Вікіпэдыя:Дробная праўка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Дробная праўка азначае, што існую вэрсію артыкула адрозьніваюць ад папярэдняй толькі паверхневыя зьмены: выпраўленьне правапісу, тыпаграфікі, фарматаваньня і выяўленьня тэксту, пераразьмяшчэньне тэксту бязь зьмены зьместу і падобныя. Дробная праўка — гэта вэрсія старонкі, калі па меркаваньні аўтара ягоная праўка не патрабуе праверкі і ня можа зьяўляцца прычынай абмеркаваньня. У сьпісах зьменаў дробныя праўкі пазначаюцца малой тлустай літарай д.

Адпаведна, звычайная (значная) праўка — гэта праўка, якая мусіць быць правераная і ўзгодненая з усімі зацікаўленымі аўтарамі. Таму любая зьмена, якая ўплывае на сэнс артыкула, ня можа зьяўляцца дробнай, нават калі такая праўка — гэта адно слова. Напрыклад, дадаваньне альбо выдаленьне адмаўленьня «не» можа цалкам зьмяніць на адваротны сэнс сказу, абзацу, сэкцыі альбо артыкула.

Падзяленьне на значныя і дробныя праўкі мае вялікае значэньне, бо рэдактары могуць уключыць ігнараваньне дробных правак падчас прагляду апошніх зьменаў. Зарэгістраваныя карыстальнікі могуць нават зьмяніць свае ўстаноўкі, каб дробныя праўкі не адлюстроўваліся ў сьпісе апошніх зьменаў. Калі існуе імавернасьць, што іншы рэдактар можа аспрэчыць зьмену, то найлепшым выйсьцем будзе не пазначаць праўку як дробную.

Незарэгістраваным карыстальнікам не дазволена пазначаць зьмены як дробныя з мэтай прадухіленьня вандалізму.

Калі пазначаць зьмену дробнай[рэдагаваць крыніцу]

  • Выпраўленьне артаграфіі
  • Простае фарматаваньне тэксту (напрыклад, зьмена рэгістру літары, пунктуацыйныя зьмены, вылучэньне курсівам выразаў на іншых мовах)
  • Фарматаваньне, якое не зьмяняе сэнсу старонкі (напрыклад, дадаваньне гарызантальных лініяў, разьдзяленьне абзацу на два ў выпадках, калі гэта не зьяўляецца спрэчным)
  • Відавочныя памылкі ў фактах (напрыклад, зьмена зь «Беларусь атрымала незалежнасьць у 1981 годзе» на «Беларусь атрымала незалежнасьць у 1991 годзе»)
  • Выпраўленьне памылак разьмяшчэньня
  • Дадаваньне альбо выпраўленьне спасылак на іншыя старонкі Вікіпэдыі
  • Выдаленьне вандальных правак

Рэчы, якія трэба запомніць[рэдагаваць крыніцу]

  • Любое зьмяненьне выточнага коду артыкула, нават калі яно не выклікае зьменаў у выяўленьні HTML-старонкі (напрыклад, дадаваньне новага пераносу радка), разглядаецца як зьмена ў базе зьвестак.
  • Пазначэньне дробнай праўкай значнай праўкі лічыцца кепскім этыкетам, асабліва, калі была выдаленая пэўная частка тэксту.
  • Адмена рэдагаваньняў у большасьці выпадкаў ня можа лічыцца дробнай зьменай. У выпадках, калі зьмест старонкі аспрэчваецца і, у прыватнасьці, зьмена робіцца падчас вайны правак, будзе нашмат лепей не пазначаць ніякую праўку як дробную. Выключэньне з гэтага правіла — скасаваньне відавочнага вандалізму.
  • Калі вы выпадкова пазначылі праўку як дробную, а яна насамрэч зьяўлялася значнай, то вы мусіце зрабіць яшчэ адну праўку (напрыклад, такую, якая ня зьменіць выніковую старонку), пазначыўшы ў кароткім апісаньні зьменаў, што папярэдняя праўка была значнай. Трывіяльная праўка для такой мэты — проста адкрыцьцё акна рэдагаваньня артыкула і захаваньне яго бязь зьменаў — тут не спрацуе, нават калі ў канец радка будзе дададзены прагал, альбо пусты радок у канцы старонкі — у такіх выпадках праўка не захоўваецца і кароткае апісаньне зьменаў адхіляецца. Аднак, можна дадаць дадатковы прагал паміж двума словамі альбо ўставіць перанос радка. Такія зьмены захоўваюцца ў вікі-кодзе і запісваюцца як праўка, хаця гэта ня будзе мець ніякага ўплыву на адлюстраваньне старонкі.
  • Калі вы нязгодныя адносна пазначэньня альбо не пазначэньня чыіхсьці дробных правак, магчыма, гэтае пытаньне варта абмеркаваць на старонцы размоваў аўтара праўвак, але пры гэтым варта быць асьцярожным, каб не распачаць флэйм. Пазначэньне дробных зьменаў — гэта спрэчнае пытаньне, і таму шмат аўтараў ставяцца прыхільна да камэнтароў адносна таго, ужылі яны дробную праўку правільна альбо не.

Выключэньні[рэдагаваць крыніцу]

Адміністратары могуць у паўаўтаматычным рэжыме адкочваць зьмены апошняга аўтара старонкі. Усе такія адкочваньні пазначаюцца праграмным забесьпячэньнем вікі як дробныя. Гэта адбываецца па прычыне таго, што сумарны вынік зьменаў і адкочваньня зьяўляецца пустым. Меркаваная сфэра ўжываньня магчымасьці адкочваньня зьменаў — гэта выпадкі праяваў вандалізму, калі адкочваньне вандальных правак разглядаецца як дробная праўка (і таму можа быць праігнараваны ў сьпісе апошніх зьменаў).

Глядзіце таксама[рэдагаваць крыніцу]