Афікс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

А́фікс — усякая значная частка слова з выняткам кораню (прыстаўка/прэфікс, суфікс, канчатак, постфікс). Тое, што й фармант (лац. formans, formantis — які ўтварае, фармуе)[1].

Клясыфікацыя афіксаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле месца разьмяшчэньня датычна кораня афіксы падзяляюцца на:

  1. прэпазыцыйныя (перад коранем; прыстаўка);
  2. постпазыцыйныя (пасьля кораня; суфікс, канчатак, постфікс);
  3. афіксы, якія стаяць паміж марфэмаў (інтэрфіксы).

Паводле частасбці ўжываньня афіксы падзяляюцца на:

  1. рэгулярныя (сустракаюцца ў вялікай колькасьці словаў, характарызуюцца паўтаральнасьцю, утвараюць цэлыя словаўтваральныя або формаўтваральныя рады);
  2. нерэгулярныя (сустракаюцца ў невялікай колькасьці словаў і не ўтвараюць вытворных).

Паводле здольнасьці ўтвараць новыя словы афіксы падзяляюцца на:

  1. прадуктыўныя (актыўна выкарыстоўваюцца пры ўтварэньні новых словаў);
  2. непрадуктыўныя (не ўтвараюць новых словаў).

Нерэгулярныя афіксы заўсёды непрадуктыўныя. Рэгулярныя — прадуктыўныя й непрадуктыўныя.

Паводле сэмантычных дачыненьнях паміж сабой афіксы падзяляюцца на:

  1. сынанімічныя (маюць блізкае або аднолькавае значэньне, але па-рознаму гучаць);
  2. антанімічныя (маюць супрацьлеглае значэньне);
  3. полісэмічныя/мнагазначныя (могуць мець некалькі розных значэньняў);
  4. аманімічныя (супадаюць паводле формы, але адрозьніваюцца паводле значэньня).

Паводле паходжаньня афіксы падзяляюцца на:

  1. спрадвечнабеларускія (пры-, -н-, -ск-, -осьць ды іншыя);
  2. запазычаныя (анты-, -ірава-, -ізм ды іншыя).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ТСБМ. — Менск: 1984 Т. 5 кн. 2. С. 113.