Глябальнае пацяпленьне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Графік сярэдняй сусьветнай тэмпэратуры

Глябальнае пацяпленьне — працэс павелічэньня сярэднегадавой тэмпэратуры атмасфэры Зямлі і Сусьветнага акіяна зь сярэдзіны 20 стагодзьдзя.[1]

Паводле справаздачы Міжурадавай групы экспэртаў у зьменах клімату (МГЭЗК) ААН, падтрыманай нацыянальнымі акадэміямі навук краінаў «Вялікай васьмёркі», сярэдняя тэмпэратура на Зямлі ўзьнялася 1 °C[2] у параўнаньні з часам пачатку прамысловай рэвалюцыі (у 1850-х) і «большая дзель пацяпленьня, якое назіраецца ў апошнія 50 год, выклікана дзейнасьцю чалавека», у першую чаргу выкідам у атмасфэру газаў, што выклікаюць парніковы эфэкт, такіх як вуглякіслы газ (CO2) і мэтан (CH4). Аднак былы старшыня Нацыянальнай акадэміі навук ЗША прафэсар Фрэдэрык Зэйц пасьля працы ў МГЭЗК ААН заявіў: «Гэтая справаздача зусім не зьяўляецца той вэрсіяй, якую ўхвалілі навукоўцы, што напісалі арыгінал. Сама меней 15 ключавых момантаў было выкрасьлена са справаздачы. У тым ліку выказваньне аб тым, што няма ніякіх доказаў, што павышэньне ўзроўню парніковых газаў можа прывесьці да зьмены клімату. Няма таксама аніякіх пацьверджаных навуковых дадзеных і аб тым, што зьмены клімату, якія фіксуюцца, зьвязаныя зь дзейнасьцю чалавека»[3].

Вынікі, атрыманыя на кліматычных мадэлях, на якія спасылаецца МГЭЗК, кажуць, што ў XXI стагодзьдзі сярэдняя тэмпэратура паверхні Зямлі можа падвысіцца на велічыню ад 1 да 4 °C. Як чакаецца, пацяпленьне і ўздым узроўню Сусьветнага акіяна будуць працягвацца на працягу тысячагодзьдзяў, нават у выпадку стабілізацыі ўзроўню парніковых газаў у атмасфэры. Гэты эфэкт тлумачыцца вялікай цеплаёмістасьцю акіянаў.

Апроч падвышэньня ўзроўню Сусьветнага акіяна, падвышэньне глябальнай тэмпэратуры таксама выклікае зьмены ў колькасьці і разьмеркаваньні атмасфэрных ападкаў. У выніку могуць пачасьціцца прыродныя катаклізмы, такія як паводкі, засухі, ураганы і іншыя, зьменшыцца ўраджай сельскагаспадарчых культураў і зьнікнуць шматлікія біялягічныя тыпы. Пацяпленьне павінна, па ўсёй верагоднасьці, павялічваць частасьць і маштаб такіх зьяваў.

Чыньнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кліматычныя індыкатары за апошнія 0,5 млн гадоў: зьмена ўзроўню акіяна (сіні), канцэнтрацыя 18O у марской вадзе, канцэнтрацыя CO2 у антарктычным лёдзе. Дзяленьне часавай шкалы — 20 000 гадоў. Пікі ўзроўню мора, канцэнтрацыі CO2 і мінімумы 18O супадаюць зь міжледніковымі тэмпэратурнымі максымумамі.

Існуе навуковы кансэнсус, што бягучае глябальнае пацяпленьне з тлумачыцца дзейнасьцю чалавека.[1]

Кліматычныя сыстэмы зьмяняюцца як у выніку натуральных нутраных працэсаў, гэтак і ў адказ на вонкавыя ўзьдзеяньні, як антрапагенныя, гэтак і неантрапагенныя, пры гэтым геалягічныя і палеанталягічныя дадзеныя паказваюць наяўнасьць доўгачасовых кліматычных цыкляў, якія ў чацьвёртарадным пэрыядзе набылі форму пэрыядычных аблядненьняў, прычым цяперашні час даводзіцца на міжледнікоўе.

Вульканы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Моцным кліматаўтваральным чыньнікам ёсьць вульканы. Штораз пасьля вывяржэньня найбольшых вульканаў (Чычон у Мэксыцы) на Зямлі станавілася халадней. Прычынай служыў выкід у стратасфэру (на вышыню звыш 11 км) велізарнай колькасьці аэразоляў (дробных часьцінак). Пры пераўтварэньні ў кроплі серчанай кісьлі гэтыя часьцінкі ўтваралі шчыт, які абмяжоўваў паступленьне сонечных промняў на Зямлю. Штораз пры зьмяншэньні мутнасьці ў стратасфэры, сярэднегадавая тэмпэратура зноў пачынала расьці. За час прыладнага назіраньня з 1881 году прамежкі між вывяржэньнямі буйных вульканаў складалі ў сярэднім 15—20 гадоў. Пагатоў на 2013 год ад часу апошняга вывяржэньня стратавулькана Пінатуба на Філіпінах мінула 22 гады[4].

