Гэрбэрт Ўэлз
| Гэрбэрт Джордж Ўэлс | |
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзіўся: | 21 верасьня 1866, Бромль |
| Памёр: | 13 жніўня 1946, Лёндан |
| Літаратурная дзейнасьць | |
| Род дзейнасьці: | празаік, эсэіст |
| Гады творчасьці: | 1895—1946 |
| Напрамак: | Крытычны рэалізм |
| Жанр: | Навуковая фантастыка, гісторыя |
| Дэбют: | Машына часу |
Гэ’рбэрт Джордж Ўэ́лз (па-ангельску: Herbert George Wells; 21 верасьня 1866, Бромль — 13 жніўня 1946, Лёндан) — брытанскі пісьменьнік і публіцыст. Аўтар вядомых навукова-фантастычных раманаў «Машына часу», «Чалавек-невідзімка», «Вайна сусьветаў» і інш. Знакміты майстар крытычнага рэалізму. Прыхільнік фабіяанства. Тройчы наведваў Савецкую Расею, дзе сустракаўся з Леніным і Сталіным.
[рэдагаваць] Жыцьцяпіс
Нарадзіўся ў Этлас-хаўз, у доме 47 на Хай-стрыт у Бромлі, графства Кент. У сям’і яго называлі «Берці», ён быў чацьвертым і апошнім дзіцем Джозэфа Ўэлза (былога сямейнага садоўніка, на той час крамніка і аматара крыкету) і яго жонкі Сары Ніл (былой сямейнай служанцы). Сям’я належала да нізоў сярэдняга класа.
Вызначальным інцыдэнтам у жыцьці маладога Ўэлза стала аварыя, якая здарылася ў 1874 годзе і прыкавала яго да ложка са зламанай нагой. Каб бавіць час, ён пачаў чытаць кнігі з мясцовай бібліятэкі, якія яму прыносіў бацька.
Маці і бацька Ўэлза ніколі дужа добра не ладзілі міжсобку, і калі яна вярнулася да працы, адной з умоваў было тое, што месца для мужа і дзяцей ня будзе. Ўэлз бываў у яе ў перыяды, калі ня мог знайсьці працы. На шчасьце для Ўэлза, у доме была цудоўная бібліятэка, у якую ён акунаўся і чытаў шмат клясічнай літаратуры, у тым ліку «Рэспубліку» Платона, і «Утопію» Мора.
У 1883 Ўэлз ўгаварыў бацькоў адправіць яго вучыцца і выкладаць малодшым клясам у Мідхерсцкай сярэдняй школе. Налета Ўэлз атрымаў стыпэндыю для навучаньня ў Настаўніцкай навуковай вучэльні ў Лёндане і вывучаў біялёгію пад кіраўніцтвам Томаса Генры Хаксьлі.
Неўзабаве Ўэлз далучыўся да дыскусыйнага клюбу школы. У гэтыя гады ён пачаў цікавіцца магчымасьцю рэфармаваньня грамадства. Упершыню зьвярнуўшыся да гэтага пытаньня праз «Рэспубліку» Платона, ён хутка перайшоў да сучасных ідэй сацыялізму ў форме, якую прапаноўвала нядаўна створанае Фабіянскае таварыства і свабодныя лекцыі, чытаныя ў Келмскат-хаўз, у доме Ўільяма Морыса. Ён таксама быў адным з заснавальнікаў Science School Journal, школьнага часопіса, які дазваляў яму выказаць свае погляды на літаратуру і грамадства, а таксама спрабаваў свае сілы ў мастацкай літаратуры: першую версію свайго рамана «Машына часу» апублікавалі ў гэтым часопісе пад назвай «Вечныя арганаўты».
У 1891 Ўэлз ажаніўся са сваёй кузінай Ізабэль Мэры Ўэлз, але пакінуў яе ў 1894 годзе дзеля адной са студэнтак, Эмі Кэтрын Робінс, з якой узяў шлюб у 1895 годзе. З Эмі ў яго былі два сыны: Джордж Філіп (якога называлі Джып) і Фрэнк Рычард. Ўэлз быў дыябетыкам і ў 1934 годзе стаў адным з заснавальнікаў арганізацыі, што цяпер вядомая як Дыябетыкі Аб’яднанага Каралеўства, галоўнай дабрачыннай арганізацыі людзей, якія пакутуюць на дыябет, у Вялікабрытаніі.
Прычыны сьмерці Ўэлза нявысветленыя. Ён памёр 13 жніўня 1946 г. у сваім доме №13 на Гановер-тэрас, Рэгентс-парк, Лёндан. У некаторых паведамленьнях прычынай сьмерці называюць дыябет або рак пячані. У сваім прадмове да выдання 1941 г. «Вайны ў паветры» Ўэлз заявіў, што яго эпітафіяй варта зрабіць фразу: «Я ж вам казаў. Вы дурні маляваныя», — але яго жаданне ня было задаволенае, бо яго крэміравалі ў крэматорыі Голдэрс-Грын 16 жніўня 1946 году і прах пазьней рассеялі над морам. Сіняя мемарыяльная дошка ў яго гонар была ўсталяваная ў ягоным доме на Рэгентс-парк.
[рэдагаваць] Пераклады па беларуску
- Вайна сусветаў; Чалавек-невідзімка / Г. Уэлс; Пер. В.Тамашэвіча, М.Зарэмбы. — Мн. : Юнацтва, 1997. * ISBN 985-05-0135-9
- Чалавек, які ўмеў рабіць цуды пер. Павел Донаў
[рэдагаваць] Крыніцы
| Гэта — накід артыкула пра пісьменьніка альбо пісьменьніцу. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |