшло да артыста ў 1964 годзе, калі Марлен Дытрых запісала нямецкую вэрсію яго песьні «Czy mnie jeszcze pamiętasz?». У 1966 годзе Чэслаў пачаў складаць матэрыял у духу соўл, а для радыёпраграм запісаў некалькі расейскіх народных песень.

Калі Немэн другі раз патрапіў у Парыж, яму давялося выступаць разам з такімі знакамітасьцямі як Spencer Davis Group, Kinks і Pretty Things. З-за мяжы Чэслаў вярнуўся з ідэямі хіпі. Ён адпусьціў доўгія валасы, цалкам зьмяніў імідж, а яго новыя музычныя прыхільнасьці знаходзіліся пад моцным уплывам чорнага соўлу.

У пачатку 1967 году Немэн сышоў з Niebiesko-Czarni і распачаў уласную кар’еру, сабраўшы гурт Akwarele. Улетку таго ж году Чэслаў выступіў на фэсьце ў Сопаце, дзе зрабіў сэнсацыю песьняй «Дзіўны гэты сьвет» («Dziwny jest ten świat»). Песьня прынесла сьпеваку першую прэмію. З «Акварэлямі» Немэн запісаў тры альбомы (зь іх найболей удалыя першыя два), правёў сэрыю тураў і прыняў удзел у шэрагу фэстаў.

У 1969 годзе Чэслаў у цалкам новым асяродзьдзі стварыў альбом Niemen Enigmatic, дзе выкарыстаў вершы вядомага польскага паэта Цыпрыяна Норвіда. У пачатку 1970-х у творчасьці музыкі ў адрозьненьне ад раньніх соўл-арыентаваных прац пачалі пераважаць прагрэсіўныя павевы. Зьмена стылю запатрабавала і зьмены суправаджалага складу, і цяпер каманда артыста, якая складалася з будучых чальцоў SBB, звалася проста Niemen. Новы калектыў шмат гастраляваў у сябе на радзіме, выяжджаў у Нямеччыну, Чэхаславакію, Фінляндыю і Вугоршчыну, а таксама стаў удзельнікам цырымоніі адкрыцьця Алімпійскіх Гульняў у Мюнхэне.

У гэты пэрыяд Чэслаў запісаў для фірмы «CBS» некалькі англамоўных плытаў. У 1974 годзе Немэн сабраў чарговы праект, Aerolit, зь якім выпусьціў джаз-рокавы альбом. Новая каманда распалася вельмі хутка, і наступную кружэлку музыка запісваў практычна ў адзіночку. Калі гучаньне Katharsis было чыста электронным, то праца 1978 Idee Fixe зьяўлялася разнаплянавай. Тут можна было пачуць і фальклёрныя стылізацыі, і электронны авангард і фанк і шматузроўневыя імправізацыі. Да канца 1970-х гастрольная дзейнасьць артыста моцна скарацілася. У 1978 году ён выпусьціў касэту з залатымі гітамі, а ў наступным годзе — кружэлку з падобным матэрыялам. У чэрвені 1979 году Чэслаў Немэн выступіў на фестывалі ў Аполі, а 24 жніўня 1979 году ў Сопаце атрымаў гран-пры фэстывалю Інтэрбачаньня за песьню «Да прыходу вясны». На хвалі прызнаньня ўжо ў верасьні 1979 году Чэслаў Немэн наведаў родныя Старыя Васілішкі. Напрыканцы 1979 году была выпушчаная супраць волі музыкі кружэлка Пастскрыптум, прэзэнтацыя якой адбылося ў студзені 1980 году ў Канах і якая падводзіла свайго роду рысу вялікага этапу яго творчага шляху.

У 1980-х Немэн экспэрымэнтаваў з электроннымі гукамі, а потым захапіўся кампутарнай графікай. Перад тым як зьнікнуць з поля зроку на доўгі час Немэн выступіў на канцэрце «Old Rock Meeting», прысьвечаным 25-годзьдзю польскага року, і ў 1989 годзе выпусьціў альбом Terra Deflorata.

Магіла Немэна на Павонзках

17 студзеня 2004 году Чэслаў Немэн памёр ад раку. Пахаваны на Паванзкоўскіх могілках у Варшаве. У апошнюю дарогу артыста праводзілі найбліжэйшыя родныя, сябры, прадстаўнікі ўладаў і фаны. Урну з парэшткамі Немана пахавалі ў катакомбах. Калі пачыналася пахаваньне, з ініцыятывы Радыётройкі на ўсіх радыёстанцыях Польшчы загучала песьня «Дзіўны гэты сьвет» — найбольш вядомая з рэпэртуару Чэслава Немэна.

Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

20 лютага 2011 году ў беларускай вёсцы Старыя Васілішкі ў доме, дзе нарадзіўся Чэслаў Немэн, адкрыты музэй яго імя. У склад арыгінальнай экспазыцыі музэю ўваходзяць экспанаты, перададзеныя яму жыхарамі Старых Васілішак, якія атрымалі іх ад сям’і артыста падчас сваіх паездак у Польшчу.

Дыскаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]