Вальтэр Зюскінд
Ян Вальтэр Зюскінд (па-ангельску: Jan Walter Susskind; 1 траўня 1913, Прага — 25 сакавіка 1980, Бэрклі, Каліфорнія) — брытанскі дырыгент чэскага паходжаньня (грамадзянін Вялікабрытаніі з 1946 г.).
Біяграфія [рэдагаваць]
Сын музычнага крытыка і піяністкі, Зюскінд вучыўся ў Праскай кансэрваторыі ў Ёзэфа Сука (кампазыцыя) і Карэла Гофмайстэра (фартэпіяна), а таксама ў Георга Сэла (дырыжыраваньне) у Нямецкай акадэміі музыкі ў Празе. У 1934 г. Зюскінд дэбютаваў як дырыгент у Нямецкай опэры Прагі. Адначасова з 1933 г. ён канцэртаваў як піяніст, асабліва ў складзе Чэскага трыё. Сярэдзінай 1930-х гг. датуецца і кампазытарскі досьвед Зюскінда — у прыватнасьці, чатыры песьні для голасу і струннага квартэту (1935).
У 1939 г. Зюскінд пасьпеў пакінуць Чэхію за некалькі дзён да гітлераўскай акупацыі і апынуўся ў Лёндане, дзе аднавіў Чэскае трыё і пачаў выступаць зь ім, першапачаткова ў прадстаўніцтве чэхаславацкага ўраду ў выгнаньні. На адным з такіх канцэртаў Зюскінд пазнаёміўся зь віялянчэлісткай Элеанор Ўорэн, на якой у 1943—1953 гг. быў жанаты. У 1943—1945 гг. Зюскінд кіраваў аркестрам аднаго з другасных лёнданскіх опэрных тэатраў. У 1946—1952 гг. ён узначальваў Шатляндзкі нацыянальны аркестар (адначасова нямала выступаючы і запісваючыся з аркестрам Філярмонія). У 1953—1955 гг. Зюскінд працаваў у Аўстраліі, кіруючы сымфанічным аркестрам штату Вікторыя, а затым адправіўся ў Амэрыку, дзе ў 1956—1965 гг. быў музычным кіраўніком Таронцкага сымфанічнага аркестра і Мэндэльсонаўскага хору. Наступным прыкметным ангажэмэнтам Зюскінда стала кіраўніцтва Сэнт-Луіскім сымфанічным аркестрам у 1968—1975 гг. Нарэшце, у 1978—1979 гг. Зюскінд узначальваў Сымфанічны аркестар Цынцынаці.
Сярод прыкметных запісаў Зюскінда — «Плянэты» Густава Голста і «Так казаў Заратустра» Рыхарда Штраўса з Сэнт-Луіскім аркестрам.