Радыяцыйнае заражэньне ў Краматорску

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Будынак, у якім адбылося заражэньне

Радыяцы́йнае заражэ́ньне ў Крамато́рску (па-ўкраінску: Радіоактивне зараження в Краматорську) — радыяактыўнае апрамяненьне жыхароў аднаго з панэльных дамоў Краматорску ва Ўкраінскай ССР у пэрыяд з 1980 па 1989 гады.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пад канец 1970-х у Каранскім карʼеры Данецкай вобласьці, дзе здабывалі жвір і друз, была згублена ампула з цэзам-137, які выкарыстоўваўся ва ўзроўнемеры[1]. Пачаліся пошукі[2], кіраўніцтва папярэдзіла сваіх шматлікіх замоўцаў пра згубу. Друз з гэтага карʼера выкарыстоўвалі для будаўніцтва Алімпійскіх абʼектаў у Маскве. Да заканчэньня пошукаў пастаўкі друзу загадам урада СССР былі прыпыненыя. Праз тыдзень пошукі афіцыйна скончыліся няўдачай[3].

У 1980 годзе ў Краматорску быў здадзены ў эксплюатацыю панэльны будынак № 7 па вуліцы Гвардзейцаў-Кантэміраўцаў. Згубленая ампула памерам 8 на 4 мм, якая выпраменьвала 1800 Р/год[4], апынулася ўмураванай у адну са сьценаў дзіцячага пакоя.

Заражэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ужо ў 1981 годзе ў будынку памерла васемнаццацігадовая дзяўчына[5][6].

Праз год у бальніцы памёр ейны шаснаццацігадовы брат, а крыху пазьней і іхная маці[6]. Кватэру перадалі новай сямʼі, аднак празь некаторы час іхны сын-падлетак таксама загадкава захварэў на невылечную хваробу й памёр[5].

Прычынай сьмерці ўсіх гэтых людзей стаў леўкоз[6][2]. Хваробы ў другой сямʼі мэдыкі сьпісалі на дрэнную спадчыннасьць, так і не зьвязаўшы іх з аналягічным дыягназам у ранейшых уладальнікаў кватэры[5].

Незадоўга да сьмерці падлетка на сьцяну ў яго пакоі павесілі дыван. Калі малады чалавек ужо памёр, яго бацькі заўважылі, што на дыване ўтварылася выпаленая пляма.

Бацька памерлага хлопца дабіўся ўважлівага расьсьледаваньня[6][2]. Выявілася, што радыяцыя ў дзіцячым пакоі, у сумежнай кватэры за сьцяной і ў кватэры паверхам вышэй перавышала дапушчальны ўзровень у сотні разоў[7].

Самая вялікая магутнасьць выпраменьваньня была ў дзіцячай, у сумежнай кватэры за сьцяной і ў кватэры паверхам вышэй… <…> …для таго, каб выразаць частку сьцяны, да яе ўчастку з крыніцай выпраменьваньня прыбілі сьвінцовыя плястыны для абароны працоўных.

— Тагачасны галоўны лекар Краматорскай СЭС Мікалай Саўчанка[7]

Жыхароў выселілі, пасьля чаго было вызначана дакладнае месца крыніцы выпраменьваньня. Выразаўшы частку сьцяны, яе даставілі ў Кіеўскі інстытут ядзерных дасьледаваньняў, дзе ампула была выцягнутая[7]. Па заводзкім нумары быў вызначаны ўласьнік ампулы[5].

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля выняцьця ампулы гама-выпраменьваньне ў будынку № 7 зьнікла, узровень радыяактыўнасьці зраўняўся з фонавым[5][7][6][8][9].

Пасьля таго, як усё выявілася, жыхары выставілі шэраг патрабаваньняў па абсьледаваньні іхных кватэр і аказаньні ім мэдычнай дапамогі[7].

У сакавіку 1990 году спэцыялісты, урачы й прадстаўнікі выканкама сустрэліся з жыхарамі і ўручылі кожнаму пратакол аб магутнасьці атрыманых доз. Паведамлялася, што «сустрэча праходзіла ў напружанай атмасфэры, разьвеяць недавер жыхароў да вынікаў дасьледаваньняў цалкам не ўдалося».

