Апэрацыя Мангуст

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Апэрацыя «Мангуст» (па-ангельску: Operation Mongoose), Кубінскі праект (анг. Cuban Project) — сакрэтная апэрацыя Цэнтральнай выведвальнай управы ЗША (ЦРУ), распрацаваная ў пачатку кіраваньня прэзыдэнта Джона Кенэдзі пасьля правалу апэрацыі ў затоцы Сьвіней. 30 лістапада 1961 агрэсіўныя дзеяньні супраць камуністычнага ўраду Фідэля Кастра на Кубе былі санкцыянаваныя прэзыдэнтам Кенэдзі. Кіраваў апэрацыяй генэрал ВПС ЗША Эдўард Лансдэйл.

Мэтаю апэрацыі «Мангуст» быў тэрарызм супраць Кубы ў спробе адхіліць ад улады камуністаў, што, паводле гарвардзкага гісторыка Хорхе Дамінгеса, было першачарговай задачай адміністрацыі прэзыдэнта Джона Кенэдзі[1].

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля Кубінскай рэвалюцыі і прыходу да ўлады камуністаў на чале зь Фідэлем Кастра ўрад ЗША прыняў рашэньне спыніць пашырэньне сацыялістычнае рэвалюцыі і замяніць кубінскі лад на больш адпаведны філязофіі ЗША. Пасьля правалу ўварваньня ў затоцы Сьвіней з мэтаю пошукаў спосабаў адхіленьня ад улады Фідэля Кастра быў сфармаваны адмысловы камітэт.

Падрыхтоўка апэрацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кіраваньнем падрыхтоўкі апэрацыі з боку прэзыдэнцкай адміністрацыі займаўся Генэральны пракурор Робэрт Фіцжэральд Кенэдзі. Узначальвалі «Мангуст» Эдўард Лансдэйл з боку Дэпартамэнту абароны і Ўільям Кінг Гарві з ЦРУ. Лансдэйл быў абраны з увагі на ягоны досьвед у антыпартызанцы(en) на Філіпінах падчас паўстаньня Хукбалахапу, а таксама пры падтрымцы рэжыму Дзьема ў Віетнаме.

У часе Кубінскага праекту былі прадстаўленыя 33 пляны апэрацыі (паводле колькасьці жывых відаў мангустаў[2]), адрозных эфэктыўнасьцю і намерамі, ад прапаганды да эфэктыўнага падрыву кубінскага ўраду і эканомікі. Некаторыя мелі сродкам выкарыстаньне спэцназу, зьнішчэньне цукровых плянтацыяў, альбо мініраваньне гаваняў.

Правядзеньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плянавалася запусьціць плян у дзеяньне ў кастрычніку 1962 року «адкрытым мяцежом і зрынаньнем камуністычнага рэжыму». Гэта быў пік Карыбскага крызісу, калі ЗША і СССР стаялі на мяжы пачатку ядзернае вайны. У рэшце рэшт 30 кастрычніка апэрацыя была адкладзеная, але на той час 3 з 10 аддзелаў сабатажнікаў па шэсьць чалавек трапілі на Кубу.

Наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кубінскі праект, як і ранейшая спроба ўварваньня ў затоцы Сьвіней, прызнаная прыкладам правалу амэрыканскай палітыкі супраць Кубы.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Domínguez, Jorge I. "The @#$%& Missile Crisis (Or, What was 'Cuban' about US Decisions during the Cuban Missile Crisis.Diplomatic History: The Journal of the Society for Historians of Foreign Relations, Vol. 24, No. 2, (Spring 2000): 305-15.)
  2. ^ Vaughan, Terry A.; James M. Ryan; Nicholas J. Czaplewski (2010). Mammalogy. Jones & Bartlett Learning. p. 300. ISBN 0-7637-6299-7

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]