Калькаваньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Калькаваньне (па-француску: calque — копія) — адмысловы тып запазычаньня іншамоўных словаў, выразаў, фраз. У беларускай мове калькаваньне часьцей адбываецца з расейскай або польскай мовы.

Тыпы калек словаў у беларускай мове[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Словаўтваральныя калькі — гэта словы, атрыманыя "памарфэмным" перакладам замежнага слова на беларускую мову. Такая калька звычайна не адчуваецца як запазычанае слова, бо складзеная са спрадвечна беларускіх марфэмаў. Таму рэальнае паходжаньне такіх словаў часьцяком зьяўляецца нечаканым для чалавека, які ўпершыню даведваецца пра яго. Так, напрыклад, слова "насякомае" ("казурка") — гэта калька з лацінскага insectum (in- — на-, sectum — сякомае).

Сярод іншых словаўтваральных калек можна адзначыць такія словы, як летапісец, жывапіс (з грэцкай); вадарод, паўвостраў (зь нямецкай); падразьдзяленьне, хмарачос (па-ангельску: skyscraper), паўправаднік (па-ангельску: semiconductor).

Бывае калькаваньне частковае: у слове працаголік (па-ангельску: "workaholic") — калькаваная толькі першая частка слова.

  • Сэмантычныя калькі — гэта беларускія словы, якія атрымалі новыя значэньні пад уплывам адпаведных словаў іншай мовы. Так напрыклад значэньне "выклікаць спагаду" слова "кранаць" прыйшло з францускай мовы. Аналягічнае паходжаньне значэньня "пахабны, недасьціпны" ў слова "плоскі".

Калькі ўзьнікаюць як рэакцыя носьбітаў мовы на рэзкае ўзрастаньне колькасьці прамых запазычаньняў. Суадносіны калькаваных словаў і прамых запазычаньняў у розных моваў рознае. У некаторых мовах (ісьляндзкая, тыбэцкая) стварэньне калькі – амаль што адзіны мэтад засваеньня іншамоўнай лексыкі.