Радыё Ўнэт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Ўнэт»
Радыё «Ўнэт»
Горад Варшава
Краіна Польшча
Слоган Сапраўды грамадзкі СМІ
Частасьць 87,8 МГц
Час вяшчаньня кругласоднева[1]
Зона вяшчаньня Польшча
Пачатак працы 25 траўня 2009 (14 гадоў таму)
Заснавальнік Кшыштаф Скаўронскі
Кіраўнікі Кшыштаф Скаўронскі
Сайт radiounet.fm
Twitter radiounet
Facebook radiounet
YouTube radiounet
Он-лайн-трансьляцыя sluchaj.wnet.fm

Радыё «Ўнэт» (польск. Radio Wnet) — сеціўная радыёстанцыя Польшчы, заснаваная ў траўні 2009 году.

У лістападзе 2018 году распачала этэрнае вяшчаньне ў Варшаве на частасьці 87,8 МГц і ў Кракаве на частасьці 95,2 МГц. Да 2023 году займела частасьці ў 7 гарадах Польшчы. Налічвала 50 перадачаў пра музыку, мастацтва, гісторыю, палітыку, занятасьць, тэхніку, гульні, грамадзтва і рэлігію. Замежныя студыі працавалі 12 краінах, у тым ліку ў 2-х краінах Азіі — у Лібане (Бэйрут) і на Тайване (Тайбэй), у 2-х краінах Амэрыкі — ЗША (Сярэдні Захад) і Калюмбіі (Мэдэін), у адной краіне Афрыкі — у Тунісе (Картаген), а таксама ў 7 краінах Эўропы — у Летуве (Вільня) і Ўкраіне (Кіеў і Львоў), а таксама ў Ангельшчыне (Лёндан), Ірляндыі (Дублін), Нямеччыне (Гёрліц у Верхняй Лужыцы, зямля Саксонія), Славеніі і Францыі (Парыж). У ЗША вяшчала праз Радыё «Дэон» у Чыкага (штат Іліной) і штаце Флорыда, што дазваляла трансьляваць перадачы на 7 зь 50 штатаў ЗША і рабіла «Ўнэт» найбольшай паводле ахопу польскай радыёстанцыяй у сьвеце. На 2023 год радыёстанцыя налічвала звыш 90 супрацоўнікаў. Заснавальнікам радыё быў Кшыштаф Скаўронскі. Музычным кіраўніком быў Томаш Выбраноўскі, кіраўніком спартовай рэдакцыі — Гжэгаж Мілько, а галоўным прадусарам — Мікалай Парушак[2].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 траўня 2009 году апоўдні ў Варшаве пачало вяшчаньне сеціўнае радыё «Ўнэт». Заснавальнікам выступіў Кшыштаф Скаўронскі. Назву прыдумаў Гжэгаж Васоўскі. Вядоўцамі «Раніцы» былі: Катажына Адамяк-Срочынская, Гжэгаж і Моніка Васоўскія, Ежы Яховіч, Дарыюш Росяк, Кшыштаф Фёсэт, Пётар Гоцэк, Лукаш Варжэха, Войцех Янкоўскі, Пётар Дзьмітровіч і Аляксандар Вяржэйскі. У студзені 2010 году перадачу «Раніца» пачалі трансьляваць на Радыё «Варшава». Ад лютага 2010 году яе пачало перадаваць Радыё «Надзея». Штосуботу а 10-й гадзіне Войцех Янкоўскі пачаў весьці «Ўсходнюю перадачу» на Радыё «Варшава». У сакавіку 2011 году запусьцілі рэдакцыю інтэрнэт-партала, якая стала 3-й для радыёстанцыі. У кастрычніку запрацаваў «Каапэратыўны СМІ». У чэрвені 2013 году выпусьцілі газэту «Кур'ер», галоўным рэдактарам якой стала Катажына Адамяк-Срочынская. У кастрычніку 2014 году радыёстудыю перанесьлі з «Эўрапейскай» гасьцініцы на Кошыкавую вуліцу, д. 8[3].

