Гіпакрат

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гіпакрат
Ιπποκράτης
Род дзейнасьці Лекар
Дата нараджэньня к. 460 да н. э.
Месца нараджэньня Кос, Грэцыя
Дата сьмерці к. 377 да н. э.
Месца сьмерці Кос, Грэцыя
Занятак лекар, філёзаф
Навуковая сфэра мэдыцына[1], антычнасьць[1], геаграфія[1] і этыка[1]
Дзеці Тэсал[d]

Гіпакра́т (стар.-грэц. Ιπποκράτης, Hippokrátēs) (каля 460 да н. э., востраў Кос — каля 377 да н. э.) — старажытнагрэцкі лекар, «бацька мэдыцыны», якая ў тым ліку і яго высілкамі вылучылася зь філязофіі ў асобную навуку.

У філязофскім пляне, Гіпакрат, праўдападобна, прымыкаў да Геракліта. Ён разглядаў мэдыцыну як досьледную экспэрымэнтальную навуку. Мэдычная школа Коса доўга карысталася вялікай павагай (знакамітае сьвяцілішча Асклепіён на Косе). За працы Гіпакрата выдаваліся многія пазьнейшыя псэўдагіпакратаўскія творы.

Пачатковую мэдычную адукацыю Гіпакрат атрымаў ад бацькі — лекара Геракліда. Дзеля навуковага ўдасканаленьня ў маладосьці Гіпакрат шмат вандраваў і вывучаў мэдыцыну ў розных краінах па практыцы мясцовых лекараў і па абетных табліцах, якія вывешваліся ў бажніцах Эскулапа.

Гісторыя яго жыцьця малавядомая, нават дакладна невядома, колькі пражыў Гіпакрат — 83 ці 104 гады. Існуюць паданьні і аповяды пра яго біяграфію, але яны маюць легендарны характар. Імя Гіпакрат стала зборным, калектыўным, і многія творы зь 70 прыпісваных яму, належаць іншым аўтарам, пераважна ягоным сынам. Сапраўднымі дасьледнікі прызнаюць ад 18 да 8 твораў. Гэта трактаты — «Аб вятрох», «Аб паветрах, водах і мясцовасьцях», «Прагностыка», «Аб дыеце пры вострых хваробах», першая і трэцяя кнігі «Эпідэммяў», «Афарызмы» (першыя чатыры разьдзелы), хірургічныя трактаты «Пра суставы» і «Пра пераломы», што зьяўляюцца шэдэўрамі «Зборніка». Існуе колькі твораў Гіпакрат этычнага напрамку: «Клятва», «Закон», «Пра лекара», «Пра добрапрыстойныя паводзіны», «Настаўленьні».

Ён меркаваў, што хваробы людзям пасылаюць не багі, яны ўзьнікаюць па розных, прычым цалкам натуральных, прычынах. Гіпакрат першы паставіў мэдыцыну на навуковы фундамэнт і пачаў ачышчаць ад філязофскіх тэорыяў, што часьцяком супярэчылі рэчаіснасьці, дый панавалі над досьледнай экспэрымэнтальнай навукай.

Гіпакрат таксама аўтар вучэньня пра чатыры тыпы тэмпэрамэнту — халерык, мэлянхолік, сангвінік, флегматык — заснаванага на ўяўленьні аб суадносінах у целе чалавека чатырох вадкасьцяў (крыві, сьлізі, жоўтай і чорнай жоўці). Даў заснаванае на гумаральным прынцыпе апісаньне эмацыйных праяваў.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гіпакратсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  1. ^ а б в г Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі