Панічны напад

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Панічны напад
Сынонімы прыступ панікі, панічны прыступ, панічная атака
Спэцыяльнасьць псыхалёгія
Сымптомы дыхавіца і халодны пот
Ускладненьні нэўроз, дэпрэсія
Звычайна праяўляецца тахікардыя
Працягласьць 5—30 хвілінаў
Віды адрэналінавы, картызолавы
Прычыны павышэньне ўзроўню адрэналіну і картызолу
Фактары рызыкі стрэс
Сходныя станы панічны разлад
Прафіляктыка вулічная прагулка, даўжэйшы выдых
Лячэньне масаж пальцаў і вушэй, адмова ад кафэіну
Лекі заспакаяльнікі

Панічны напад — павышаны ўзровень гармонаў адрэналіну і картызолу, што выклікае трывожнасьць.

Пад уплывам адрэналіну адчуваецца гнеў, лютасьць і непаседлівасьць, ад якіх дапамагаюць бег і прысяданьні, бо выводзяць гэты гармон з арганізму. Картызол жа выклікае высокую напругу, немагчымасьць засяродзіцца, жаданьне замерці і схавацца, бо ўсё валіцца з рук. У такім разе панізіць узровень гэтага гармону дапамогуць піцьцё вадкасьці, паценьне ў гарачым душы або лазьні і плач дзеля сьлёзавыдзяленьня[1].

Каб справіцца з панічным прыступам, карысна рабіць масаж кончыкаў пальцаў і мочак вушэй. Таксама дапамагаюць заспакаяльныя лекі. Каб самастойна пазбавіцца ад панічнага нападу, варта прагуляцца на сьвежым паветры і выконваць дыхальныя практыкаваньні для расслабленьня і ўраўнаважваньня узроўню тлену і вуглякіслага газу ў крыві. Пры гэтым удых мае быць кароткім, а выдых — доўгім. Сярод іншага, дапамагае адмова ад ужываньня напояў з кафэінам, такіх як кава. Цягліцавага расслабленьня магчыма дасягнуць за кошт вольнага боўтаньня рукамі і галавой цягам хвіліны. Для заспакаеньня карысна заплюшчыць вочы і засяродзіцца на прыемным месцы (як то лес ці вадаспад) або прадмеце[1].

Папярэджаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадухіліць узьненьне панічнага прыступу дапамагае разгляд справаў упарадкавана па ходзе іх паступленьня, а таксама вызначэньне выразных задачаў. Таксама карысьць нясуць слушная адзнака жыцьцёвых абставінаў з апорай на рэчаіснасьць замест уяўленьня і вылучэньне часу на разважаньні, што выклікаюць перажываньне, раней за 2 гадзіны да сну, каб пазьбегнуць бяссоньніцы. Пры гэтым варта адразу абдумаць найгоршы магчымы выпадак[1].

Праявы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры панічным нападзе адзначаецца моцнае сэрцабіцьцё зь перабоямі і прыпынкамі. Узьнікае дрыготка, ліпкі халодны пот, дыхавіца і здранцьвеньне частак цела. Становіцца цяжка дыхаць і бракуе паветра. Таксама прыступ панікі можа суправаджацца запамарокай. Зьнікае пачуцьцё радасьці, але становіцца цяжка плакаць. Працягласьць панічнага нападу звычайна складае 5—30 хвілінаў, але можа дасягаць некалькіх гадзінаў аж да пары содняў[1].

Пасьля панічнага прыступу абцяжарваецца дыханьне, узьнікае галаўны боль і сухаць у роце. Можа даходзіць да млоснасьці і дрыжыкаў. Таксама пачашчаецца сэрцавы рытм (тахікардыя) ды ўзьнікае пачуцьцё безвыходнасьці. Пры ўскладненьні ўзьнікае чаканьне новай хвалі панікі. Паўтаральнасьць служыць прычынай нэўрозу і дэпрэсіі. Таксама працяг накручваньня сябе на перажываньнях вядзеньне да бессані і блытанасьці думак праз пагаршэньне засяроджанасьці ўвагі[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д Алена Шаўчэнка. Асьцярожна: панічны напад // Газэта «Зьвязда», 26 лістапада 2023 г. Праверана 2 сьнежня 2023 г.