Дзядзька Сэм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дзядзька Сэм

Дзядзька Сэм (па-ангельску: Uncle Sam) — пэрсаніфікаваная выява Злучаных Штатаў Амэрыкі. Дзядзьку Сэма часьцяком малююць высокім пажылым чалавекам з тонкімі рашучымі рысамі твару, са старамоднай бародкай, у цыліндры колеру амэрыканскага сьцяга, у сінім фраку і паласатых нагавіцах. Гэты стыль малюнку стаў папулярны ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя дзякуючы працам мастака Томаса Наста (па-ангельску: Thomas Nast). У апошні час сталі зьяўляцца больш «мадэрнізаваныя» малюнкі Дзядзькі Сэма, у больш сучаснай адзежы і з сучаснай стрыжкай. Але знакаміты цыліндар заўсёды застаецца абавязковым атрыбутам.

Паходжаньне выявы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзядзька Сэм у палітычнай карыкатуры,
Томас Наст, 1877 год

Дзядзька Сэм паўстаў як увасабленьне ЗША падчас брытана-амэрыканскай вайны 1812 году. Амэрыканскі фальклёр сьцвярджае, што зьяўленне выраза «Дзядзька Сэм» злучана зь мясніком Сэмюэлем Уілсанам[1] (па-ангельску: Samuel Wilson), што пастаўляў правізію на нью-ёрскую вайсковую базу Трой (па-ангельску: Troy). Уілсан маркіраваў бочкі зь мясам літарамі U.S., маючы на ўвазе Злучаныя Штаты (па-ангельску: United States), а жаўнеры жартам казалі, што мяса прыбыло ад Дзядзькі Сэма (па-ангельску: Uncle Sam).

13 сакавіка 1852 году нью-ёрская газэта «NY Lantern Weekly» апублікавала, меркавана, першы малюнак дзядзечкі Сэма. Традыцыйная выява галоўным чынам стварыў мастак Томас Наст у сэрыях палітычных карыкатураў, якія публікаваліся ў другой палове XIX стагодзьдзя.

15 верасьня 1961 году Кангрэс Злучаных Штатаў 87-га скліканьня прыняў рэзалюцыю, якая ўслаўляла «Дзядзьку» Сэма Ўілсана як правобраз Дзядзькі Сэма. На месцы нараджэньня Ўілсана ў горадзе Арлінгтан (штат Масачусэтс) нават усталяваны манумэнт. Магіла Сэма Ўілсана знаходзіцца ў горадзе Трой (штат Нью-Ёрк). Аднак спрэчкі пра паходжаньне выявы Дзядзькі Сэма не цішэюць дагэтуль, пэрыядычна зьяўляюцца новыя альтэрнатыўныя тэорыі. Дакладную гісторыю ўзьнікненьня гэтай выявы ўжо ці наўрад атрымаецца калі-небудзь пазнаць.

Вербавальны плякат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзядзька Сэм на вядомым плякаце, які вярбуе жаўнераў на Першую сусьветную вайну. Мастак Дж. М. Флагг, 1917 год
Мастак Джэймс Мантгомэры Фляг

Выява Дзядзькі Сэма атрымала адмысловую вядомасьць падчас Першай сусьветнай вайны. Тады Дзядзька быў намаляваны на плякатах, якія запрашалі добраахвотнікаў уступаць у амэрыканскую армію і прыняць удзел у вайне на тэрыторыі Эўропы. З плякату Дзядзька Сэм сурова глядзеў і паказваў на чытача пальцам, а подпіс пад малюначкам абвяшчаў «Ты патрэбен мне ў арміі Злучаных Штатаў» (па-ангельску: I want you for U.S. army)[2][3]. Мастак Джэймс Мантгомэры Фляг, які намаляваў гэты плякат у 1917 годзе, прызнаўся, што выкарыстоўваў свой уласны твар як мадэль для Дзядзькі Сэма. Наогул, ідэя гэтага малюнку была ўзята з аналягічнага брытанскага вербавальнага плякату, на якім у такой жа паставе быў намаляваны лорд Кітчэнэр. Флягам быў таксама намаляваны альтэрнатыўны плякат, на якім Дзядзька Сэм гэтак жа пільна глядзеў на гледача, — але не паказваў на яго пальцам, а стаяў, упёршы рукі ў бакі. Візуальнае ўздзеяньне гэтага плякату, на якім адсутнічаў эфэктны жэст, было не такім моцным, і неўзабаве пасьля Першай сусьветнай вайны другі варыянт быў забыты. Вэрсія ж з «указальным» Дзядзькам Сэмам была пасьля абноўлена і перадрукавана для вербаваньня жаўнераў на Другую сусьветную вайну. З наступам мірнага часу на гэты плякат было створана незьлічонае мноства пародыяў і карыкатураў.

