Канстантын Тызэнгаўз

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Канстантын Тызэнгаўз
К. Тызэнгаўз. Невядомы мастак, XIX ст.
К. Тызэнгаўз. Невядомы мастак, XIX ст.

Герб «Буйвал І»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 3 чэрвеня 1786
Жалудок
Памёр 31 сакавіка 1853
Паставы
Пахаваны
Род Тызэнгаўзы
Бацькі Ігнацы Тызенгаўз[d]
Марыяна з Пшаздзецкіх[d]
Дзеці Марыя Ганна Валерыя з Тызенгаўзаў[d] і Райнольд Тызенгаўз[d]
Дзейнасьць арнітоляг

Канстантын Тызэнгаўз (3 чэрвеня 1786, мястэчка Жалудок — 1853, места Паставы) — навуковец-заоляг, заснавальнік беларускай арніталёгіі[1].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З шляхецкага роду Тызэнгаўзаў, сын Ігнація і Ганны зь Бягінскіх. Успадкаваў ад бацькі тытул графа.

Навучаўся ў Віленскім унівэрсытэце, сярод ягоных выкладнікаў былі Станіслаў Юндзіл і Ян Рустэм.

У расейска-францускую вайну (1812) выступіў на баку Напалеона, сфармаваў і ачоліў уласны полк. Браў удзел у абароне фартэцыі Модлін, у бітвах за Нямеччыну. У 1813 атрымаў Крыж Ганароваага Легіёну.

Пасьля 1814 вярнуўся ў Паставы, дзе завершыў будову палаца Тызэнгаўзаў. У 1831 падтрымаў вызвольнае паўстаньне, дапамагаў матэрыяльнымі сродкамі, пастаўляў зброю і кантаністаў.

Разам са сваім таксідэрмістам Міхалам Скіндэрам прэпараваў шматлікія экзэмпляры птушак і зьвяроў з навакольных мясьцінаў Віленшчыны. Каб мець магчымасьць параўноўваць птушак з розных месцаў і частак Сьвету, езьдзіў у экспэдыцыі па краі і за ягоныя межы (на Гарадзеншчыну, Піншчыну, у Карпаты, Падольле, Бесарабію, на ўзьбярэжжа Чорнага мора), здабываючы там ня толькі новыя экспанаты для сваёй знакамітай калекцыі, але і новы досьвед, новыя знаёмствы сярод навукоўцаў.

У 1829 і 1844 быў у Парыжы і Вене, у 1841 наведаў Дрэздэн, Мілан і Вэнэцыю, у 1851 — Бэрлін. Некалькі разоў наведваў Варшаву і мясцовы Заалягічны кабінэт.

Сабраў велізарную калекцыю: каля 3000 відаў птушак з усяго Сьвету, а таксама значную колькасьць птушыных яек. З 1831 апублікаваў больш за 20 навуковых працаў, напісаных на польскай, лацінскай і францускай мовах[2].

У шлюбе з Валерыяй Ваньковіч меў сына Рэйнольда і 2 дачок: Алену і Марыю.

Асноўныя працы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Асновы арніталёгіі, навукі аб птушках» (па-польску: Zasadу ornitologii albo nauki o ptakach, 1841);
  • «Агульная арніталёгія, альбо апісаньне птушак усіх частак Сьвету» (па-польску: Ornitologia powszechna, czyli opisanie ptaków wszystkich części świata. Том 1—3, 18431846, Вільня);
  • «Каталёг птушак і млекакормячых Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага» (па-лацінску: Catalogus avium et mammalium..., 1844), у якім апісаў 351 від птушак і 167 відаў зьвяроў з тэрыторыі сучасных Беларусі, Польшчы, Летувы і Ўкраіны.

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2007 у Жалудоцкім касьцёле адкрылі памятную шыльду ў гонар К. Тызэнгаўза[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Бусел, сімвал Беларусі, з’явіўся ў нас параўнальна нядаўна...(недаступная спасылка) // «Звязда» №162 (26520), 29 жніўня 2009.
  2. ^ Дзьмітры Вінчэўскі. Канстанцін Тызенгаўз (1786-1853). Да 220 годдзя з дня народзінаў. // Состояние и перспективы охраны животного мира Гродненской области и сопредельных территорий: сборник материалов II Гродненской областной открытой зоологической конференции учащихся, посвященной 220-летию со дня рождения Константина Тызенгауза (17-19 февраля 2006 г., г. Гродно) / ред. кол.: Д. Е. Винчевский, В. С. Гуменный, А. В. Рыжая. — Гродно, 2006. — С. 5-23.
  3. ^ Канстанцін Тызэнгаўз вярнуўся ў Жалудок(недаступная спасылка) // «Наша Ніва», 19 лістапада 2007.