Пэсымізм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Аптыміст і пэсыміст» працы Ўладзімера Макоўскага.

Пэсымі́змсьветапогляд, поўны безнадзейнасьці, роспачы і няверы ў лепшую будучыню. Тэндэнцыя бачыць горшыя і цёмныя бакі. Пэсымісты, як правіла, засяроджваюцца на негатыўных аспэктах жыцьця агулам. Часта, каб спраўдзіць наконт пэсымізму, у чалавека пытаюць, ці шклянка напалову пустая, ці напалову поўная. У гэтай сытуацыі, як кажуць, пэсыміст бачыць шклянку напалову пустой альбо ў скрайніх выпадках цалкам пустой, у той час як аптыміст наадварот бачыць шклянку напалову напоўненай.

Такая форма ацэнкі вельмі распаўсюджаная ў параўнальнай гістарыяграфіі. Часта ад Гесіёду ажно дасюль людзі кожнай эпохі лічылі свае часы найстрашэннымі. Відавочна, што людзі суб’ектыўна асабліва адчувальныя да бяды свайго часу, і гэты від пэсымізму ёсьць натуральнай і практычна непазьбежнай ілюзіяй. Тэарэтычна чалавек можа вызваліцца ад такога пункту погляду, калі даведваецца аб тым, што беды паўтараюцца ў розныя эпохі ў розных гістарычных умовах. Пэсымістычны погляд на гісторыю выступае супраць ідэі сталага паступовага росту чалавечага дабрабыту. Усьведамленьне таго, што ў сьвеце існуе зло, і што яно не перамагаецца адным прагрэсам сацыяльных умоваў жыцьця, выклікае фундамэнтальнае пытаньне аб ацэнцы сусьветнага быцьця. Пры гэтым скрайне негатыўным адказам на гэтае пытаньне ёсьць безумоўны пэсымізм, што выявіўся ў будызьме, а пазьней атрымаў філязофскую апрацоўку ў сыстэмах Артура Шапэнгаўэра і Эдуарда фон Гартмана.

Формы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Філязофскі пэсымізм[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Клясычным для выяўленьня пэсыміста ёсьць пытаньне наконт шклянкі.

Філязофскі пэсымізм ня ёсьць станам душы ці псыхалягічным настроем. Гэта хутчэй сьветапогляд альбо філязофская пазыцыя, якая надае негатыўны сэнс жыцьцю ці існаваньню, не успрымаючы жыцьцё як каштоўнасьць. Філязофскія пэсымісты звычайна сьцьвярджаюць, што у сьвеце эмпірычна пераважаюць болі перад задавальненнямі. Праз гэта існаваньне анталягічна альбо мэтафізычна неспрыяльна для жывых істотаў, і ў такім выпадку жыцьцё агулам ёсьць бессэнсоўным альбо бязмэтным[1].

Эпістэмалягічны пэсымізм[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У эпістэмалёгіі пэсымізм палягае ў тым, што чалавек абмежаваны ў здабычы спазнаньня, а сапраўднае разуменьне рэчаіснасьці недасяжнае. Больш за тое, пэсымізм у эпістэмалёгіі сьцьвярджае, што чалавечыя ўспрыманьні і інтэрпрэтацыі па сваёй сутнасьці ёсьць размытымі, што робіць немагчымым дасягнуць аб’ектыўных ведаў ці пэўнасьці. Гэтыя тэорыі часта перасякаюцца зь нігілізмам, філязофскім скептыцызмам і рэлятывізмам.

У сваёй крытычнай філязофіі Імануіл Кант адзначаў, што чалавек спрабуе трансцэндаваць сваю абумоўленасьць досьведам[2]. Робіць ён гэта дзеля памкненьня да безадносных ведаў. Тым ня менш, вынікам гэтага ёсьць антыноміі розуму[2]. Фрыдрых Генрых Якабі, адна з ключавых постацяў у аналізе крытычнай філязофіі Канта, сьцьвярджаў, што філязофская рэфлексія прыводзіць да пэўнай формы нігілізму і выступаў за ідэю, што ўсе чалавечыя веды выцякаюць з адкрыцьцяў і веры[3].

Рычард Рорці, Мішэль Фуко і Людвіг Вітгенштайн ставілі перад сабой пытаньне наконт таго, ці могуць нашыя канкрэтныя канцэпцыі стасавацца да Сусьвету любым бязумоўным спосабам і ці можам мы лягічна абараніць нашыя падыходы да апісаньня сьвету ў параўнаньні зь іншымі падыходмі. Увогуле, гэтыя філёзафы сьцьвярджалі, што ісьціна палягала не ў тым, каб слушна адлюстраваць рэчаіснасьць, але каб яна была часткай суб’ектыўных сацыяльных стаункаў, якія служаць нашым мэтам у пэўны час. Не зважаючы на тое, што гэтыя пэрспэктывы ня ёсьць пэсымістычнымі, аднак яны адхіляюць любыя паняткі і абсалютныя асноватворныя ісьціны пра Сусьвет як сапраўдныя.

Палітычны і культурны пэсымізм[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Філязофскі пэсымізм адрозьніваецца ад іншых палітычных філязофіяў і плыняў, бо з пэсымістычнага пункту гледжаньня бракуе ідэальнай урадавай структуры і палітычнага ўладкаваньня. Аднак, як правіла, палітычны пэсымізм усё ж такі не зьяўляецца нейкай сыстэматызаванай філязофіяй[4]. Палітычныя пэсымісты скептычна ставяцца да любой палітыкі сацыяльнага прагрэсу, бо лічаць, што яна на можа сапраўды палепшыць дабрабыт чалавека. Як сьцьвярджаў Эміль Чаран: «За кожным крокам наперад рушыць крок назад, што ёсьць некарысным ваганьнем гісторыі»[5]. Чаран таксама атакаваў палітычны аптымізм, бо на ягоную думку ён стварае «балвахвальства заўтра», праз што можна выкарыстаць усё што заўгодна у імя гэтага заўтра. Аднак гэта ня значыць, што пэсымісты ня могуць браць удзел у палітыцы, як сьцьвярджаў Альбэр Камю ў сваёй працы «Бунтаўнік» 1951 году.

Яшчэ адным напрамкам, звычайна зьвязаным з пэсымістычным сьветапоглядам, ёсьць пэсымізм, павязаны з культурнай крытыкай і сацыяльным заняпадам. Праца Освальда Шпэнглера «Заняпад Эўропы», якая датуецца часам адразу пасьля Першай сусьветнай вайны, ёсьць гімнам пэсымізму. Шпэнглер прасоўваў цыклічную мадэлю гісторыі, падобную на тэорыі італьянскага мысьляра XVII і XVIII стагодзьдзяў Джамбатыста Віка. Шпэнглер лічыў, што сучасная заходняя цывілізацыя знаходзіцца ў часе свайго заняпаду, так бы мовіць «зімы», калі разглядаць гістарычныя цыклі як зьмены паравінаў году. Гэтая тэорыя выявілася надзвычай папулярнай у міжваеннай Эўропе, асабліва ў Ваймарскай рэспубліцы.

Такія інтэлектуалы, як то Олівэр Джэймз, зьвязваюць эканамічны прагрэс з эканамічнай няроўнасьцю, стымуляцыяй штучных патрэбаў і некантраляванага спажываньня. Прыхільнікі антыспажываньня выяўляюць рост тэндэнцыяў паказнога спажываньня, а таксама эгацэнтрычнага і залежнага ад іміджа трыманьня ў культуры. Постмадэрністы, як то Жан Бадрыяр, нават сьцьвярджаюць, што культура, а таму і нашае жыцьцё, больш ня мае грунту ў рэчаіснасьці[6].

Кансэрватыўныя мысьляры, асабліва сацыяльныя кансэрватары, часта ўспрымаюць палітыку агулам пэсымістычным чынам. Журналіст Ўітакер Чэмбэрз быў перакананы, што капіталізм абавязкова перародзіцца ў камунізм, але сам быў зацятым антыкамуністам. Сацыяльныя кансэрватары часта бачаць Захад як дэкадэнцкую і нігілістычную цывілізацыю, якая выраклася сваіх каранёў у хрысьціянстве і грэцкай філязофіі, накіраваўшы сябе, такім чынам, на маральны і палітычны разлад. Найбольш выразнымі кнігамі гэтага пункту гледжаньня ёсьць «Схіленьне да Гаморы» Робэрта Борка і «Закрыцьцё амэрыканскага розуму» Алана Блума. Палітычны пэсымізм часам знаходзіць адлюстраваньне ў антыўтапічных раманах, як то «1984» працы Джорджа Оруэла[7]. Калі палітычны пэсымізм зьвязаны толькі з краінай, дзе чалавек жыве, гэта часта карэлюе з жаданьнем эміграцыі[8].

Тэхналягічны і экалягічны пэсымізм[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэхналягічны пэсымізм уяўляе сабой перакананьне ў тым, што посьпехі ў навуцы і тэхналёгіях не прыводзяць да паляпшэньня дабрабыту чалавека. Можна сказаць, што тэхналягічны пэсымізм узьнік за часам індустрыяльнай рэвалюцыі, выявіўшыся ў руху лудызму. Лудыты вінавацілі рост выкарыстаньня прасунутай фабрычнай тэхнікі ў страце сваіх месцаў працы, таму пастанавілі сабе вынішчаць працоўнае абсталяваньне. Рамантычны рух таксама пэсымістычна ставіўся да ўздыму тэхналёгіяў і прагнуў вяртаньня больш простых і натуральных часоў. Такія паэты, як Ўільям Ўордсўарт і Ўільям Блэйк, лічылі, што індустрыялізацыя забруджвае чысьціню прыроды[9].

Некаторыя сацыяльныя крытыкі і эколягі лічаць, што глябалізацыя, перанаселенасьць і эканамічныя практыкі сучасных капіталістычных дзяржаваў перагружаюць экалягічную раўнавагу плянэты. Яны папярэджваюць, што калі дзеля запаволеньня гэтых працэсаў нічога не рабіць, глябальнае пацяпленьне ў канчатковым выніку паскорыцца, што прывядзе да нейкай формы сацыяльнага і экалягічнага каляпсу[10]. Джэймз Лаўлак лічыць, што экалёгія Зямлі ўжо была незваротна пашкоджаная, і нават зрухаў у палітыцы будзе недастаткова, каб захаваць яе. Паводле словаў Лаўлака, сыстэма рэгуляваньня клімату Зямлі была зруйнаваная забруджваньнем, і плянэта неўзабаве пераскочыць з свайго цяперашняга стану ў рэзка гарачы клімат[11]. Навуковец вінаваціць у гэтым перш за ўсё перанаселенасьць Зямлі.

Некаторыя радыкальныя эколягі і антыглябалісты прытрымліваюцца гэтага тыпу пэсымізму і вінавацяць у праблемах сучасны прагрэс. Больш радыкальнай формай экалягічнага пэсымізму ёсьць анарха-прымітывізм, прыхільнікі якога вінавацяць аграрную рэвалюцыю, якая стварыла сацыяльную стратыфікацыю і адчужанасьць. Некаторыя анарха-прымітывісты спрыяюць дэіндустрыялізацыі, а таксама адмаўляюцца ад сучасных тэхналёгіяў. Такі анарха-прымітывіст і нэалудыт Тэд Качынскі, вядомы як Унабомбэр, браў удзел у кампаніі па бамбаваньні філіяў пошты. У сваім маніфэсьце 1995 году ён зьвярнуў увагу на эрозію свабоды чалавека шляхам уздыму сучаснай прамысловай тэхналягічнай сыстэмы[12]. Адной з самых радыкальна пэсымістычных арганізацыяў сьвету ёсьць рух за адвольнае выміраньне чалавецтва, які скіроўвае свае высілкі на поўнае вынішчэньне чалавечага роду праз антынаталізм.

Энтрапійны пэсымізм[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прыродныя рэсурсы праходзяць праз эканоміку і выходзяць зь яе ў выглядзе адкідаў і забруджваньня.

Энтрапійны пэсымізм уяўляе сабой асаблівы выпадак тэхналягічнага і экалягічнага пэсымізму, заснаванага на тэрмадынамічных прынцыпах[13]. Згодна зь першым законам тэрмадынамікі, але з стасаваньнем да эканомікі матэрыялы і энэргія не ствараюцца з анічога і не зьнікаюць у нікуды з эканомікі. Згодна з другім законам тэрмадынамікі, таксама вядомым як закон энтрапіі, але ў прыкладаньні да эканомікі ўсе рэсурсы і энэргія трансфармуюцца з станаў даступных для чалавечых мэтаў (як то каштоўныя прыродныя рэсурсы) ў недаступныя для чалавечых мэтаў (як то адкіды і забруджваньне). Фактычна, ўсе чалавечыя тэхналёгіі і дзейнасьць толькі паскараюць агульны рух супраць будучай плянэтарнай «цеплавой сьмерці» дэградаванай энэргіі, вычарпаных прыродных рэсурсаў і пагоршанага навакольля.

