Сьцяна плачу

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьцяна плачу
Сьцяна плачу

Сьцяна́ пла́чу (па-габрэйску: הַכֹּתֶל הַמַּעֲרָבִי — Заходняя Сьцяна, па-арабску: حائط البراق‎) — выбітнае месца, якое знаходзіцца ў Старым горадзе Ерусаліма ля падножжа заходняга боку Храмавай гары. Гэта рэшткі старажытнай сьцяны, якая атачала двор габрэйскага Храма, і, магчыма, самае сьвятое месца, прызнанае габрэямі за межамі Храмавай гары. Крыху больш за палову сьцяны разьмешчана ніжэй за ўзровень вуліцы й адносіцца да канца пэрыяду Другога Храму, па агульным меркаваньні, гэтая частка была пабудавана каля 19 году да н. э. Ірадам Вялікім, але нядаўнія раскопкі сьведчаць аб тым, што працы не былі завершаны да канца жыцьця Ірада. Астатнія пласты былі дададзеныя пачынаючы з VII стагодзьдзя.

Сьцяна зьяўляецца месцам габрэйскага паломніцтва на працягу стагодзьдзяў; самыя раньнія згадкі, прывязаныя да месца, узыходзяць да IV стагодзьдзя. Зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя розныя габрэі спрабавалі набыць правы на сьцяну ці зямлю ў непасрэднай адлегласьці ад яе, але ўсе спробы былі няўдалымі. З узьнікненьнем сіянісцкага руху напачатку XX стагодзьдзя сьцяна стала крыніцай рознагалосьсяў паміж габрэйскай суполкай і мусульманскімі рэлігійнымі лідэрамі, якія былі занепакоеныя тым, што сьцяна была выкарыстаная для далейшых габрэйскіх нацыяналістычных прэтэнзіяў да Храмавай гары й у Ерусаліме. Успышкі гвалту ля падножжа сьцяны сталіся звычайнай зьявай, але ў 1930 годзе міжнародная камісія вызначыла правы мусульманаў і габрэяў у адносінах да сьцяны. Пасьля арабска-ізраільскай вайны 1948 году сьцяна трапіла пад кантроль Ярданіі, і габрэі ня мелі доступ да сьцяны на працягу 19 гадоў, пакуль Ізраіль не захапіў Стары горад у 1967 годзе і праз тры дні не зруйнаваў бульдозэрамі суседні прылеглы стары Мараканскі квартал[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ F. E. Peters (1984). Jerusalem. Princeton, New Jersey: Princeton University Press. pp. 357—359, 394—396.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]