Атыла

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Атыла
AttilaTheHun.jpg
Правадыр гунаў
434 — 453
Сукіраўнік Бледа (да 445 году)
Папярэднік Руа
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся невядома
Памёр 453, Панонія
Жонкі Ільдыка, Крэка і іншыя
Бацька Мундзук

Атыла (па-лацінску: Attila, па-грэцку: Ἀττήλας, памёр 453, Панонія) — правадыр гунаў з 434 па 453 год, што аб’яднаў пад сваёй уладай барбарскія плямёны ад Райна да Паўночнага Прычарнамор’я, уладар фактычна найбуйнейшае на той час дзяржавы ў Эўропе.

Хоць яго імпэрыя згінула разам зь ім, ён стаў легендарнай постацьцю ў гісторыі Эўропы, памяць пра правадыра гунаў захоўвалася на працягу стагодзьдзяў у вусным германскім эпасе й перайшла ў скандынаўскія сагі. У раньніх паданьнях германцаў, складзеных у эпоху Вялікага перасяленьня народаў, Атыла ў сьпісе вялікіх барбарскіх правіцеляў ставіўся на першае месца сярод легендарных германскіх каралёў.

Паходжаньне й прыход да ўлады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Год і месца нараджэньня Атылы засталіся невядомыя. Вельмі прыблізна ягоны ўзрост можна ацаніць на падставе сьведчаньняў відавочцы Прыска Панійскага, які ў 448 годзе даў апісаньне Атылы як чалавека з барадой, толькі кранутай сівізною. Старэйшы сын Атылы, якога ён паслаў княжыць сярод акацыраў ​​у 448 годзе, быў у такім узросьце, што яму патрабаваўся апякун у асобе ваеначальніка Анэгесія. Усё гэта дазваляе выказаць здагадку нараджэньне Атылы ў першым дзесяцігодзьдзі V стагодзьдзя. Сучасныя навукоўцы выказваюць розныя здагадкі па этымалёгіі імя Атыла, знаходзячы карані ў зусім розных мовах.

Да 440-х гадоў гуны не дастаўлялі адмысловых клопатаў Заходняй і Усходняй Рымскай імпэрыі, выступаючы часьцей як фэдэраты Заходняй імпэрыі супраць ейных ворагаў-германцаў. Месца іхнага расьсяленьня ў 420-я гады адзначана каля Паноніі[1], што прыкладна зараз знаходзіцца ў раёне сучаснай Вугоршчыны. Яны вандравалі за Дунаем на шырокіх прасторах паміж ягоным вусьцем і Райнам, пакараючы мясцовыя барбарскія плямёны.

Бацька Атылы Мундзук быў з царскага роду гунаў. Ягоныя браты Актар (або Аптар) і Руа (Роас, Ругіла) былі правадырамі у гунаў. Прыск згадвае таксама іхнага чацьвёртага брата Аіварсія. Аб Мундзуке нічога не вядома, акрамя таго, што ён быў бацькам будучых правадыроў Атылы й Бледы. Аптар адзначаны ў «Царкоўнай гісторыі» Сакрата Схалястыка як правадыр гунаў, які ў 420-я гады змагаўся супраць бургундаў на Райне й памёр ад абжорства[2].

Найбольшую вядомасьць у крыніцах атрымаў Руа. У 433 годзе Руа, якому Бізантыя выплачвала штогадовую даніну ў 350 літры золатам, стаў пагражаць Бізантыі скачаваньнем мірнай дамовы з-за уцекачоў, якія хаваліся ад гунаў на тэрыторыі імпэрыі[3]. У ходзе перамоўнага працэсу й лякальных набегаў Руа памёр.

У 434 годзе пляменьнікі Руа Бледа й Атыла сталі правадырамі гунаў. Верагодна, Бледа быў старэйшым з братоў, бо «Гальская кроніка 452 году» паведамляе толькі ягонае імя як спадчыньніка Руа[4]. Аднак Бледа нічым не праявіў сябе, у той час як гісторык Прыск у апісаньні падзеяў заўсёды згадвае Атылу як правадыра, зь якім імпэрыя была вымушана дамаўляцца. Працягнуўшы перамовы, пачатыя Руа, Атыла прымусіў бізантыйскага імпэратара Тэадосіюса Малодшага выплачваць штогадовую даніну ў падвойным памеры й наклаў іншыя цяжкія ўмовы захаваньня мір. Мірная дамова падтрымлівалася семгод, на працягу якіх гуны ваявалі супраць барбарскіз плямёнаў за межамі Рымскай імпэрыі.

Адной зь вядомых падзеяў стаўся разгром гунамі адной зь першых германскіх дзяржаваў, Бургундзкага каралеўства на Райне, у 437 годзе. Паводле Ідацыюса, у выніку нашэсьця загінула 20 тысяч бургундаў, а тым хто выжыў Заходняя Рымская імпэрыя падала для селішча новыя землі ў Галіі на сярэдняй Роне, у вобласьці сучаснай мяжы Францыі й Швайцарыі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ J. B. Bury 1923, ст. 271.
  2. ^ Сакрат Cхалястык. «Царкоўная гісторыя», 7.30
  3. ^ Kallie Szczepanski. Biography of Attila the Hun(анг.) about.com Праверана 2 лютага 2013 г.
  4. ^ W. Herbert 1849, ст. 333.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Атыласховішча мультымэдыйных матэрыялаў