Венанцы Бутрым

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Венанцы Бутрым
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 9 верасьня 1936(1936-09-09)
Памёр 16 жніўня 2003(2003-08-16) (66 гадоў)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці маляр, пісьменьнік

Венанцы Вікенцьевіч Бутрым (9 верасьня 1936, Баранавічы16 жніўня 2003, Баранавічы ) — беларускі пісьменьнік і мастак.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1965 годзе скончыў Менскую мастацкую вучэльню па спэцыяльнасьці крэсьленьне і маляваньне. Пад час вучобы, у 1963 — 1965 гадах, працаваў настаўнікам чарчэньня і маляваньня ў СШ №9 Менску. Па заканчэньні вучобы вярнуўся ў Баранавічы і 2 гады працаваў настаўнікам па сваёй спэцыяльнасьці ў СШ №1.

З 1967 па 1996 год, да выхаду на пэнсію, працаваў мастаком у Баранавічах у Берасьцейскіх мастацка-вытворчых майстэрнях, перайменаваных пазьней у камбінат “Мастацтва” Мастацкага фонду БССР.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Займаўся творчасьцю ў галіне жывапісу і графікі, а таксама літаратурнай творчасьцю: пісаў вершы і прозу на беларускай і расейскай мовах.

Мастакоўская творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле сваёй працы афармляў частку экспазыцый Баранавіцкага краязнаўчага музэя, экспазыцыі Музэя гісторыі чыгуначнага транспарту, школьныя музэі. Ім былі выкананы вітражы для ЗАГСу, якія цяпер упрыгожваюць Палац дзіцячай творчасьці ў Баранавічах.

У час, вольны ад працы мастака-афарміцеля, займаўся мастацкай творчасьцю ў галіне жывапісу і графікі. Ім было створана ўсяго каля 30 карцін. Засталіся таксама эцюды і малюнкі. Аздобіў малюнкамі і свае кнігі «У барвах зямлі» і «Паралелі». Аформіў ён і кнігу паэзіі Івана Лагвіновіча «Разлукі выраёвыя».

Літаратурная творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэбютаваў у друку ў кастрычніку 1974 году ў часопісе Маладосць чатырма вершамі[1]. У студзеньскім нумары “Маладосці” за 1976 год пабачыла сьвет яго апавяданьне “Ліпеньскім днём”. У чэрвені таго ж году часопіс “Нёман” надрукаваў яго аповесьць “Юнгі”.

На літаратурную творчасьць Бутрыма зьвярнуў увагу Барыс Сачанка ў аглядным артыкуле газэты “Літаратура і мастацтва” за 24 сьнежня 1976 году. Берасьцейская абласная газэта “Заря” ад 30 красавіка 1977 году надрукавала артыкул “Санэты Бутрыма”, напісаны пісьменьнікам Уладзімерам Калесьнікам, і ніжэй тры санэты.

У 1998 годзе ў зборніку выбранай беларускай паэзіі “Агледзіны” быў надрукаваны яго верш “Варта”. У зборніку “Дзень паэзіі” за 1989 год быў надрукаваны яго верш “Каляровая літаграфія”. Сем вершаў Бутрыма выйшлі ў альманаху “Дзядзінец. Паэзія Берасцейшчыны” у 1999 годзе. У 1997, 2000 і 2006 гадах падборкі вершаў Бутрыма былі надрукаваны ў літаратурным альманаху гораду Баранавічы “Сьвятліца”. Друкаваўся і ў мясцовай прэсе, а таксама ў газэце Наша слова.

У 2001 годзе выйшла кніга паэзіі “У барвах зямлі”. У сьнежні 2002 году два вершы Бутрыма надрукаваў часопіс “Полымя”. У гэтым жа 2002 годзе ў калектыўным зборніку “Верш на свабоду” надрукаваны і яго верш “Змые пыл, жыватворным напоіць…” У 2003 годзе два вершы Бутрыма трапілі ў анталёгію выбранай беларускай паэзіі ХХ стагодзьдзя “Краса і сіла”.

У кастрычніку 2003 году, праз два месяцы пасьля сьмерці, пабачыла сьвет яго другая кніга паэзіі “Паралелі”. Наклад кнігі 250 асобнікаў. У 2006 годзе выйшаў зборнік расейскамоўнай паэзіі Бутрыма “В пространстве и времени”.

Кнігі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 2001 — “У барвах зямлі”, паэзія
  • 2003 — “Паралелі”, паэзія
  • 2007 — “В пространстве и времени”, паэзія
  • 2011 — “Маўклівыя сумныя птушкі”, проза
  • 2014 — “Дзён маіх лепшыя дні”, проза

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Баранавічах маецца памятная шыльда ў гонар Бутрыма[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]