Менавіта плякат Фляга I want you for U.S. army наштурхнуў Дзьмітрыя Мора на ідэю вядомага пляката часоў Грамадзянскай вайны ў Расеі «Ты запісаўся добраахвотнікам?» (1920). Як і Фляг, які намаляваў дзядзьку Сэму ўласны твар, Мор у выглядзе рашучага будзёнаўца намаляваў самога сябе. Пазьней ідэю пляката з будзёнаўцам запазычаў мастак Іраклі Таідзэ, які стварыў самы знакаміты савецкі плякат часоў Другой сусьветнай вайны — «Радзіма-маці кліча!» (1941).

Сымбалізм выявы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэклямная статуя Дзядзечкі Сэму з шыльдай у руках
Імпэрсанатар Дзядзечкі Сэма на парадзе

Выява Дзядзькі Сэма традыцыйна асацыюецца са Злучанымі Штатамі і асабліва з урадам ЗША. Калі ў побыце кажуць «Дзядзьку Сэму трэба…» ці «Дзядзька Сэм жадае…», то часта імкнуцца стварыць іранічны ці камічны вобраз амэрыканскага ураду, які валодае цалкам чалавечымі запатрабаваньнямі і жаданьнямі. Зрэшты, выява Дзядзькі часам ужываецца і для ілюстрацыі «сумленьня нацыі», падобна расейскай выяве Радзімы-маці.

У краінах жа, дзе моцныя антыамэрыканскія настроі (а таксама на дэманстрацыях і мітынгах антыглябалістаў) выява Дзядзькі Сэма часта выкарыстоўваюць для ілюстрацыі агрэсіўных імпэрскіх амбіцыяў Злучаных Штатаў. Тады Дзядзьку Сэма малююць зласьлівым старычынам. Напрыканцы такой антыамэрыканскай ці антыглабаліскай дэманстрацыі пудзілу Дзядзькі Сэма часта падвяргаюць спаленьню — гэтак жа, як і амэрыканскі сьцяг.

Іншыя выявы ЗША і супастаўныя выявы іншых краінаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Безумоўна, Дзядзька Сэм не зьяўляецца адзінай выявай, якія ўвасабляюць ЗША. У наш час існуе іншая выява, параўнальны па папулярнасьці зь Дзядзькай Сэмам — гэта статуя Свабоды. Раней жа існавалі і іншыя выявы. Напрыклад, падчас грамадзянскай вайны ў ЗША існавала выява Брата Джонатана. А ў 1920-х гадах зрэдку для ўвасабленьня ЗША ўжывалася жаночая выява — Калюмбія (цяпер намалявана на застаўцы кінакампаніі «Columbia Pictures»). І Дзядзька Сэм, і Калюмбія сталі таксама пэрсанажамі палітычных мультфільмаў і коміксаў, вельмі папулярных у ЗША у 1920-х гадах.

Пародыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карыкатура К. Лятуфа
  • У эпізодзе «Fear of a Bot Planet» сэрыяла «Футурама» на плянэце радыкальна наладжаных робатаў вісіць плякат, які парадыруе плякат з ьдзядзькам Сэмам: «А ты запісаўся ў антычалавечы патруль?»
  • У эпізодзе «Special Edna» сэрыялу «Сымпсаны» Барт глядзіць бокс, пераможцам якога становіцца дзядзька Сэм.
  • У гульні «ExMachina: Мэрыдыян 113» адзін з пэрсанажаў вельмі падобны на дзядзьку Сэма (клічуць яго таксама Сэм).
  • У сэрыі кампутарных гульняў Fallout часта сустракаецца зьменены постар зь Дзядзькам Сэмам: дзядзька Сэм ляжыць, нібы перакуленая лялька, але з такім жа тварам і і паказальным пальцам, як на клясычным постары, а побач зь ім варта жаўнераў Арміі ЗША ў Сілавой брані.
  • Ёсьць фільм Уільяма Люстыга «Дзядзька Сэм». У ім высьмейваецца залішні патрыятызм, які даходзіць да фанатызму, кіроўнага да жорсткасьці. Таксама ў карціне замецены антываенны пасыл.
  • У фільме "Across the Universe " Дзядзька Сэм ажывае з плякату, заклікаючы Максвэла ў шэрагі Амэрыканскай арміі. Эпізод выконваецца пад песьню The Beatles I Want You (She’s So Heavy).

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзядзька Сэм і Брытанія

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Schauffler, Robert Haven (1912) Flag day; its history Page 145
  2. ^ ab"The Most Famous Poster". American Treasures of the Library of Congress.
  3. ^ «Who Created Uncle Sam?» . Life’s Little Mysteries . Live Science.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]