Тэрмін «энтрапійны пэсымізм» быў вынайдзены дзеля апісаньня працы румынска-амэрыканскага эканаміста Нікаласа Джарджэску-Рэгена[13]. Ён шырока выкарыстоўваў канцэпцыю энтрапіі ў сваёй выдатнай працы «Закон энтрапіі і эканамічнага працэсу»[14]. З 1990-х гадоў самым бачным эканамістам-эколягам і тэарэтыкам эканомікі стабільнага стану быў колішні студэнт Джарджэску-Рэгена прафэсар Гэрман Дэйлі. Ён быў самым уплывовы прыхільнікам энтрапійнага пэсымізму сярод эканамістаў[15][16].

Сярод іншага, прыхільнікі энтрапійнага пэсымізму выяўляць праблему экзыстэнцыйнай немагчымасьці разьмеркаваньня абмежаваных закладаў мінэральных рэсурсаў на Зямлі сярод невядомай колькасьці сучасных ды будучых пакаленьняў. Гэтая колькасьць пакаленьняў застаецца невядомай, бо няма мажлівасьці падлічыць загадзя тэмпы спажываньня, але на думку тэарэтыкаў існуе мажлівасьць таго, што чалавецтва ў канчатковым выніку сутыкнецца з выміраньнем[17][18][19][20].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Saltus, Edgar (2012) [1885]. «The Philosophy of Disenchantment». Project Gutenberg.
  2. ^ а б Касавина И. Т. (2012). «Дэвид Юм и современная философия». Москва: Альфа-М. — С. 101. — ISBN 978-5-98281-326-8.
  3. ^ Nisenbaum, Karin (2018). «The Legacy of Friedrich Heinrich Jacobi: Restoring Human Reason to Its Full Measure». Oxford Scholarship Online. — С. 21—54. — doi:10.1093/oso/9780190680640.003.0002
  4. ^ Dienstag, Joshua Foa (2009). «Pessimism: Philosophy, Ethic, Spirit». Princeton, New Jersey: Princeton University Press. — ISBN 978-0-6911-4112-1.
  5. ^ Cioran, Emil (1949). «A Short History of Decay». — С. 178. — 978-0141192727.
  6. ^ Bennett, Oliver (2001). «Cultural Pessimism: Narratives of Decline in the Postmodern World». Edinburgh: Edinburgh University Press. — ISBN 978-0-7486-0936-9.
  7. ^ Lowenthal, D. (1969). «Orwell’s Political Pessimism in '1984'». Polity, 2 (2): 160—175. — doi:10.2307/3234097, JSTOR:3234097
  8. ^ Brym, RJ (1992). «The emigration potential of Czechoslovakia, Hungary, Lithuania, Poland and Russia: recent survey results». International Sociology, 7 (4): 387—395. — doi:10.1177/026858092007004001, PMID:12179890
  9. ^ «Romanticism». Washington State University.
  10. ^ «The Global Delusion, John Gray». The New York Review of Books.
  11. ^ «A Great Jump to Disaster?, Tim Flannery». The New York Review of Books.
  12. ^ «The Unabomber Trial: The Manifesto». The Washington Post.
  13. ^ а б Ayres, Robert U. (2007). «On the practical limits to substitution». Ecological Economics, 61: 115—128. — doi:10.1016/j.ecolecon.2006.02.011.
  14. ^ Georgescu-Roegen, Nicholas (1971). «The Entropy Law and the Economic Process». Cambridge, Massachusetts: Harvard University Press. — ISBN 978-0674257801.
  15. ^ Daly, Herman E. (2015). «Economics for a Full World». Scientific American. 293 (3): 100—107. — doi:10.1038/scientificamerican0905-100. PMID 16121860.
  16. ^ Kerschner, Christian (2010). «Economic de-growth vs. steady-state economy». Journal of Cleaner Production. 18 (6): 544—551. — doi:10.1016/j.jclepro.2009.10.019.
  17. ^ Daly, Herman E., ed. (1980). «Economics, Ecology, Ethics. Essays Towards a Steady-State Economy» (2nd ed.). San Francisco: W.H. Freeman and Company. — С. 369—371. — ISBN 978-0716711780.
  18. ^ Rifkin, Jeremy (1980). «Entropy: A New World View». New York: The Viking Press. — С. 253—256. — ISBN 978-0670297177.
  19. ^ Boulding, Kenneth E. (1981). «Evolutionary Economics». Beverly Hills: Sage Publications. — С. 165. — ISBN 978-0803916487.
  20. ^ Martínez-Alier, Juan (1987). «Ecological Economics: Energy, Environment and Society». Oxford: Basil Blackwell. — С. 168—171. — ISBN 978-0631171461.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]