Выкіды парніковых газаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Парніковы эфэкт быў выяўлены Жозэфам Фур’е у 1824 годзе і ўпершыню быў колькасна дасьледваны Свантэ Арэніюсам у 1896. Гэта працэс, пры якім паглынаньне і выпусканьне інфрачырвонага выпраменьваньня атмасфэрнымі газамі выклікае награваньне атмасфэры і паверхні плянэты.

На Зямлі асноўнымі парніковымі газамі зьўляюцца: вадзяны пар (адказны за прыкладна 36-70 % парніковага эфэкту, без уліку хмар), вуглякіслы газ (CO2) (9-26 %), мэтан (CH4) (4-9 %) і азон (3-7 %). Атмасфэрныя канцэнтрацыі CO2 і CH4 павялічыліся на 31 % і 149 % адпаведна ў параўнаньні з пачаткам прамысловай рэвалюцыі ў сярэдзіне XVIII стагодзьдзя. Такія ўзроўні канцэнтрацыі дасягнутыя ўпершыню за апошнія 650 тысячаў гадоў — пэрыяд, датычна якога пэўныя дадзеныя былі атрыманы з узораў палярнага лёду.

Вугальныя электрастанцыі, аўтамабільныя выхлапы, завадзкія трубы і іншыя створаныя чалавецтвам крыніцы забруджваньня разам выкідваюць у атмасфэру каля 22 мільярдаў тон вуглякіслага газу і іншых парніковых газаў у год. Жывёлагадоўля, ужываньне ўгнаеньняў, спальваньне вугля і іншыя крыніцы даюць каля 250 мільёнаў тон мэтану ў год. Каля паловы ўсіх парніковых газаў, выкінутых чалавецтвам, засталося ў атмасфэры. Каля трох чвэрцяў усіх антрапагенных выкідаў парніковых газаў за апошнія 20 гадоў выкліканы выкарыстаньнем нафты, прыроднага газу і вугля. Большая частка астатняга выклікана зменамі ландшафту, у першую чаргу высечкай лясоў[5].

На карысьць дадзенай тэорыі сьведчаць і тыя факты, што назіранае пацяпленьне больш значна: 1. узімку, чым улетку; 2. уначы, чым днём; 3. у высокіх шыротах, чым у сярэдніх і нізкіх. А таксама зьяўляецца фактам тое, што хуткае награваньне плястоў трапасфэры адбываецца на фоне ня вельмі хуткага астуджэньня плястоў стратасфэры.

Аднак у жніўні 2013 году беларускі акадэмік Уладзімер Логінаў, які ў 1997—2008 гадах узначальваў Інстытут праблемаў выкарыстаньня прыродных рэсурсаў і экалёгіі, адзначыў: «за апошнія 10—15 гадоў аб’ёмы выкідаў парніковых газаў павялічыліся прыкладна на 30 працэнтаў, а тэмпэратура чамусьці перастала рэагаваць на такія зьмяненьні. … летнія тэмпэратуры за апошнія 130 гадоў тройчы былі анамальна высокімі. Аднак з павелічэньнем аб’ёмаў выкідаў парніковых газаў гэта зьвязана не было». Таксама акадэмік Логінаў заўважыў, што «з (19)90‑х да пачатку 2000-х гадоў тэмпэратура зімой расла намнога больш інтэнсіўна, чым летам, што зьвязвалася з тэорыяй парніковага пацяпленьня. А потым звыклы сцэнар зьмяніўся. Летнія тэмпэратуры пачалі расьці хутчэй, а зімы сталі больш суровымі. Атрымліваецца, на клімат уплываюць іншыя фактары, пра якія мы пакуль ведаем недастаткова»[4].

Іншыя тэорыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьмена сонечнай актыўнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Былі прапанаваныя разнастайныя гіпотэзы, якія тлумачаць зьмены тэмпэратуры Зямлі адпаведнымі зьменамі сонечнай актыўнасьці.

У трэцяй справаздачы МГЭЗК сьцьвярджаецца, што сонечная і вульканічная актыўнасьць можа растлумачыць палову тэмпэратурных зьменаў да 1950 году, але іх агульны эфэкт пасьля гэтага быў прыкладна роўны нулю[6]. У прыватнасьці, уплыў парніковага эфэкту з 1750 году, па ацэнцы МГЭЗК, у 8 разоў вышэй за ўплыў зьменаў у сонечнай актыўнасьці[7].

Пазьнейшыя працы ўдакладнялі ацэнкі ўплыву сонечнай актыўнасьці на пацяпленьне пасьля 1950. Тым ня менш, высновы засталіся прыкладна тымі жа: «Лепшыя ацэнкі ўнёску сонечнай актыўнасьці ў пацяпленьне ляжаць у межах ад 16% да 36% унёску парніковага эфэкту».

Аднак, існуе шэраг працаў, якія прадугледжваюць існаваньне мэханізмаў, што ўзмацняюць эфэкт сонечнай актыўнасьці, якія ня ўлічваюцца ў сучасных мадэлях, ці што важнасьць сонечнай актыўнасьці ў параўнаньні зь іншымі фактарамі недаацэньваецца[8]. Такія сьцьверджаньні аспрэчваюцца, але зьяўляюцца актыўным кірункам дасьледаваньняў. Высновы, якія будуць атрыманы ў выніку гэтай дыскусіі, могуць мець ключавую ролю ў пытаньні пра тое, у якой ступені чалавецтва адказна за зьмену клімату, і ў якой — натуральныя фактары.

Іншыя тэорыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе мноства іншых гіпотэз, у тым ліку:

Важна адзначыць, што клімат на Зямлі зьмяняецца пэрыядычна ў залежнасьці ад пэрыядычных працэсаў, якія адбываюцца ў сыстэме Зямля — Сонца — навакольны космас. Па сучаснай клясыфікацыі ўмоўна вылучаюць чатыры групы цыкляў. Звышдоўгія па 150—300 мільёнаў гадоў датычаць самых значных зьменаў экалягічнага становішча на Зямлі. Іх злучаюць з рытмамі тэктонікі і вульканізму. Доўгія цыклі, гэтак жа злучаныя з рытмамі вульканічнай дзейнасьці, цягнуцца дзясяткі мільёнаў гадоў. Кароткія — сотні і тысячы гадоў — абумоўленыя зьменамі парамэтраў зямной арбіты. Апошняя катэгорыя ўмоўна завецца ўльтракароткія. Яны датычаць рытмаў Сонца. Сярод іх ёсьць цыкль 2400 гадоў, 200, 90, 11 гадоў. Цалкам магчыма, што менавіта дадзеныя рытмы зьяўляюцца вызначальнымі ў назіраным пацяпленьні на плянэце. Чалавек пакуль што ня ў стане неяк мадыфікаваць і ўплываць на гэтыя працэсы.

У наш час ніводная з гэтых альтэрнатыўных тэорыяў ня мае прыкметнага ліку прыхільнікаў сярод навукоўцаў-кліматолягаў.

Верагоднасьць наступнага пахаладаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глябальнае пацяпленьне зусім не азначае пацяпленьне ўсюды і ў любы час. Такое пацяпленьне адбываецца толькі калі асерадніць тэмпэратуру па ўсіх геаграфічных лякацыях і ўсім сэзонам. Так, напрыклад, у якой-небудзь мясцовасьці можа павялічыцца сярэдняя тэмпэратура лета і паменшыцца сярэдняя тэмпэратура зімы, гэта значыць клімат стане больш кантынэнтальным.

Паводле адной з гіпотэзаў, глябальнае пацяпленьне выкліча спыненьне ці сур’ёзнае паслабленьне Гальфстрыму. Гэта выкліча істотнае зьмяншэньне сярэдняй тэмпэратуры ў Эўропе (пры гэтым тэмпэратура ў іншых рэгіёнах падвысіцца, але не абавязкова ва ўсіх), бо Гальфстрым выгравае кантынэнт за конт пераносу цёплай вады з тропікаў.

Паводле гіпотэзы кліматолягаў М.Юінга і У.Дона[9], у крыяэры[10] існуе вагальны працэс, у якім аблядненьне (ледніковы пэрыяд) спараджаецца пацяпленьнем клімату, а дэгляцыяцыя (выйсьце зь ледніковага пэрыяду) — пахаладаньнем. Гэта тлумачыцца тым, што ў Кайназоі, які зьяўляецца крыяэрай, пры раставаньні ледзяных палярных шапак павялічваецца колькасьць ападкаў у высокіх шыротах, што ўзімку прыводзіць да лякальнага падвышэньня альбэда. Затым адбываецца зьмяншэньне тэмпэратуры глыбінных раёнаў кантынэнтаў паўночнага паўшар’я з наступным стварэньнем леднікоў. Пасьля замярзаньня ледзяных палярных шапак, леднікі ў глыбінных раёнах кантынэнтаў паўночнага паўшар’я, не атрымліваючы досыць сілкаваньня ў выглядзе ападкаў, пачынаюць адтаваць.

Рэканструкцыя наступстваў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае значэньне ў рэканструкцыі магчымых наступстваў сучасных ваганьняў клімату мае ўзнаўленьне прыродных умоваў папярэдняга міжледнікоўя — Мікулінскага, — што мела месца па заканчэньні Рыскага (Дняпроўскага) аблядненьня. У максымальна цёплыя эпохі Мікулінскага міжледнікоўя тэмпэратура была на некалькі градусаў вышэй за сучасную (усталяваная па дадзеных ізатопных аналізаў рэшткаў мікраарганізмаў і газавых уключэньняў у покрыўных ледніках Антарктыды і Грэнляндыі), межы прыродных зонаў былі зрушаныя да поўначы на некалькі сотняў кілямэтраў у параўнаньні з сучаснымі. Падчас рэканструкцыі цяплейшых пэрыядаў сучаснага міжледнікоўя — так званага Кліматычнага оптымуму галяцэну, што мела месца ад 6 да 5 тыс. гадоў таму, выяўлена наступнае. Сярэднегадовая тэмпэратура была на 2-3 градусы вышэй за сучасную, узровень Сусьветнага акіяна быў на 5 мэтраў вышэй за сучасны, і межы прыродных зонаў таксама былі разьмешчаныя паўночней сучасных (іх агульны плян геаграфічнага распаўсюду прыкладна супадаў зь Мікулінскім міжледнікоўем). З наяўных дадзеных па палеагеаграфіі лягічна выказаць здагадку, што пры наступным росьце тэмпэратураў геаграфічная абалонка будзе трансфармавацца аналягічным чынам. Гэта супярэчыць гіпотэзам пра пахаладаньне поўначы Эўропы і Паўночнай Амэрыкі і зрушэньне прыродных зонаў у гэтых рэгіёнах на поўдзень ад іх сучаснага становішча.

Узаемны ўплыў зьмены клімату і экасыстэмаў пакуль дрэнна вывучаны. Застаецца незразумелым, узмацняюцца ці саслабляюцца эфэкты глябальнага пацяпленьня ў выніку дзеяньня прыродных мэханізмаў. Напрыклад, павелічэньне канцэнтрацыі вуглярода выклікае інтэнсыфікацыю фотасынтэзу расьлінаў, што перашкаджае росту канцэнтрацыі. Зь іншага боку, рост плошчы засушлівых раёнаў зьмяншае перапрацоўку вуглякіслага газу.[11]

Прагноз[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У дакладзе працоўнай групы міжурадавай камісіі па зьмене клімату (Шанхай, 2001 год)[12] было дадзена сем мадэляў зьмены клімату ў XXI стагодзьдзі. Галоўныя высновы, зробленыя ў дакладзе, — працяг глябальнага пацяпленьня, які суправаджаецца

  • павелічэньнем эмісіі парніковых газаў (хоць паводле некаторых сцэнароў да канца стагодзьдзя ў выніку дзеяньня забаронаў на індустрыяльныя выкіды магчымы спад эмісіі парніковых газаў);
  • ростам паверхавай тэмпэратуры паветра (да канца XXI стагодзьдзя магчыма ўзрастаньне паверхавай тэмпэратуры на 6 °C);
  • падвышэньнем узроўню акіяна (у сярэднім — на 0,5 м за стагодзьдзе)

Да найболей верагодных зьменаў надвор’евых фактараў належаць

  • больш інтэнсіўнае выпадзеньне ападкаў;
  • больш высокія максымальныя тэмпэратуры, павелічэньне ліку гарачых дзён і памяншэньне ліку марозных дзён амаль ва ўсіх рэгіёнах Зямлі; пры гэтым у большасьці кантынэнтальных раёнаў хвалі цеплыні стануць больш частымі;
  • памяншэньне роскіду тэмпэратураў.

Як сьледзтва пералічаных зьменаў можна чакаць узмацненьне вятроў і павелічэньне інтэнсіўнасьці трапічных цыклёнаў (агульная тэндэнцыя да ўзмацненьня якіх адзначана яшчэ ў XX стагодзьдзі), павелічэньне частасьці моцных ападкаў, прыкметнае пашырэньне раёнаў засухі.

Міжурадавая камісія вылучыла шэраг раёнаў, найболей уразьлівых да чаканай зьмены клімату [13]. Гэта раён Сахары, Арктыка, мэга-дэльты Азіі, невялікія выспы.

Да нэгатыўных зьменаў у Эўропе належаць павелічэньне тэмпэратураў і ўзмацненьне засухаў на поўдні (у выніку — памяншэньне водных рэсурсаў і памяншэньне выпрацоўкі гідраэлектраэнэргіі, памяншэньне прадукцыі сельскай гаспадаркі, пагаршэньне ўмоваў турызму), скарачэньне сьнежнага полага і адыход горных леднікоў, павелічэньне рызыкі моцных паводак і катастрафічных паводак на рэках; узмацненьне летніх ападкаў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, павелічэньне частасьці лясных пажараў, пажараў на тарфянішчах, скарачэньне прадуктыўнасьці лясоў; узрастаньне няўстойлівасьці грунтоў у Паўночнай Эўропе. У Арктыцы — катастрафічнае памяншэньне плошчы покрыўнага аблядненьня, скарачэньне плошчы марскіх ільдоў, узмацьненьне эрозіі берагоў.

Некаторыя дасьледнікі (напрыклад, П. Шварц і Д. Рэндэл[14]) прапануюць песымістычны прагноз, паводле якога ўжо ў першай чвэрці XXI стагодзьдзя магчымы рэзкі скок клімату ў неспадзяваны бок, прычым наступствам можа зьявіцца наступленьне новага ледніковага пэрыяду працягласьцю ў сотні гадоў.

