Абраз Маці Божай Тракельскай

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Абраз Маці Божай Тракельскай, XV ст.
180 см×100 см см
Тракелі

Маці Божая Тракельская — каталіцкая цудатворны абраз. Знаходзіцца ў галоўным алтары касьцёлу Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Тракелі Вярэнаўскага раёну Гарадзенскай вобласьці.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Абраз рымскай іканаграфіі згодна з легендай быў намаляваны напрыканцы ХVІ стагодзьдзя памерам 180*100 см. Паводле адной з легендаў, абраз, прывезены з Вільні ў 1595 годзе[1], здаўна славіўся шматлікімі цудамі. Невядомы віленскі мастак стварыў прыгожы і высакародны вобраз Багародзіцы з Дзіцяткам. Па характары вобразаў яго можна параўнаць з абразом 1640 году віленскага мастака флямандзкага паходжаньня Пенса ў Сьвятой Ліпцы на Варміі (Польшча).

Асаблівай увагі заслугоўвае падзея 1656 годзе, падчас 13-гадовай вайны касьцёл быў спалены маскоўскім войскам. Вернікі знайшлі сярод попелу абраз Маці Божай, які не пашкодзіла полымя. Парафіяльная хроніка пацьвярджае факт, што абраз знайшоў невідушчы чалавек, які пры гэтым пачаў бачыць. На новым пляцы была адбудавана сьвятыня, і абраз зноў быў зьмешчаны ў галоўным алтары.

У другой палове XVII стагодзьдзя (магчыма, каля 1664 году) абраз Маці Божай з Дзіцяткам быў дапоўнены выявай укленчанага сьв. Казімера з ружанцам у руках.

У 1738 г. зноў здарыўся пажар, і абраз зноў быў цудоўна ўратаваны ад агню. У 1782 годзе пашкоджаны абраз быў адноўлены і наклеены на новае палатно. Апошняе абнаўленьне адбылося ў 1991 годзе ў Варшаве.

У 1994 годзе Гарадзенскі ардынарый Аляксандар Кашкевіч зрабіў касьцёл у Тракелях дыяцэзіяльным санктуарыем. Сьвята цудатворнага абразу адзначаецца ў першую нядзелю ліпеня[2][3]. У Тракелі ладзяцца штогадовыя пілігрымкі.

5 ліпеня 2009 году адбылася ўрачыстая каранацыя абраза папскімі каронамі. Зьдзейсьніў акт каранацыі кардынал Казімер Сьвёнтак.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьяўляецца адным з самых высокамастацкіх сьпісаў Маці Божай «Сьнежнай» у Беларусі. Абраз прадстаўляе Маці Божую з Дзіцяткам Ісусам на левай руцэ. З дасканалым позьнерэнэсансным стылем жывапісу гарманіруе мэталічная шата з каронамі. Сваёй правай далоньню Марыя ахапіла левую руку, якая трымае Божага Сына. 3 правага боку ад яе ўкленчыў Сьв. Казiмер з ружанцам у руках — заступнік Вялікага Княства Літоўскага.

Выява Казімера была намалявана на асобным палатне і даклеена да асноўнага падчас першай рэстаўрацыі абразу ў другой палове XVII стагодзьдзя. Праўдападобна, гэта было зьвязана з кананізацыяй Казімера і выданьнем тагачасным Папам Рымскім у 1664 годзе кананізацыйнай булы[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]