Праграмнае забесьпячэньне
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Прагра́мнае забесьпячэ́ньне, апраграмава́ньне — агульны тэрмін для абазначэньня сукупнасці кампутарных праграм, працэдур і дакументацыі, якая выконвае пэўную задачу ў кампутарнай сыстэме. Тэрмін ахоплівае дастасоўныя праграмы, такія як тэкставы рэдактар, што выконвае задачу карыстальніка, сыстэмнае апраграмаваньне, якое стасуецца непасрэдна з апаратнай часткай і забяспечвае неабходныя для дастасоўных праграмаў функцыі, і пасрэднае апраграмаваньне, якое кантралюе і каардынуе разсяроджаныя сыстэмы.
[рэдагаваць] Тыпы
Існуючыя кампутарныя сыстэмы раздзяляюць апраграмаваньне на тры асноўныя клясы: сыстэмнае апраграмаваньне, сродкі праграмаваньня і дастасоўныя праграмы, але мяжа паміж імі недакладная і часта размытая.
- Сыстэмнае апраграмаваньне забясьпечвае працу абсталяваньня і кампутарнай сыстэмы як адзінага цэлага. Уключае аперацыйныя сыстэмы, драйвэры прыладаў, сродкі дыягностыкі, сэрвэры, аконныя сыстэмы, і інш. Прызначэньне сыстэмнага апраграмаваньня - адмежаваць наколькі магчыма праграміста, што піша дастасоўныя праграмы, ад дэталяў канкрэтнае кампутарнае сыстэмы, асаблівасцяў падсыстэмы памяці, тых ці іншых прыладаў - прынтэраў, дысплеяў, клявіятур і г.д.
- Сродкі праграмаваньня ахопліваюць прылады, што дапамагаюць праграмісту ствараць праграмы на розных мовах праграмаваньня больш зручным спосабам. Уключаюць тэкставыя рэдактары, кампілятары, інтэрпрэтатары, лінкеры, дэбагеры і г.д. Інтэграваныя асяродзьдзі праграмаваньня спалучаюць гэтыя прылады ў праграмным пакунку, звычайна замяняючы кіраваньне з загаднага радка графічным інтэрфэйсам карыстальніка.
- Дастасоўныя праграмы дазваляюць карыстальніку выконваць адну ці болей пэўных, не звязаных з кампутарам, задач. Звычайны ужытак уключае аўтаматызацыю прамысловасьці, праграмы для бізнэсу, адукацыйныя праграмы, мэдыцынскія праграмы, базы дадзеных і кампутарныя гульні. Амаль кожная праява чалавечае дзейнасці зараз выкарыстоўвае нейкую форму дастасоўнае праграмы.