Прадухіленьне і адаптацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шырокі кансэнсус сярод навукоўцаў-кліматолягаў адносна працягу росту глябальных тэмпэратураў прывёў да таго, што шэраг дзяржаваў, карпарацыяў і асобных людзей спрабуюць прадухіліць глябальнае пацяпленьне, ці прыстасавацца да яго. Шматлікія экалягічныя арганізацыі выступаюць за прыняцьце мераў супраць зьмены клімату, галоўным чынам спажыўцамі, але таксама на муніцыпальным, рэгіянальным і ўрадавым узроўнях. Некаторыя таксама выступаюць за абмежаваньне сусьветнай вытворчасьці выкапнёвых тыпаў паліва, спасылаючыся на непасрэдную сувязь паміж спальваньнем паліва і выкідамі CO2.

На сёньня асноўнай сусьветнай дамовай па процідзеяньню глябальнаму пацяпленьню зьяўляецца Кіёцкі пратакол (узгоднены ў 1997, набыў моц у 2005), дадатак да Рамачнай канвенцыі ААН аб зьмене клімату. Падпісантамі пратаколу зьяўляюцца больш за 160 краінаў сьвету, ён пакрывае каля 55% агульнасусьветных выкідаў парніковых газаў. Першы этап ажыцьцяўленьня пратаколу скончыцца напрыканцы 2012 году, міжнародныя перамовы пра новую дамову пачаліся ў 2007 годзе на высьпе Балі (Інданэзія), і яго канчатковае прыняцьце чакаецца на канфэрэнцыі ААН у Капэнгагене ў сьнежні 2009.

У 1980 годзе больш за 100 мільёнаў тон CO2 было выкінута ў атмасфэру ва ўсходняй частцы Паўночнай Амэрыкі, Эўропе, заходняй частцы СССР і буйных гарадах Японіі. Выкіды CO2 разьвітых краінаў у 1985 годзе склалі 74% ад агульнага аб’ёму, а дзель краінаў у стадыі разьвіцьця склала 24%. Навукоўцы мяркуюць, што да 2025 году дзель краінаў у стадыі разьвіцьця ў вытворчасьці вуглякіслага газу ўзрасьце да 44%.[15] У апошнія гады Расея і краіны былога СССР значна скарацілі выкіды ў атмасфэру CO2 і іншых цяплічных газаў. Гэта першым чынам адбылося з-за зьменаў у гэтых краінах, і падзеньнем узроўню вытворчасьці. Тым ня менш, навукоўцы чакаюць, што напачатку дваццаць першага стагодзьдзя Расея дасягне ранейшых аб’ёмаў выкіду ў атмасфэру цяплічных газаў.

У сьнежні 1997 году на сустрэчы ў Кіёта (Японія), прысьвечанай глябальнай зьмене клімату, дэлегатамі з больш чым ста шасьцідзесяці краінаў была прынятая канвэнцыя, якая абавязвае разьвітыя краіны скараціць выкіды CO2. Кіёцкі пратакол абавязвае трыццаць восем індустрыяльна разьвітых краінаў скараціць да 2008—2012 гадоў выкіды CO2 на 5% ад узроўню 1990 году:

  • Эўрапейскі зьвяз павінен скараціць выкіды CO2 і іншых цяплічных газаў на 8%.
  • ЗША — на 7%.
  • Японія — на 6%.

Пратакол прадугледжвае сыстэму квотаў на выкіды цяплічных газаў. Сэнс яе ў тым, што кожная з краінаў (пакуль гэта тычыцца толькі трыццаці васьмі дзяржаваў, якія ўзялі на сябе абавязваньне скараціць выкіды), атрымлівае дазвол на выкід вызначанай колькасьці цяплічных газаў. Пры гэтым мяркуецца, што нейкія краіны ці кампаніі перавысяць квоту выкідаў. У такіх выпадках гэтыя краіны ці кампаніі змогуць купіць права на дадатковыя выкіды ў тых краінах ці кампаніяў, выкіды якіх менш вылучанай квоты. Такім чынам мяркуецца, што галоўная мэта — скарачэньне выкідаў цяплічных газаў у наступныя 15 гадоў на 5% — будзе выканана.

Існуе канфлікт і на міждзяржаўным узроўні. Такія краіны ў стадыі разьвіцьця, як Індыя і Кітай, што маюць значны ўнёсак у забруджваньне атмасфэры цяплічнымі газамі, прысутнічалі на сустрэчы ў Кіёта, але не падпісалі дамову. Краіны ў стадыі разьвіцьця наогул з насьцярожанасьцю ўспрымаюць экалягічныя ініцыятывы індустрыяльных дзяржаваў. Аргумэнты простыя:

  • асноўнае забруджваньне цяплічнымі газамі ажыцьцяўляюць разьвітыя краіны
  • узмацненьне жорсткасьці кантролю на руку індустрыяльным краінам, бо гэта будзе стрымліваць эканамічнае разьвіцьцё краінаў у стадыі разьвіцьця.