12 лістапада 2018 году распачалі ўласнае радыёвяшчаньне ў Варшаве і Кракаве. 13 верасьня 2019 году атрымалі частасьць ва Ўроцлаве (96,8 МГц), 25 верасьня — у Шчэціне (98,9 МГц), 11 кастрычніка — у Беластоку (103,9 МГц), а 5 лютага 2020 году — у Быдгашчы (104,4 МГц), Любліне (101,1 МГц) і Лодзі (106,1 МГц). Пачалі выпускаць «Польскі чарт» музыкі, у які штонядзелю а 15:00 сталі дадаваць новыя мэлёдыі. Радыёстанцыя трапіла ў 20-ку найбольш слуханых у Польшчы і дасягнула 300 000 штодзённых слухачоў. У жніўні 2020 году радыёстудыю перанесьлі ў Кракаўскае прадмесьце, д. 79[3]. На 2023 год кошт утрыманьня радыё складаў 450 000 злотых[4].

Беларуская рэдакцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

11 лістапада 2020 году запрацавала Беларускай рэдакцыя Радыё «Ўнэт», якую ўтварылі журналісты зь Беларусі. Яе перадачы пачалі выходзіць у этэр кожны будні дзень зранку і ўвечары. Асноўную ўвагу сталі ўдзяляць беларускай дыяспары ў Летуве, Польшчы, Украіне і Швайцарыі. Галоўнай рэдактаркай стала Вольга Сямашка, якае пасялілася ў Вільні (Летува). Першай перадачай стала «Жыве Беларусь уначы», што выходзіла ў аўторак і чацьвер. Яе першым вядоўцам стаў прадусар тэлеканала «Белсат» Раман Ждановіч, які раней працаваў на «Эўрапейскае радыё для Беларусі». Іншымі вядоўцамі сталі:

  • Аліна Крамко, якая зь 2012 году працавала на Беларускім радыё — зь 2021 году стала весьці літаратурны этэр «Жыве Беларусь уначы» ў панядзелак і сераду ўвечары і рабіць падкасты «Спадчына», «Гучы, Беларусь, уначы» і «Топ-5»;
  • Марына Савіцкая, якая 10 гадоў працавала на Радыё «Сталіца» — зь 2021 году вяла музычны этэр «Жыве Беларусь уначы» ў пятніцу;
  • Андрусь Гаёвы, які раней супрацоўнічаў зь Беларускай службай Радыё «Свабода» — зь 2021 году вёў перадачы «Сьвітанак свабоды» (шторанак) і «Вынікі тыдня»;
  • Алена Прыходзька, якая каля 10 гадоў была вядоўцай і рэдактаркай абласнога радыё — зь 2021 году стала весьці «Сьвітанак свабоды» і ствараць падкасты «Я журналіст, навошта вы мяне б’яце?» і «Неверагодныя».
  • Іван Савановіч, які быў карэспандэнтам, што распавядаў навіны беларускай дыяспары ў Польшчы[5].

Беларуская рэдакцыя Радыё «Ўнэт», якую фінансавала Міністэрства замежных справаў Польшчы, выпускала 2 перадачы ў будні:

  • «Сьвітанак свабоды» а 6:00—7:00 паводле беларускага часу;
  • «Жыве Беларусь уначы» а 00:00—2:00[5].

14 сакавіка 2024 г. стала вядома, што беларуская рэдакцыя радыё Унэт часова прыпыняе вяшчанне праграм на беларускай мове.[6]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Праграма (пол.) // ТАА «Радыё «Ўнэт», 2023 г. Праверана 30 сьнежня 2023 г.
  2. ^ Пра нас (пол.) // ТАА «Радыё «Ўнэт», 2023 г. Праверана 30 сьнежня 2023 г.
  3. ^ а б Гісторыя (пол.) // ТАА «Радыё «Ўнэт», 2023 г. Праверана 30 сьнежня 2023 г.
  4. ^ Падтрымка (пол.) // ТАА «Радыё «Ўнэт», 2023 г. Праверана 30 сьнежня 2023 г.
  5. ^ а б Пра нас // Беларуская рэдакцыя Радыё «Ўнэт», 2023 г. Праверана 30 сьнежня 2023 г.
  6. ^ Радыё Ўнэт часова прыпыняе вяшчанне праграм на беларускай мове

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]