Скаўтынг для хлопцаў (кніга)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Скаўтынг для хлопцаў
Scouting for Boys
Scouting for boys 1 1908.jpg
Вокладка першага выданьня «Скаўтынг для хлапцоў». Чатка I. Студзень, 1908
Аўтар: Робэрт Бадэн-Паўэл
Мова арыгіналу: ангельская
Год напісаньня: 19061907
Публікацыя: студзень, 1908

«Скаўтынг для хлопцаў» (па-ангельску: Scouting for Boys) — першая скаўцкая кніга, выдадзеная Робэртам Бадэн-Паўэлам у 1908 годзе ў Лёндане. Кніга зьяўляецца чацьвертым бэстсэлерам XX стагодзьдзя[1].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вокладка першага выданьня, ч. II «Скаўтынг для хлапцоў». Студзень, 1908

У 1906—1908 гг. Робэрт Бадэн-Паўэл дасканала вывучае творы Пэсталёцыя, Эпіктэта, Ціта Лівія, аналізуе досьвед выхаваньня спартанцаў, плямёнаў Афрыкі, японскіх самураяў, традыцыі брытанскіх ды ірляндзкіх народаў. Усё гэта робіцца з адной мэтай — напісаньне кнігі «Скаўтынг для хлопцаў» (альбо «Разьведка для хлопцаў», па-ангельску: «Scouting for Boys»). Таксама ён дадае свой ваенны досьвед выведніка й вайскоўца. Кніга была напісаная спэцыяльна ў лёгкай форме, як бяседы каля вогнішча.

Перад яе выданьнем Бадэн-Паўэл праверыў сваю тэорыю на практыцы. Дзеля гэтага ён сабраў 22 хлопцы і правёў зь імі ўлетку 1907 году 8 дзён у намётавым лягеры на выспе Браўнсі, недалёка ад паўднёвага ўзьбярэжжа Ангельшчыны (графства Дорсэт). Дзеці падзяляліся на 5 патрулёў, кожны зь якіх ачольваў лідэр. На працягу 8 дзён іх чакала насычаная і яркая праграма.

У першы дзень — разьмяшчэньне, стварэньне патрулёў і разьмеркаваньне абавязкаў, а таксама інструктаж лідэраў. У другі дзень вывучалася лягерная справа: разьвядзеньне вогнішча й прыгатаваньне ежы, вязаньне вузлоў, арыентаваньне, правілы гігіены. У трэці дзень Робэрт Бадэн-Паўэл вучыў распазнаваць падрабязнасьці навакольнага асяроддзя паблізу (напр. — сьляды), а таксама далёка ад назіральніка. Чацьверты дзень быў прысьвечаны вывучэньню жывёл, птушак, расьлін, зорак. Пяты — рыцарству: гонар, законы, лаяльнасьць каралю, афіцэрам, рыцарскія адносіны да жанчыны (ўсе гэта ён узяў ад традыцыяў рыцарска-манаскага ордэна іянітаў на высьпе Мальта, дзе ён служыў у 1890—1893 гг., а таксама легенды пра рыцараў Круглага Стала караля Артура). У шосты дзень хлопцы навучаліся надаваць дапамогу пры апёках, нястоме, атручваньнях, як дзейнічаць падчас панікі. У сёмы дзень Бадэн-Паўэл разпавядаў дзецям пра каляніяльную геаграфію, гісторыю, славутую гісторыю Брытанскай імпэрыі, яе арміі ды флота, растлумачыў абавязкі сапраўднага грамадзяніна. Апошні дзень быў днём гульняў ды спаборніцтваў. Усё на працягу лягера падавалася без лекцыяў. Уся інфармацыя даводзілася да дзяцей у займальнай, гульнёвай форме. Напачатку Бадэн-Паўэл паказваў ды разпавядаў, а потым праводзіў практычныя заняткі. Усе дзеці засталіся задаволенымі лягерам.

У студзені 1908 году кніга «Scouting for Boys» выходзіць шасьцю асобнымі сшыткамі (часткамі), па тэмах-бяседах: «Закон скаўтаў», «Высьлежваньне», «Камфорт у лягеры», «Як стаць дужым», «Высакароднасьць рыцыраў», «Як паступаць падчас няшчасных выпадкаў», «Цьвярозасьць», «Як будаваць масты», і іншае.

Кніга неаднойчы перавыдавалася, перакладзена на шмат моваў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]