Аб кульце асобы і яго наступствах

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Аб кульце асобы і яго наступствах — даклад першага сакратара ЦК КПСС Мікіты Хрушчова на ўнутраным закрытым пасяджэньні 20-га зьезду партыі 25 лютага 1956 году ў маскоўскім Вялікім Крамлёўскім палацы. Грунтаваўся на дадзеных Пракуратуры СССР, КДБ, Цэнтральнай камісіі па пераглядзе справаў на раней асуджаных грамадзянаў і Камісіі партыйнага кантролю ЦК КПСС. Зьмяшчаў абвінавачаньне папярэдняга кіраўніка партыі Ёсіфа Сталіна ў сфабрыкаваньні крымінальных справаў аб змовах і ў рэпрэсіях, ад якіх загінулі тысячы людзей. Таксама ў дакладзе адзначалася, што Нямецка-савецкую вайну ўдалося выйграць насуперак рашэньням Сталіна: «Калі фашысцкія войскі ўжо ўварваліся.., з Масквы быў загад — на стрэлы не адказваць.. таму, што Сталін.. лічыў, што гэта яшчэ не вайна.. Гэта прывяло да таго, што ў першыя ж гадзіны і дні праціўнік вынішчыў у нашых памежных раёнах вялікую колькасьць авіяцыі, артылерыі,.. зьнішчыў вялікую колькасьць нашых ваенных кадраў, дэзарганізаваў кіраваньне войскамі, і мы апынуліся не ў стане перагарадзіць яму шлях углыб краіны».

Зьезд пастанавіў азнаёміць з дакладам толькі аднапартыйцаў, камсамольцаў і беспартыйных кіраўнікоў, бо Хрушчоў у ім зазначаў: «Гэтае пытаньне мы ня можам вынесьці за межы партыі, а тым больш, у друк». Пасьля зьезду замяшанае ў беззаконьні Сталіна партыйнае кіраўніцтва вырашыла не друкаваць даклад, бо замест галоснасьці мела зацікаўленасьць толькі ў спыненьні рэпрэсіяў, ад якіх само цярпела[1]. Пры зачытваньні на партыйных сходах у сакавіку 1956 г. яго забаранялася абмяркоўваць і бралася расьпіска аб неразгалошваньні. Аднак у 1956 г. яго надрукавала амэрыканская газэта «Вашынгтон пост»(en). У СССР даклад упершыню апублікавалі праз 33 гады, у 1989 г., у часопісе «Весткі ЦК КПСС» (рас. Известия ЦК КПСС)[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ларыса Цімошык. Культ паасобку // Зьвязда : газэта. — 25 лютага 2011. — № 37 (26901). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Сяргей Дубавец. Сакрэтны даклад Хрушчова // Радыё «Свабода», 26 лютага 2006 г. Праверана 25 ліпеня 2014 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]