Дзяніс Раманюк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дзяніс Раманюк
Дата нараджэньня 18 сакавіка 1970(1970-03-18) (54 гады)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак фатограф, выдавец, этнограф, маляр
Месца працы
Бацька Міхась Раманюк

Дзяніс Міхайлавіч Раманюк (18 сакавіка 1970, Менск) — беларускі выдавец, фатограф, дызайнэр, этнограф і мастак. Сын вядомага этнографа Міхася Раманюка.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1988 годзе скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя А. Ахрэмчыка. У 1988—1992 гг. студэнт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў), адкуль быў выключаны за прафэсійную непрыдатнасьць. У 1992 годзе паступіў у Віленскую мастацкую акадэмію, якую скончыў у 1995 годзе

У 1995—1999 гадах выкладаў у Беларускім ўнівэрсытэце культуры. З 1993 па 2006 год працаваў над фотапартрэтам старога гораду ў Вільні. З 1997 году працягвае справу свайго бацькі, прафэсара Міхася Раманюка, па вывучэньні народнай культуры і этнаграфіі беларусаў. Зладзіў дзесяткі экспэдыцый па тэрыторыі ўсёй Беларусі.

Сябра Беларускага саюзу мастакоў і творчага аб’яднаньня «Фотамастацтва». Графіка і фотаздымкі Раманюка захоўваюцца ў Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску, Нацыянальным гістарычным музэі Рэспублікі Беларусь, Летувіскай нацыянальнай камісіі ЮНЕСКА, Гарадзенскім музэі гісторыі рэлігіі, Дзяржаўнай галерэі мастацтваў у Лодзі (Польшча), Агенцтве па аднаўленьні старога горада (Вільня) ды іншых музэях.

Адной з прыярытэтных тэм дасьледаваньняў Дзяніса Раманюка стала зона, пацярпелая ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Вынікам гэтых дасьледаваньняў стала выданьне да 20-й гадавіны аварыі мастацка-публіцыстычнага альбому «Чарнобыль», які атрымаў некалькі найвышэйшых узнагарод на міжнародных і нацыянальных конкурсах і быў перавыдадзены ў 2016 годзе. Артыкулы Раманюка па беларускай этнаграфіі і народным мастацтве, як і фотаздымкі, што адлюстроўваюць хараство Беларускага краявіду — публікуюцца ў кнігах, часопісах, газэтах і каляндарах. Фотаздымкі, матэрыялы і знаходкі, сабраныя Раманюком, дэманструюцца на выставах, па тэлебачаньні і ў радыёперадачах як у Беларусі, так і за мяжой.

Дзяніс займаецца падрыхтоўкай да выданьня творчай спадчыны свайго бацькі — Міхася Раманюка.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кнігі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Таксама ён уклаў, падрыхтаваў да друку і выдаў кнігі іншых аўтараў:

  • Міхася Раманюка «Беларускія народныя крыжы» (2000) ISBN 9955-437-08-1,
  • Міхася Раманюка «Беларускія народныя строі» (2003,2014) ISBN 9955-437-16-2,
  • Ігара Бархаткова «Игорь Бархатков» (2003) ISBN 9955-437-18-9
  • Алены Мікульчык і Андрэя Шчукіна «Смак беларускай кухні» (2019) ISBN 978-985-90398-7-4.

Выставачная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяніс Раманюк удзельнік больш як 50 выстаў фатаграфіі і графікі, сярод якіх — пэрсанальныя: у Бундэстагу (Бэрлін), у мэрыі Вільні, Кэмбрыдзкімі і Оксфардзкім унівэрсытэтах, Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь, Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску, Нацыянальным гістарычным музэі Рэспублікі Беларусь, Віцебскім мастацкім музэі, Берасьцейскім мастацкім музэі, Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясьвіж», Фондзе культуры Летувы, Нацыянальнай бібліятэцы гораду Таліна, — а таксама асноўныя групавыя: у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (Нью-Ёрк), Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Віленскай мастацкай акадэміі, Дзяржаўнай галерэі мастацтваў у Лодзі (Польшча), Варшаўскім унівэрсытэце (Польшча), Палацы мастацтваў у Менску, у галерэях «Arka» (Вільня), «Nova» (Менск).

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гран Пры LIX Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі — 2020»;
  • Дыплём імя Францыска Скарыны за выданьне альбома «Беларусь. Храм і краявід»;
  • «Гран-пры» III Маскоўскага міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі — 2006» — за выданьне альбома «Чарнобыль»;
  • «Залаты фаліянт» пераможцы Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі — 2008» у намінацыі «Найлепшы фотамастак» — за фотаздымкі да альбомаў «Мой шлях Беларусь» і «Чарнобыль»;
  • «Залаты фаліянт» пераможцы Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі — 2008» у намінацыі «Найлепшы фотаальбом» — за выданьне альбома «Мой шлях Беларусь»;
  • «Залаты фаліянт» пераможцы Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі — 2007» у намінацыі «За ўвасабленьне наватарскай ідэі»;
  • дыплём ІІІ ступені на V Міжнародным конкурсе «Мастацтва кнігі — 2008» (Масква) у намінацыі «Мая краіна»;
  • тры найвышэйшыя ўзнагароды на Беларускім рэспубліканскім конкурсе «Мастацтва кнігі — 2002» — за падрыхтоўку і выданьне манаграфіі Міхася Раманюка «Беларускія народныя крыжы», а сам альбом названы «Кнігай года»;
  • бронзавая статуэтка Беларускай асацыяцыі кнігавыдаўцоў — «За найлепшае ўвасабленьне беларускай тэматыкі»;
  • «Залаты фаліянт» LIX Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі — 2020» у тэматычнай намінацыі «Фотапогляд» за выданьне альбома «Смак беларускай кухні».
  • дыплём І ступені на Беларускім рэспубліканскім конкурсе «Мастацтва кнігі — 2002» — за паліграфічны дызайн;
  • дыплём І ступені на Беларускім рэспубліканскім конкурсе «Мастацтва кнігі — 2004» — за падрыхтоўку і выданьне кнігі Міхася Раманюка «Беларускія народныя строі»;
  • дыплём ІІ ступені на Маскоўскім міжнародным конкурсе «Мастацтва кнігі — 2004» у намінацыі «Трыумф»— за падрыхтоўку і выданьне альбома «Беларускія народныя строі»;
  • дыплём ІІ ступені на Беларускім рэспубліканскім конкурсе «Мастацтва кнігі — 2003» — за падрыхтоўку і выданьне альбома «Беларусь»;
  • ганаровы знак Беларускага саюза дызайнэраў «Найлепшае выданьне ў галіне дызайну за 2003 год» — за падрыхтоўку і выданьне альбома «Беларускія народныя строі»;
  • ганаровы знак Беларускага саюза дызайнэраў «Найлепшае выданьне ў галіне дызайну за 2006 год» — за падрыхтоўку і выданьне альбома «Чарнобыль»;
  • ІІ прэмія на Рэспубліканскай выставе-конкурсе «White Art Festival» (1995) — за графічны твор "Плянэта «Расьліна Чалавек»;
  • ІІ прэмія на Менскім гарадзкім конкурсе плякату «Наш боль — Курапаты» (1990) — за плякат «Першыя словы»;
  • адмысловы дыплём «За ўклад у захаваньне духоўнай спадчыны» на Беларускім рэспубліканскім конкурсе «Мастацтва кнігі — 2004».

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]