Манэта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Манэта літоўскага паўгроша 1548 году

Манэ́та (па-лацінску: moneta) — грашовы мэталічны (шкляны, парцалянавы, кардонны ці інш. ) знак дыскападобнай формы з нанесенымі на ім клеймамі — штэмпелямі. Большасьць манэтаў б’ецца з двух бакоў. Адпаведна кожны бок мае свой назоў — авэрс і рэверс. Бакавое поле манэты называецца рантам. Вырабляецца на адмысловым прадпрыемстве - мынцы.

Асноўнымі мэталамі манэты зьяўляюцца золата, срэбра, білон, медзь, бронза, нікель, алюмін, жалеза. Сучасныя манэты выбіваюцца са сплаваў.

Кожная манэта мае сваю вартасьць — намінал. У старыя часы намінал раўняўся вазе і вартасьці каштоўнага мэталу.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назва традыцыйна зьвязаная з эпітэтам рымскай багіні Юноны Манэты (лац. Yuno Moneta) ад лацінскага moneo — раіць, уладжваць. Згодна паданьня Юнона дала рымлянам грошы на вайну з эпірскім царом Пірам і дапамагла перамагчы. У 275 годзе да н. э. Пір быў канчаткова пераможаны. У гонар Юноны ў ейны храм была перанесена мынца (манэтны двор).

Згодна Герадоту, радзімаю манэты зьяўляецца азіяцкая дзяржава Лідыя. Сучаснымі археолягамі знойдзеныя ў тых мясьцінах манэты канца VII стагодзьдзі да н. э. Гэта на некалькі дзесяцігодзьдзяў раней за вядомыя грэцкія манэты.

Якасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Манэты якасьці «пруф» (анг. proof, ням. Polierte Platte, радзей Spiegelglanz) — гэта манэты найвышэйшае якасьці. Пры іхняй вытворчасьці выкарыстоўваюцца адмысловыя станкі і асаблівыя спосабы апрацоўкі нарыхтовак і чаканнага інструманту. Манэты якасьці пруф маюць цалкам роўную люстравую паверхню. Выява рэльефу — выразная, з добра бачнымі драбнюткімі дэталямі. Манэты дастаюцца са станка рукамі і адразу ж запайваюцца ў празрыстыя плястыкавыя аркушы або зьмяшчаюцца ў адмысловыя капсулы, каб засьцерагчы іх ад кантакту з цьвёрдымі прадметамі і рукамі.

Манэты палепшанае якасьці «анцыркулэйтэд» (анг. brilliant uncirculated, ням. Stempelfrich) выгатоўліваюцца на звычайных станках з выкарыстаньнем звычайных, але болей дбайна апрацаваных нарыхтовак і інструмантаў. Манэты маюць роўную бліскучую паверхню поля і рэльефу, выразныя, ясныя рысы малюнку. Манэты пакуюцца ў мяккі ці цьвёрды празрысты мастык, што засьцерагае іх ад кантакту з цьвёрдымі прадметамі і рукамі.

«Курсавыя манэты» прызначаныя для рэальнага грашовага звароту, б'юцца значнымі накладамі і не патрабуюць пакаваньня. Для іх вытворчасьці ўжываюцца высокапрадукцыйныя аўтаматызаваныя тэхналёгіі, так званае традыцыйнае біцьцё (чаканка). Для іх характэрныя мэханічныя пашкоджаньні: пацёртасьці, драпіны, увагнутасьці, задзірыны, насяканьні і да т. п.[1]

Віды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. Асадная — надзвычайных абставінаў, што чаканілася ў абложаных гарадах;
  2. Белая — срэбраная паўнавартасная 14-18 ст.;
  3. Бітая — паўнавартасная 17-18 ст.;
  4. Бракаваная — сьцёртая, абрэзаная або папсаваная 17-18 ст., што страціла частку першапачатковай вартасьці;
  5. Важная — паўнавартасная, што захавала пры абарачэньні ад пашкоджаньняў першапачатковую вагу;
  6. Гладкая — са сьцёртымі адбіткамі і стратай першапачатковай вагі ў выніку працяглага абарачэньня;
  7. Грубая — буйная срэбраная 17-18 ст.;
  8. Данатыва — выпушчаная абмежаваным накладам для дараваньня выдаўцом прывілеяваным асобам;
  9. Добрая — паўнавартасная высокай пробы;
  10. Дробная — разьменная 15-17 ст.;
  11. Злая — непаўнавартасная 16-18 ст.;
  12. Зубчастая — з зубчастым гуртам дзеля ўскладненьня падробкі;
  13. Канстытуцыйная — паўнавартасная 18 ст., што пераводзілася ў медныя;
  14. Крэдытная — надзвычайных абставінаў, заяўная вартасьць якой перавышае сапраўдную;
  15. Навадзел — вырабленая для зьбіраньня і прадстаўленьня на выставах;
  16. Надзвычайных абставінаў — выпушчаная для дзяржаўных плацяжоў за мяжой;
  17. Новая — першы выпуск якой суправаджаўся выключэньнем з абарачэньня састарэлай;
  18. Нямая — пазбаўленая надпісаў;
  19. Падробка — фальшывая высокай вартасьці, вырабленая для збыту зьбіральнікам;
  20. Памятная — выбітая ў гонар знамянальнай падзеі;
  21. Паўнавартасная — заяўная вартасьць якой супадае з сапраўднай;
  22. Перайманьне — якая ўдае зьнешні выгляд замежнай;
  23. Плятынавая — з ачышчанай плятыны 19 ст.;
  24. Подлая — нізкапробная 17-18 ст., заяўная вартасьць якой перавышае сапраўдную;
  25. Пробная — досьледна адбітая новым штэпмелем для зацьвярджэньня ў шырокі выпуск;
  26. Разьменная — заяўная вартасьць якой перавышае сапраўдную, што ёсьць не грашыма, але толькі іх знакам;
  27. Старая — разьменная 16-18 ст.;
  28. Субэратная — фальшывая, адчаканеная з невысакароднага мэталу з далейшым залачэньнем або срэбраньнем;
  29. Фальшывая — якая незаконна ўдае дзяржаўны выпуск грошай у мэтале;
  30. Цалковая — сапраўдная срэбраная або залатая паўнавартасная;
  31. Цьвёрдая — паўнавартасная 17-18 ст[2].

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ровдо Яна (5 кастрычніка 2009) Памятные монеты. Изготовление и распространение монет в Беларуси(рас.) Финансовая грамотность. InfoBank.by. Праверана 14 верасьня 2010 г.
  2. ^ Археалёгія і нумізматыка Беларусі / В. Гетаў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя, 1993. — С. 394-403. — 702 с. — 15 000 ас. — ISBN 5-85700-077-7

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Манэтасховішча мультымэдыйных матэрыялаў