Крытыка тэорыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кліматолягі згодныя з агульным сьцьверджаньнем, што сярэдняя тэмпэратура на плянэце павялічылася за апошняе стагодзьдзе. Разам з тым, ня ўсе пагаджаюцца, што гэта выклікана чалавечай дзейнасьцю. На пасяджэньні Міжурадавай групы экспэртаў па зьмяненьні клімату (сыстэма ААН) ў 2001 быў дасягнуты навуковы кансэнсус па пытаньні глябальнага пацяпленьня:

  • глябальная тэмпэратура павысілася ў параўнаньні з 19 стагодзьдзем у сярэднім на 0,6± 0,2 °C і на 0,17 °C ў дзесяцігодзьдзе за апошнія 30 год;
  • існуюць новыя моцныя пацьвярджэньні таго, што да пацяпленьня, якое назіраецца ў апошнія 50 год, спрычынілася дзейнасьць чалавека, у прыватнасьці, выкіды дыяксіду вугляроду і мэтану;
  • калі выкіды працягнуцца, пацяпленьне таксама працягнецца: прагназуецца рост тэмпэратуры на 1,4—5,8 °C за пэрыяд 1990—2100.

У сьвеце існуе даволі значная крытыка дадзенага кансэнсусу. Да скептыкаў адносяцца навукоўцы, якія ня згодныя хаця б з адным з трох сьцьверджаньняў, якія фармуюць так званы навуковы кансэнсус па пытаньню глябальнага пацяпленьня.

Вядомы брытанскі навуковец-натураліст і тэлевядучы Дэвід Бэламі лічыць, што самай галоўнай экалягічнай праблемай плянэты зьяўляецца памяншэньне плошчы трапічных лясоў у Паўднёвай Амэрыцы. Паводле яго меркаваньня, небясьпека глябальнага пацяпленьня моцна перабольшана, — тым часам як зьнікненьне лясоў, у якіх жыве дзьве траціны ўсіх тыпаў жывёлаў і расьлінаў плянэты, сапраўды зьяўляецца рэальнай і сур’ёзнай пагрозай для чалавецтва.[16]

Заснавальнік тэлеканала пра надвор’е, які лічыцца адным зь вядучых экспэртаў у вобласьці кліматалёгіі, лічыць «так званае глябальнае пацяпленьне найвялікім жульніцтвам у гісторыі». Па яго словах, «некаторыя подлыя і баязлівыя навукоўцы дзеля абароны навакольнага асяродзьдзя і розных палітычных мэт нахабна маніпулююць доўгатэрміновымі назіраньнямі за надвор’ем, каб стварыць у людзей ілюзію глябальнага пацяпленьня. Ніякай імклівай зьмены клімату ня будзе. Узьдзеяньне чалавецтва на клімат Зямлі нікчэмны. Наша плянэта не знаходзіцца ў небясьпецы. Праз адно-два дзесяцігодзьдзі безгрунтоўнасьць тэорыі глябальнага пацяпленьня будзе відавочная для ўсіх.»[17]

Дацкі эколяг і эканаміст Бёрн Лёмбарг лічыць, што глябальнае пацяпленьне мае ня гэткі пагрозьлівы характар, як гэта малююць некаторыя адмыслоўцы і паўтараюць за імі журналісты. «Тэма пацяпленьня перагрэта» — кажа ён. Дэталёва погляды Лёмбарга выкладзены ў кнізе «Астудзіце! Глябальнае пацяпленьне. Скептычнае кіраўніцтва».[18]

У 2013 годзе старшыня Нацыянальнай акадэміі навук ЗША прафэсар Фрэдэрык Зэйц пасьля працы ў Міжурадавай групе экспэртаў у зьменах клімату (МГЭЗК) ААН заявіў пра яе справаздачу: «Гэтая справаздача зусім не зьяўляецца той вэрсіяй, якую ўхвалілі навукоўцы, што напісалі арыгінал. Сама меней 15 ключавых момантаў было выкрасьлена са справаздачы. У тым ліку выказваньне аб тым, што няма ніякіх доказаў, што павышэньне ўзроўню парніковых газаў можа прывесьці да зьмены клімату. Няма таксама аніякіх пацьверджаных навуковых дадзеных і аб тым, што зьмены клімату, якія фіксуюцца, зьвязаныя зь дзейнасьцю чалавека»[19].

У жніўні 2013 году беларускі акадэмік Уладзімер Логінаў, які ў 1997—2008 гадах узначальваў Інстытут праблемаў выкарыстаньня прыродных рэсурсаў і экалёгіі, адзначыў: «за апошнія 10—15 гадоў аб’ёмы выкідаў парніковых газаў павялічыліся прыкладна на 30 працэнтаў, а тэмпэратура чамусьці перастала рэагаваць на такія зьмяненьні. ... летнія тэмпэратуры за апошнія 130 гадоў тройчы былі анамальна высокімі. Аднак з павелічэньнем аб’ёмаў выкідаў парніковых газаў гэта зьвязана не было». Таксама акадэмік Логінаў заўважыў, што «з (19)90‑х да пачатку 2000-х гадоў тэмпэратура зімой расла намнога больш інтэнсіўна, чым летам, што зьвязвалася з тэорыяй парніковага пацяпленьня. А потым звыклы сцэнар зьмяніўся. Летнія тэмпэратуры пачалі расьці хутчэй, а зімы сталі больш суровымі. Атрымліваецца, на клімат уплываюць іншыя фактары, пра якія мы пакуль ведаем недастаткова»[4].

