Торф

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кавалак торфу. Бачныя ўкрапваньні неперагнілых расьлін.

Торф (ням. Torf) — гаручны карысны выкапень. Утвараецца ў працэсе натуральнага адміраньня і няпоўнага распаду расьлінаў ва ўмовах недахопу кіслароду і залішняга ўвільгатненьня. На балотах арганічнае рэчыва разьмяшчаецца ля паверхні, і ў будучыні пераўтвараецца ў торф. Звычайна пласт торфу перавышае 30 см. Калі пласт меншы за гэтую лічбу, то прастора лічыцца забалочанай мясцовасьцю.

Колер торфу вагаецца ад жоўта-бурага да амаль цалкам чорнага. На палову торф складаецца з вугляроду (50—60%). Цеплыня згараньня можа дасягаць 24 МДж/кг. У гаспадарцы выкарыстоўваецца як паліва, угнаеньне, цеплаізаляцыйны матэрыял і г. д.

Геаграфічнае разьмеркаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Радовішчы торфу знаходзяцца ў мностве краінаў сьвету, асабліва ў Ірляндыі, Расеі, Беларусі, Украіне, Фінляндыі, Летуве, Латвіі і гэтак далей. У паўднёвым паўшар’і торфу меней, чым у паўночным, але значная колькасьць торфу ёсьць у Новай Зэляндыі, на Фальклендзкіх выспах, у паўднёва-ўсходняй Азіі. Прыблізна 60% плошчы вільготных зямель складаюць тарфянікі. У адмысловых варунках за доўгі час торф пераўтвараецца ў буры вугаль.

Здабыча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2012 г. сусьветная торфаздабыча склала 30 млн тонаў: 1) Фінляндыя — 10 (33%), 2) Ірляндыя — 5 (17%), 3) Беларусь — 3 (10%), 4) Расея — 2 (7%), 5) Канада — 2 (7%).

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Геалягічныя запасы торфу ў Беларусі на 2012 г. складалі 4 млрд т., выведаныя — 940 млн т., прамысловыя — каля 600 млн тонаў. З 9 тыс радовішчаў распрацоўвалася 42. Здабыча вялася на 150 квадратных кілямэтрах зямлі 23 прадпрыемствамі. Асноўнымі спажыўцамі 1,36 млн т. вырабленых торфабрыкетаў былі: 1) хатнія гаспадаркі — 864 тыс т. (63%), 2) замежнікі — 393 тыс т. (29%), 3) Беларускі цэмэнтавы завод (Касьцюковічы, Магілёўская вобласьць) — 63 тыс т. (5%), 4) Жодзінская (Менская вобласьць) і Рэчыцкая цеплаэлектрацэнтралі (Гомельская вобласьць) — 40 тыс тонаў (3%)[1].

За 2015—2019 гады на цэмэнтных заводах Беларусі ўвялі 2 лініі падрыхтоўкі і спальваньня паліўных торфабрыкетаў, а таксама кацельню тарфяной сушонкі. У выніку за 2015—2021 гады спажываньне тарфянога паліва на такіх заводах больш як 4-кратна вырасла з 80 000 да 358 000 тонаў. У 2021 годзе Беларусь заняла 4-е месца ў сьвеце паводле здабычы торфу і 1-е — паводле вытворчасьці торфабрыкетаў. За год здабылі каля 2 млн тонаў торфу. За 2016—2021 гады спажываньне фрэзэрнага торфу ў кацельнях жыльлёва-камунальных гаспадарак вырасла ў 2,5 разы з 25 900 да 75 300 тонаў[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Торфсховішча мультымэдыйных матэрыялаў