Сустрэча была вельмі трагічнай. Злыя выкрыкі, сьлёзы — гэта ўсё можна было зразумець. Дозы вышэй за натуральны фон атрымалі 17 чалавек.

— Тагачасны галоўны лекар Краматорскай СЭС Мікалай Саўчанка[7]

Усяго за пэрыяд з 1981 па 1989 гады ад радыяцыі ў доме № 7 памерлі ад двух[10][11] да шасьці жыхароў[7][12]. Яшчэ 17 жыхароў былі прызнаныя інвалідамі[13].

У 1993 годзе, дзякуючы намаганьням народнага дэпутата ад Краматорска Аляксея Шэхаўцова, гэтых асобвў на заканадаўчым узроўні прыраўнялі да пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы. Аднак пасьля адпаведную папраўку адмянілі з-за парушэньня Рэглямэнту Вярхоўнай Рады[13][14].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Annex 1. Radiation events in Ukraine // Report on Nuclear and Radiation Safety in Ukraine 2012 / Olena Mykolaichuk. — State Nuclear Regulatory Inspectorate of Ukraine, 2012. — С. 85, 87. — 96 с.
  2. ^ а б в Трагедія у Краматорську та аварія в бухті Чажма: ТОП-5 ядерних аварій СРСР (укр.). Uainfo (2 ліпеня 2019).
  3. ^ Найбільші екологічні катастрофи, які були в Україні | Їдло для мізків (укр.). Zolochiv.net (4 ліпеня 2018). Праверана 24 сакавіка 2024 г.
  4. ^ Olga Makarovska. Radiological accident in Ukraine (Kramatorsk), 1980—1989 // Overview of Radiological Accidents Involving Orphan Radioactive Sources of Ionizing Radiation Worldwide:  (анг.). — Security and nonproliferation. — Kyiv : STC on Export and Import of Special Technologies, Hardware and Materials, 2005. — Вып. 2(8). — P. 23—24.
  5. ^ а б в г д Дмитро Лук’яненко Дом-убийца или краматорский «микрочернобыль» (рас.). Kramatorskpost.com. Праверана 23 лістапада 2024 г.
  6. ^ а б в г д Антуанетт Редфорд (4 лютага 2023) Коли і де у світі губили радіоактивні матеріали (укр.). BBC News Україна. Праверана 24 сакавіка 2024 г.
  7. ^ а б в г д е ё Денис Казанський (26 красавіка 2018) Як в СРСР в Краматорську побудували радіоактивний будинок (рас.). Glavcom.ua. Праверана 24 сакавіка 2024 г.
  8. ^ Security and Nonproliferation, Issue 2(8)2005, Kyiv, 2005 Праверана 2015-02-06 г.
  9. ^ Early Medical Consequences of Radiation Incidents in the Former URRS Territory Праверана 2015-02-06 г.
  10. ^ Constantin G. Rudy. Assessing Radiation Contamination Risks in Ukraine (анг.) // Assessing the Risks of Nuclear and Chemical Contamination in the former Soviet Union / Elizabeth J. Kirk. — Dordrecht: Springer Netherlands, 1996. — P. 33-48. — ISBN 978-94-009-1645-6. — doi:10.1007/978-94-009-1645-6_6.
  11. ^ Ilyin L. A., Soloviev V. Yu., Baranov A. E., Guskova A. K., Nadezhina N. M., Gusev I. A. Early Medical Consequences of Radiation Incidents in the Former URRS Territory (анг.) // 11th International Congress of IRPA. — 2002.
  12. ^ Стенограма пленарного засідання 19 грудня 1995 (рас.). Вярхоўная Рада Ўкраіны (1995-12-19). Праверана 2019-06-19 г.
  13. ^ а б Ковина Наталья. Чернобыль в стене панельного дома // Восточный проект, 28.04.2003.  (рас.)
  14. ^ Стенограма пленарного засідання: Засідання шестидесяте, сесійний зал Верховної Ради України, 19 грудня 1995 року, 16.00 година — Верховна Рада України. (укр.)