Саха

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Саха ў летувіскім музэі

Саха́ — сельскагаспадарчая ворная прылада. Традыцыйна выкарыстоўвалася для апрацоўкі глебы ва Усходняй Эўропе, на Урале, у Сыбіры.

Жалезныя сашнікі драўлянай сахі. Віцебская вобласьць

На Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На тэрыторыі Беларусі саха вядома з канца 1-га тысячагодзьдзя. Найбольш распаўсюджаны 3 канструкцыі:[1]

  • палеская саха (літоўская, падляская) — бытавала ў паўднёва-заходняй Беларусі. Левы сашнік у ёй ставілі пад тупым вуглом у адносінах да правага. Сашнікі ў ёй былі злучаны такім чынам, каб пласт зямлі адкідваўся ўправа, як пры ворыве плугам.
  • віцебская саха (руская, перакладка) — зь перакладной паліцай — была распаўсюджана ў паўночна-ўсходняй Беларусі. У ёй сашнікі былі пастаўлены паралельна адзін аднаму і на адным узроўні. Для адвалу зямлі каля сашнікоў мацавалі лапатку, яе можна было перакладваць з аднаго сашніка на другі, каб адхінаць ворыўны пласт налева ці направа, што значна павышала манэўранасьць такой сахі на вузкіх доўгіх загонах і ва ўмовах цераспалосіцы. Гэта лапатка (драўляная ці мэталічная) называлася паліцай, перакладной паліцай ці перакладкай.
  • падняпроўская (магілёўская, беларуская) — саха мела некаторыя асаблівасьці. Тут паліцу ў час ворыва не перакладвалі. Яна была надзейна замацавана каля левага сашніка, што давала магчымасьць больш грунтоўнай апрацоўкі поля.

Асноўны недахоп сахі быў у тым, што ёй немагчыма было ажыцьцяўляць глыбокае ворыва, яна не пераварочвала пласт зямлі, што перашкаджала лепшаму выкарыстаньню глебы, барацьбе з пустазельлем. З разьвіцьцём кустарнай і фабрычнай прамысловасьці ў пасьлярэформенны пэрыяд саху пачаў замяняць плуг.

У літаратуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Саха часта згадваецца ў беларускай літаратуры. Найбольш вядомы верш Янкі Купалы "Я мужык беларус, пан сахі і касы..." ці араты (Цягнецца араты, За сахой крывой, Конік сьлепаваты, Трасе галавой.).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Цітоў В. С. Саха. // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 202. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5 (Т. 14)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Цітоў В. С. Саха. // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 202. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5 (Т. 14)