Хакерскі інцыдэнт (лістапад 2009)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У лістападзе 2009 году ў выніку дзеяньняў групы невядомых хакераў быў узламаны паштовы сэрвэр Унівэрсытэту Ўсходняй Ангельшчыны і грамадзкасьці стала вядома аб перапісцы навукоўцаў[20][21][22]. Крытыкі заявілі, што зь перапіскі можна зрабіць выснову, што апошнія гады тэмпэратура на Зямлі не ўзвышаецца. Кіраўніцтва Ўнівэрсытэту Ўсходняй Ангельшчыны распаўсюдзіла заяву, у якім падобрка лістоў для публікацыі называецца тэндэнцыёзнай «адмаўляючай прызнаны сусьветнай супольнасьцю факт нэгатыўнага ўзьдзеяньня дзейнасьці чалавека на клімат». Таксама ў адказ на крытыку Кліматычны цэнтар Унівэрсытэту Ўсходняй Ангельшчыны ў супрацоўніцтве з Мэтэаралягічным бюро Цэнтру Хедлі (Met Office Hadley Centre) 7 сьнежня 2009 году разьмясьціў у вольным доступе чаську базы дадзеных, на аснове якой падлічваліся тэмпэратуры паверхні Зямлі (HadCRUT[23]). дадзеныя ўяўляюць сабой выбарку, якая зьмяшчае інфармацыю з каля 1500 наземных мэтэастанцыяў з агульнага ліку ў 5000 станцыяў.

Лічбы і факты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адным з найболей відавочных працэсаў, датычных глябальнага пацяпленьня, зьяўляецца раставаньне леднікоў.

  • За апошнія паўстагодзьдзя тэмпэратура на паўднёвым захадзе Антарктыкі, на Антарктычнай паўвысьпе, узрасла на 2,5 °C. У 2002 годзе ад шэльфавага ледніка Лярсэна плошчай 3250 кв. км. і таўшчынёй звыш 200 мэтраў, што знаходзіцца на Антарктычнай паўвысьпе, адшчапіўся айсбэрг плошчай звыш 2500 км2, што фактычна азначае разбурэньне ледніка. Увесь працэс разбурэньня заняў усяго 35 дзён. Да гэтага ляднік заставаўся стабільным на працягу 10 тысячаў гадоў, з канца апошняга ледніковага пэрыяду. На працягу тысячагодзьдзяў магутнасьць ледніка памяншалася паступова, але ў другой палове XX стагодзьдзя хуткасьць яго раставаньня істотна ўзрасла. Раставаньне ледніка выклікала выкід вялікай колькасьці айсбэргаў (звыш тысячы) у мора Уэдэла [24].
  • Руйнуюцца і іншыя леднікі. Так, улетку 2007 году ад шэльфавага ледніка Роса адшчапіўся айсбэрг даўжынёй 200 км і шырынёй 30 км; крыху раней, увесну 2007 году, ад антарктычнага матэрыка адшчапілася ледзяное поле даўжынёй 270 км і шырынёй 40 км. Сукупнасьць айсбэргаў перашкаджае выйсьцю халодных вод з мора Роса, што выклікае парушэньне экалягічнага балянсу (адным са сьледзтваў, напрыклад, зьяўляецца пагібель пінгвінаў, якія страцілі магчымасьць дасягнуць звыклых крыніцаў харчаваньня з-за таго, што лёд у моры Роса трымаўся даўжэй звычайнага).

Адзначана паскарэньне працэсу дэградацыі вечнай мерзлаты.

  • З пачатку 1970-х гадоў тэмпэратура шматгадовамерзлых грунтоў у Заходняй Сыбіры падвысілася на 1,0 °C, у цэнтральнай Якутыі — на 1-1,5 °C. На поўначы Аляскі зь сярэдзіны 1980-х гадоў тэмпэратура верхняга пляста зьмерзлых пародаў павялічылася на 3 °C.[25]

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За 1998—2012 гады (15 гадоў) ўраджай збожжа ў Беларусі вырас з 3,5 млн тонаў да 10 млн тонаў, што на 30% было абумоўлена кліматычнымі ваганьнямі. Вырасла ўраджайнасьць такіх больш цеплалюбівых расьлінаў, як кукуруза, проса і соя. Падоўжыўся вэгетацыйны пэрыяд, што стварыла спрыяльныя ўмовы для ранейшай сяўбы яравых расьлінаў. Адначасна скарацілася плошча вырошчваньня агуркоў, бульбы і капусты[4].

Праз глябальнае пацяпленьне з 1995 па 2021 год плошчу высейваньня кукурузы ў Беларусі павялічылі больш як 120-кратна з 20 да 2410 кв.км. У 2021 годзе ураджай кукурузы ў сьвірнавай вазе перасягнуў мільён тонаў. Яе сталі зьбіраць на зерне і ў Віцебскай вобласьці. Таксама праз пацяпленьне клімату азімыя культуры сталі даваць большы ўраджай за яравыя. Урэшце ў прамысловых маштабах пачалі вырошчваць абрыкосы і вінаград, дыні, кавуны і пэрсікі, якія дагэтуль не сустракаліся ў Беларусі[26].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Summary for Policymakers, 2021 (анг.)
  2. ^ Summary for Policymakers (анг.)
  3. ^ Пятро Раманчук. Глябальнае пацяпленьне ці глябальнае ашуканства // Зьвязда : газэта. — 20 ліпеня 2013. — № 133 (27498). — С. 1-2. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ а б в г Марыя Дзьмітрыева. Замест глябальнага пацяпленьня можа настаць пахаладаньне // Зьвязда : газэта. — 27 жніўня 2013. — № 159 (27524). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ [1]
  6. ^ [2]
  7. ^ [3]
  8. ^ [4] [5]
  9. ^ Кірыла Яськоў, «Гісторыя Зямлі і жыцця на ёй: Ад хаосу да чалавека». — М.: НЦ ЭНАС, 2004. — 312 з — 10 000 экз. ISBN 5-93196-477-0
  10. ^ рэжымы глябальна цеплапераносу:
    • крыяэра — кантынэнтальны клімат на сушы, у спалучэньні зь цёплымі акіянамі. Што тлумачыцца становішчам матэрыкоў у экватарыяльнай зоне, якая выклікае тое, што ў гідрасфэры ажыцьцяўляецца цеплаперанос з экватарыяльнай зоны ў высокія шыроты (напрыклад Гальфстрым), у выніку чаго ў атмасфэры ў палярных шыротах разьвіваюцца антыцыклёны, а мусонныя дажджы не даходзяць да высокіх шыротаў.
    • тэрмаэра — роўны цёплы клімат на сушы (напрыклад у Юрскім пжрыядзе), у спалучэнтні з аналягам кантынэнтальнага клімату для акіянаў. Што тлумачыцца адсутнасьцю матэрыкоў у экватарыяльнай зоне, якая выклікае тое, што ў гідрасфэры не ажыцьцяўляецца цеплаперанос з экватарыяльнай зоны ў высокія шыроты, у выніку чаго глябальны цеплаперанос ажыцьцяўляецца атмасфэрай, а не акіянамі, і як следзтва ў палярных шыротах адсутнічаюць антыцыклёны, а мусонныя дажджы даходзяць да высокіх шыротаў, выраўноўваючы клімат на сушы.
  11. ^ Роля наземных экасістэм у злучэнні парніковых газаў: пытаньняў больш чым адказаў
  12. ^ Дзейнасць сістэмы ААН у галіне змены клімату
  13. ^ Агляд вынікаў дзейнасці Працоўнай групы II Міжурадавай групы экспертаў па змене клімату (МГЭЗК)
  14. ^ Shwartz P., Randall D. An Abrupt Climate Change Scenario
  15. ^ Reporting on Climate Change, pp.14-15
  16. ^ Навукоўца адхілілі ад эфіру «Бі-Бі-Сі» за адмаўленне глабальнага пацяплення
  17. ^ Джон Колман сьцьвярджае, што глябальнае пацяпленьне — міт(недаступная спасылка)
  18. ^ Бёрн Ломбарг. Астудзіце! Глабальнае пацяпленне. Скептычнае кіраўніцтва = Cool It: The Skeptical Environmentalist's Guide to Global Warming / Т. Пасмураў. — Піцер Прэс ТАА, 2008. — 202 с. — 4000 ас. — ISBN 978-5-388-00065-1
  19. ^ Пятро Раманчук. Глябальнае пацяпленьне ці глябальнае ашуканства // Зьвязда : газэта. — 20 ліпеня 2013. — № 133 (27498). — С. 1-2. — ISSN 1990-763x.
  20. ^ Климатический трюк
  21. ^ Climatic Research Unit emails, data, models, 1996—2009 — WikiLeaks
  22. ^ Sceptics publish climate e-mails 'stolen from East Anglia University'
  23. ^ HadCRUT
  24. ^ Навіны навукі: разбурэнне шэльфавых леднікоў Антарктыды — прамая пагроза экалагічнаму балансу планеты
  25. ^ Глябальнае пацяпленьне і раставаньне вечнай мерзлаты: ацэнка рызыкаў для вытворчых аб’ектаў ТЭК РФ
  26. ^ НАН: з-за глябальнага пацяпленьня азімыя культуры маюць перавагі ў параўнаньні зь яравымі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 6 кастрычніка 2021 г. Праверана 7 кастрычніка 2021 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Парталы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Справаздачы, даклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Артыкулы і кнігі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міжнародныя дамовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]