Бітва пад Венай 1683 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бітва пад Венай
«Бітва пад Венай». Юзэф Брант, 1863,
музэй Войска польскага ў Варшаве
Дата: 12 верасьня 1683
Месца: Вена
Вынік: Перамога эўрапейскай кааліцыі
Супернікі
Асманская імпэрыя
Крымскае ханства
Трансыльванія
Валахія
Малдова
Рэч Паспалітая
Сьвятая Рымская імпэрыя
Саксонія
Франконія
Баварыя
Швабія
Камандуючыя
Кара Мустафа Ян Сабескі
Карл Лятарынскі
Колькасьць
138 000 чалавек70 000 чалавек
Страты
10 000 забітыя
5000 параненыя
1500 забітыя
2500 параненыя

Бі́тва пад Ве́най — бітва, што адбылася 12 верасьня 1683 каля Вены паміж польска-аўстрыйска-нямецкім войскам (Сьвятая Ліга) пад камандаваньнем Яна Сабескага, і войскам Асманскай імпэрыі пад камандаваньнем візыра Кары Мустафы. Першая вялікая бітва вайны «Сьвятой лігі». Скончылася паразаю Турэччыны, якая не аправілася пасьля ўдару і болей ужо не ўяўляла пагрозы хрысьціянскай Эўропе.

Перадгісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асманская імпэрыя заўсёды была моцнай ваеннай дзяржавай, якая бачыла сэнс існаваньня ў заваёвах іншых тэрыторыяў. На працягу стагодзьдзяў розныя краі сьвету былі заваяваныя і падпарадкаваныя турэцкім султанатам. Да сярэдзіны XVII стагодзьдзя туркі заваявалі паўднёва-ўсходнюю Эўропу, балканскія, вугорскія, румынскія княствы. У доўгай вайне 1645—1669 зламалі супраціў Вэнэцыі і захапілі Крыт. У той самы час заваявалі частку Вугоршчыны, перамогшы Аўстрыю ў 1662—1664. У 1658—1666 пала Трансыльванія. У 1672 напалі на Рэч Паспалітую, захапіўшы Камянец-Падольскі і Падольле (гл. вайна Рэчы Паспалітай з Асманскай імпэрыяй (1672—1677)), якая скончылася стратай больш за паловы ўкраінскіх зямель Кароны. У той жа час Турэччына прызнала сувэрэнітэт гетманскай Украіны, зрабіўшы яе сваім васалам. За ўкраінскія землі пачалася маскоўска-турэцкая вайна, якая працягвалася ў пэрыяд 1677—1681. У 1678 туркі захапілі Чыгірын, а ў 1681 падпісалі пагадненьне аб міры.

Перад бітвай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1682 у прыналежнай да Аўстрыі частцы Вугоршчыны (сучаснай Славаччыне) выбухнула антыгабсбурскае паўстаньне. Туркі, якія ўжо захапілі частку Вугоршчыны, спрабавалі выкарыстаць паўстаньне ў далейшай заваёве Аўстрыі. Яны падтрымалі кіраўніка паўстаньня і такім чынам 6 жніўня 1682 абвясьцілі вайну Аўстрыі. Аўстрыйцы пачалі інтэнсіўна рыхтавацца да вайны, складалі хаўрусы зь іншымі дзяржавамі Эўропы, што і адыграла вырашальную ролю ў ходзе вайны. 1 красавіка 1683 року імпэратар Леапольд I склаў хаўрус з каралём Рэчы Паспалітай Янам Сабескім.

У пачатку 1683 турэцкія войскі прыбылі ў Бялград, а затым пайшлі на Вену. 7 ліпеня 40 000 татараў сталі лягерам у 40 км да ўсходу ад аўстрыйскай сталіцы. Пасьля першых сутычак Леапольд I адступіў у Лінц з 80 000 уцекачоў. На знак падтрымкі кароль Рэчы Паспалітай улетку 1683 прыбыў у Вену, паказваючы тым самым гатоўнасьць выканаць свае абавязкі.

Асноўная ўдарная моц турак (паводле розных ацэнак, ад 90 да 140 тысячаў) прыбыла пад Вену 14 ліпеня. У той час у горадзе знаходзілася 11 000 жаўнераў і 5 000 апалчэнцаў. На баку абаронцаў былі вельмі моцныя гарадзкія ўмацаваньні, таму туркі не адважыліся штурмаваць горад, каб не панесьці велізарных чалавечых стратаў. Горад быў абложаны з усіх бакоў, абаронцы апынуліся ў цяжкім становішчы.

