Украінскае грамадзка-культурнае аб’яднаньне Берасьцейшчыны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Украінскае грамадзка-культурнае аб’яднаньне Берасьцейшчыны (УГКО БО) — грамадзкая і культурна-асьветніцкая арганізацыя ўкраінцаў Берасьцейшчыны. Існавала з 1990 па 1999 год.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Створаны 18 лютага 1990 году ў горадзе Берасьці. Нязьменны кіраўнік арганізацыі Мікалай Казлоўскі. У склад Рады арганізацыі ў розныя часы ўваходзілі такія вядомыя грамадзкія дзяячы і краязнаўцы, як Вячаслаў Панкавец, Георгі Мусевіч, Мікола Ячнік, Пятро Тарасюк, Аляксей Германовіч, Арсень Цецярук, Міхаіл Петруковіч і іншыя. У 1995 г. частка сяброў таварыства заснавала «Прасвіту Берасцейшчыны ім. Т. Шаўчэнкі».

Орган — газэта «Голас Берасьцейшчыны». Таварыства было арганізатарам сустрэчаў з насельніцтвам з дапамогай інфармацыйных стэндаў, ініцыятарам канцэртаў украінскіх гуртоў, выдавала матэрыялы пра гісторыю і культуру краю. Дзякуючы намаганьням членаў арганізацыі, а таксама прафэсарска-выкладчыцкага складу Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту на філялягічным факультэце была адкрыта спэцыяльнасьць «Украінская мова і літаратура» .

Падчас перарэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў у 1999 годзе Рэспубліканская камісія па перарэгістрацыі грамадзкіх абьяднаньняў адмовіла таварыству ў перарэгістрацыі (рашэньне № 29 ад 24 верасьня 1999 г.). Афіцыйнае спыненьне дзейнасьці зьвязанае з рашэньнем упраўленьня юстыцыі Берасьцейскага аблвыканкаму No 2456 ад 12 лістапада 1999 г.

Мэты і задачы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэты і задачы згодна са Статутам:

  1. Актыўна падтрымліваць далейшую дэмакратызацыю грамадзтва.
  2. Імкнуцца да гарманізацыі міжнацыянальных адносінаў на аснове паважлівых, добразычлівых адносін да інтарэсаў людзей розных нацыянальнасьцяў, якія сумесна пражываюць на Берасьцейшчыне.
  3. Садзейнічаць захаваньню і ўмацаваньню дружбы і добрых адносін паміж беларускім і ўкраінскім народамі.
  4. Усяляк садзейнічаць этнакультурнаму адраджэньню Берасьцейшчыны.
  5. Садзейнічаць захаваньню і далейшаму развіцьцю ўкраінскай мовы, украінскай культуры, народных традыцыяў, а таксама распаўсюджваньню і паглыбленьню ведаў аб сваім паходжаньні і гісторыі сярод насельніцтва краю.
  6. Прасіць улады ўсіх узроўняў улічваць украінскую этнічную прыналежнасьць карэннага насельніцтва дадзенага рэгіёна пры рэалізацыі на тэрыторыі Берасьцейскае вобласьці законаў Рэспублікі Беларусь аб нацыянальных меншасьцях, мовах, культуры, народнай адукацыі і інш.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Козловський М., Українське відродження на Берестейщині у 80-90-х роках XX століття — Слов’янськ, 2006 — 43 с.