Заходняя Ўкраіна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Захо́дняя Ўкраі́на (па-ўкраінску: Західна Україна) — тэрмін, якім у розныя часы ўкраінскай гісторыі пазначалі пэўную сукупнасьць украінскіх земляў, якія ўваходзілі ў склад Аўстра-Вугоршчыны (1867—1918), Польшчу (1918—1939), Вугоршчыну, Румынію, а таксама Галіцка-Валынскае княства ды Заходне-Ўкраінскую Народную Рэспубліку.

Гістарычныя мадыфікацыі тэрміну[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па другім і трэцім падзелах Рэчы Паспалітай назва «Заходняя Ўкраіна» замацавалася пераважна за землямі, якія ўваходзілі ў склад Аўстрыі (з 1867 — Аўстра-Вугоршчына).

«Заходняя Ўкраіна» — назва, якая сустракаецца пераважна ў публіцыстыцы ў дачыненьні да Заходнеўкраінскай Народнай Рэспублікі (ЗУНР).

Пасьля таго, як паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 року, заключанай паміж РСФСР, Украінай і Польшчай, заходняя частка Ўкраіны адышла Польшчы, тэрмін «Заходняя Ўкраіна» трывала замацаваўся менавіта за гэтай часткаю Ўкраіны ў адрозьненьне ад Усходняй Украіны, якая апынулася ў складзе УССР. У 1920-я тэрыторыю Ўкраіны складалі землі, якія афіцыйна ў Другой Рэчы Паспалітай называліся Крэсамі ўсходнімі — Галічына («Усходняя Малапольшча») з часткаю Заходняга Падольля, Заходняя Валынь, Холмшчына, Падляшша і Заходняе Палесьсе. У Заходнюю Ўкраіну ўваходзілі ваяводзтвы: Станіслаўскае, Тарнопальскае, Валынскае, Львоўскае (без васьмі заходніх паветаў), Палескае (бяз Косаўскага і паловы Пружанскага паветаў), Холмшчына Люблінскага ваяводзтва і палова Бельскага павету Беластоцкага ваяводзтва.

Як адзначае гісторык Яраслаў Вярменіч, такую «цераспалосіцу» польскія ўлады стварылі наўмысна — з палітычных меркаваньняў: польскі ўрад катэгарычна не ўспрымаў памкненьня ўкраінцаў мець (прынамсі ў Галіччыне) асобныя адміністрацыйныя адзінкі.

У шырокім сэнсе тэрмін «Заходняя Ўкраіна» адносна ўкраінскіх земляў у пэрыяд між Першай і Другой сусьветнай войнамі выкарыстоўваўся датычна толькі тых земляў, якія былі пад уладаю Польшчы, Румыніі і Чэхаславаччыны. Акрамя ўжо пералічаных тэрыторыяў, якія былі ў межах польскіх граніцаў, гэта былі таксама землі Паўночнай Букавіны і Закарпацьця. Пасьля далучэньня заходнеўкраінскіх земляў у склад УССР назва «Заходняя Ўкраіна» замацавалася за абласьцямі, утворанымі на працягу 1939—1946 (акрамя Ізмаільскай вобласьці).

Сучаснае выкарыстаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як адзначае «Энцыкляпэдыя гісторыі Ўкраіны» (2005), датычна тэрыторыяў сучаснай Украіны тэрмін «Заходняя Ўкраіна» ўжываецца ў двух значэньнях. У асноўным так называюць толькі тры галіцкія вобласьці — Івана-Франкоўскую, Львоўскую і Тарнопальскую. Аднак даволі часта тэрмінам карыстаюцца і для пазначэньня тэрыторыі васьмі абласьцей — акрамя трох галіцкіх, Валынскай, Ровенскай, Хмяльніцкай, Чарнавіцкай і Закарпацкай. Аднак «Геаграфічная энцыкляпэдыя Ўкраіны» (1990) пазначыла Заходнюю Ўкраіну як гістарычна-геаграфічную назву земляў Украіны (на то час — СССР), што складаюць тэрыторыю цяперашніх пяці абласьцей — Валынскай, Івана-Франкоўскай, Львоўскай, Ровенскай і Тарнопальскай. Надзвычай рэдка да Заходняй Украіны адносяць Віньніцкую і Жытомірскую вобласьці.

Найістотнейшыя месты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Львоў — адміністрацыйны цэнтар Львоўскай вобласьці, традыцыйна лічыцца эканамічным, культурным і палітычным цэнтрам Заходняй Украіны, адно з галоўных местаў Украіны, найістотнейшы навукова-адукацыйны, прамысловы, турыстычны, дзелавы горад Заходняга рэгіёну.
  • Чарнаўцы — адміністрацыйны цэнтар Чарнавіцкай вобласьці, галоўнае прамысловае, гандлёвае, навукова-адукацыйнае і культурнае места Букавіны, найістотнейшы навукова-адукацыйны, турыстычны і культурны цэнтар Заходняй Украіны.
  • Хмяльніцкі — адміністрацыйны цэнтар Хмяльніцкай вобласьці, прамысловы, гандлёвы і культурны цэнтар Падольля і Паўднёвай Валыні.
  • Тарнопаль — адміністрацыйны цэнтар Тарнопальскай вобласьці, турыстычны, навуковы і культурны цэнтар Галіччыны і Падольля.
  • Камянец-Падольскі — места абласнога значэньня ў Хмяльніцкай вобласьці, колішні адміністрацыйны цэнтар вобласьці, прамысловы, гісторыка-культурны і турыстычны цэнтар Падольля.
  • Івана-Франкоўск — адміністрацыйны цэнтар Івана-Франкоўскай вобласьці, значны прамысловы і культурны цэнтар Прыкарпацьця.
  • Ужгарад — адміністрацыйны цэнтар Закарпацкай вобласьці, галоўны прамысловы, культурны і турыстычны цэнтар Закарпацьця.
  • Роўна — адміністрацыйны цэнтар Ровенскай вобласьці, прамысловы і культурны цэнтар Заходняга Палесься і Валыні.
  • Луцак — адміністрацыйны цэнтар Валынскай вобласьці, гісторыка-культурны, навукова-адукацыйны і галоўны турыстычны цэнтар Паўночна-Заходняга краю Ўкраіны.
  • Драгобыч — колішні адміністрацыйны цэнтар Драгобыцкай вобласьці, другое паводле патэнцыялу прамысловае места на Львоўшчыне пасьля Львову.
  • Няцешын — места абласнога значэньня ў Хмяльніцкай вобласьці, спадарожнік Хмяльніцкай АЭС.
  • Дубна — места абласнога значэньня ў Ровенскай вобласьці, другі прамысловы і культурны цэнтар вобласьці.
  • Мукачава — места абласнога значэньня, раённы цэнтар на Закарпацьці, адно з ключавых у Закарпацкім рэгіёне.
  • Берагава — места абласнога значэньня Закарпацьця, цэнтар вугорскай культуры ва Ўкраіне.
  • Стрый — адзін з прамысловых цэнтраў Львоўскай вобласьці, істотны чыгуначны вузел.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]