29 ліпеня Сабескі з 27-тысячным войскам рушыў з Кракава на дапамогу хаўрусьнікам. У пачатку верасьня польскае войска (літоўскае войска не брало ўдзел у гэтых падзеях і злучылася з польскімі сіламі значна пазней) перайшло Дунай і злучылася з астатнімі сіламі Сьвятой Лігі, дзеяньні якой добраславіў Папа Інакенцыюс XI‎. У той час 5000 турэцкіх сапэраў падарвалі значныя ўчасткі гарадзкіх сьценаў, у выніку ўтварыліся праломы шырынёю ў некалькі мэтраў. Аўстрыйцы ж спрабавалі рыць свае тунэлі, каб завадзіць турэцкім сапэрам. Але 8 верасьня туркі занялі Бурскі равэлін й Нізавую сьцяну. Хаўруснае войска дзякуючы хуткай мабілізацыі ўжо праз 3 дні здолела падысьці да Вены. Раніцаю 12 верасьня хаўрусьнікі былі гатовыя да бітвы.

Бітва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бітва пачалася а 4 гадзіны раніцы атакаю туркаў на хаўрусьнікаў, каб перашкодзіць ім як сьлед разьмеркаваць свае сілы. Аўстрыйцы контратакавалі зь левага флянгу, у той час як немцы атакавалі цэнтар турак.

Тады Кара Мустафа ў сваю чаргу контратакаваў, а частка элітных янычарскіх падразьдзяленьняў пакінуў для штурму гораду. Турэцкія сапэры пракапалі тунэль для поўнамаштабнага падрыву сьценаў, а пакуль яны ліхаманкава засыпалі яго для ўзмацненьня выбуху, аўстрыйцы пасьпелі пракапаць сустрэчны тунэль і своечасова нэўтралізаваць міну.

Польская кавалерыя зрабіла магутны ўдар на правым флянгу турак. Апошнія ж зрабілі асноўную стаўку не на разгром войскаў хаўрусьнікаў, а на тэрміновы захоп места.

Пасьля 12 гадзін бітвы польскае войска працягвала трывала трымацца на правым флянгу турак. Прыкладна а 17-й гадзіне вечару падзеленая на чатыры часткі кавалерыя, якая да гэтага не брала ўдзелу ў бітве, пайшла ў напад. 20 000 кавалерыстаў пад асабістым камандаваньнем Яна Сабескага спусьціліся з пагоркаў і прарвалі шэрагі турак, і без таго моцна стомленых пасьля цэлага дня бітвы на два франты. Хрысьціянскія вершнікі ўдарылі па турэцкім лягеры, у той самы час да бітвы далучыўся гарнізон Вены.

Асманскія войскі былі ня толькі фізычна выматаныя, але і псыхалягічна прыгнечаныя. Атака кавалерыі прымусіла іх адступіць на поўдзень і на ўсход. Менш чым праз тры гадзіны пасьля нападу сваёй кавалерыі хрысьціяне здабылі поўную перамогу.

Ян Сабескі адаслаў у падарунак Папу Рымскаму Інакенцыюсу XI зялены сьцяг прарока, захоплены ў асманскім лягеры, а ў Кракаў адаслаў 400 вазоў з трафэямі, частка якіх да гэтага часу захавалася ў каралеўскім замку Вавэль.

Пасьля бітвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля перамогі эўрапейскія войскі распачалі рух на ўсход — у Вугоршчыну. Габсбургі выкарысталі шанец адняць Вугоршчыну і Трансыльванію ў Асманскай імпэрыі, што было рэалізавана за наступныя 16 рокаў.

Вайна была скончана Карлявіцкім мірам у 1699 року. Паводле яго турэцкі султан аддаваў аўстрыйскім Габсбургам Вугоршчыну і Трансыльванію, Вэнэцыя замацавала за сабой Морыю і Далмацыю, Рэч Паспалітая вярнула сабе страчаныя раней землі на Падольлі і правабярэжнай Украіне (тры ўкраінскія ваяводзтвы — Кіеўскае, Брацлаўскае, Падольскае).

Такім чынам, галоўную ролю ў Цэнтральнай Эўропе на больш чым 200 рокаў занялі Габсбургі.

Зь Венскай бітвы распачаўся павольны заняпад турэцкай магутнасьці ў Эўропе. Нягледзячы на гэта, буйныя страты Турэччыны ў Эўропе (незалежнасьць Сэрбіі, Баўгарыі, Альбаніі, Турэччыны, перадача Босьніі Аўстра-Вугоршчыне) адбыліся значна пазьней, у XIX—XX стагодзьдзях.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Jan Wimmer. Wiedeń 1683. Dzieje kampanii i bitwy. — Warszawa: Wojskowy Instytut Historyczny, 1983.
  • Zbigniew Wójcik. Historia Powszechna XVI-XVII wieku. — Warszawa: PWN, 1991. — ISBN 83-01-08912-1