Сэкта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Сэ́кта (ад лацінскага sectare — адсякаць):

  1. у клясычным сэнсе — рэлігійная суполка ці арганізацыя, якая аддзялілася ад буйнейшай, больш сталай ды ўплывовай канфэсыі з прычыны непагадненьня з ідэялогіяй гэтай канфэсыі ці канфлікту зь яе лідарамі;
  2. прыблізна з XIX стагодзьдзя сэктамі пачынаюць называць таксама невялікія новыя рэлігійныя суполкі, утвораныя па-за межамі існуючых буйных канфэсыяў.

Сэкты ў гісторыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сэкты вылучаліся ў гісторыі бадай што са ўсіх дастаткова ўплывовых рэлігіяў. I стагодзьдзе да нараджэньня Хрыстова – II стагодзьдзе па нараджэньні Хрыстовым — час росквіту сэктаў гнастычнае накіраванасьці ў межах паганства. У юдаізме таго ж часу вядомая сэкта назарэяў; на палажэньні сэкты апынулася толькі што створаная хрысьціянская Царква. У XI стагодзьдзі надзвычай моцны ўплыў на поўдні Эўропы мела сэкта катараў, у той жа час у Багдадзкім халіфаце была моцнай сэкта гашышынаў (асасінаў). У Расейскай Імпэрыі існавалі сэкты малакан, духабораў, хлыстоў.

Таталітарныя сэкты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрмін таталіта́рная сэ́кта (таксама ўжываецца тэрмін нэаку́льт) узьнік у другой палове XX стагодзьдзя ў дачыненьні да асаблівага тыпу рэлігійных арганізацыяў, колькасьць якіх няўхільна ўзрастае з канца другой сусьветнай вайны. Таталітарным сэктам уласьцівы жорсткі ўціск і кантроль ва ўсіх сфэрах жыцьця адэптаў з боку лідараў сэкты, прымушэньне адэптаў да поўнага падпарадкаваньня. Таталітарныя сэкты часьцей за ўсё ствараюцца дзеля атрыманьня багацьця ды ўлады, рэлігійны складнік у іх зьяўляецца другасным — кіраўнікі сэкты могуць зьмяняць яе веравучэньне па ўласным жаданьні, могуць нават самі не прымаць гэтага веравучэньня. У таталітарных сэктах, як правіла, мае месца так званы «эзатэрычны разрыў»: новым вернікам недаступная поўная інфармацыя пра ідэялогію й дзейнасьць сэкты, некаторымі зьвесткамі валодае толькі кіруючае кола сэкты. Карыстаючыся агрэсыўнымі спосабамі ўзьдзеяньня на псыхіку, лідары таталітарных сэктаў фарміруюць у адэптаў варожы настрой да людзей па-за сэктай, гатоўнасьць выконваць любыя загады лідара. Ад вернікаў амаль заўжды патрабуюць ахвяраваць сэкце ўсю сваю маёмасьць (адразу ці паступова) ды быць гатовымі аддаць здароўе ці жыцьцё дзеля дабрабыту сэкты й яе кіраўнікоў. Людзям, якія ўцяклі з таталітарных сэктаў, патрэбная шматгадовая рэабілітацыя ды псыхалагічная дапамога. Сярод сэктантаў назіраецца вялікая колькасьць самагубстваў.

У лістападзе 1978 году вялікі рэзананс выклікала масавае самагубства сэкты «Народны храм» у Гаяне, у 1993 годзе — сэкты «Галіна Давіда», пазьней — сэктаў «Храм Сонца» ды «Нябесныя вароты». У сакавіку 1995 году сэкта «Аум Сінрыкё» зьдзейсьніла тэрарыстычны акт у мэтро гораду Токіё з ужыцьцем хімічнае зброі, планаваўся яшчэ шэраг тэрактаў, якія былі папярэджаныя японскімі ўладамі. 17 сакавіка 2000 году па загаду лідаркі сэкты «Рух за адраджэньне дзесяці запаведзяў Бога» (Уганда) былі забітыя больш за 500 сэктантаў. Сёньня ў шматлікіх цывілізаваных краінах таталітарныя сэкты забараняюцца ды перасьледуюцца законам. Найбольш вядомыя ва ўсім сьвеце таталітарныя сэкты: мармоны (гістарычна першая суполка гэтага тыпу, сёньня найбольш сацыялізаваная зь іх), «Царква саенталогіі», «Рух аб'яднаньня» С. Муна, «Міжнародае таварыства сьвядомасьці Крышны», «Трансцэндэнтальная мэдытацыя» Махарышы, «Царква Хрыста»...